У Стоўбцах здадзены ў эксплуатацыю 70-кватэрны жылы дом, у якім 40 кватэр пабудаваны з дзяржаўнай падтрымкай для шматдзетных сем’яў раёна. З некаторымі са шматдзетных матуляў мы пагутарылі падчас урачыстай здачы дома ў эксплуатацыю і даведаліся пра іх спадзяванні, планы.
Марына і Аляксандр Белыя:
– Вельмі рады, што нарэшце займелі ўласнае жыллё – трохпакаёвую кватэру. На чарзе стаялі доўга, з 2006 года, калі нарадзілася наша старэйшая дачка Валерыя. У 2012 годзе з’явіўся сын Арцём. А калі нарадзілася дачушка Софія і мы сталі шматдзетнай сям’ёй, пытанне пачало вырашацца вельмі хутка.
Кватэра прасторная, светлая, у ёй усім хопіць месца. Цяпер будзем займацца рамонтам. Работы шмат, але ўсе клопаты – прыемныя.
На ўрачыстасць прыйшлі разам з дачкой Софіяй і матуляй, Тамарай Мікалаеўнай Семяняка. Увесь гэты час наша сям’я жыве ў яе доме ў мікрараёне Акінчыцы.
Вольга Печанько:
– Мы вельмі задаволены тым, што палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. Наш дом атрымаўся прыгожым. Яго архітэктура, размяшчэнне – усё цудоўна. Цяпер жывём у двухпакаёвай кватэры на вуліцы Цэнтральнай, і вось пабудавалі яшчэ аднапакаёвую. У нас трое рознаўзроставых дзяцей. Дочкі Дар’я і Маргарыта (ім 16 і 8 гадоў), а Аляксандру, нашаму доўгачаканаму сыну, – два гады. Старэйшыя дапамагаюць з ім няньчыцца. Дзеці ўвогуле радуюць нас. Здаецца, усё добра – і няхай так будзе і ў іншых сем’ях.
Кацярына Паплаўская:
– На шчасце, паляпшаем свае жыллёвыя ўмовы. У нас з мужам трое дзяцей: сын Максім, які ходзіць у школу, а таксама дзве дочкі. Марыі – пяць гадоў, Анастасіі – сем месяцаў. З нараджэннем трэцяга дзіцяці пабудавалі двухпакаёвую кватэру. Радуе, што пакоі ў ёй вялікія. Для гаспадыні важна, што кухня прасторная.
На цяперашні час усе пяцёра жывем у «аднапакаёўцы» ў доме ЖБК «Жамчужына», які калісьці я атрымала як работнік бальніцы. Абодва дамы знаходзяцца побач, і нават можна з нашага пад’езда бачыць той пад’езд, у якім атрымалі новую кватэру.
Ключы нам ужо ўручылі, таму пазнаёміліся з планіроўкай кватэры. Паціху будзем праводзіць унутраную аддзелку.
Ала Жыгалковіч:
– Мы пяць гадоў стаялі на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Чакалі гэтага дня і цяпер вось атрымалі трохпакаёвую кватэру. Вельмі задаволены. Кватэра немалая, сучасная. Галоўнае – яна спадабалася дзецям (іх у нас трое), яны ўжо хочуць ісці туды жыць…
Пакуль не будзем спяшацца, таму што хочам зрабіць нармальны рамонт. Некалі ў 2007 годзе ў нас такой магчымасці не было, перасяляліся ў двухпакаёвую кватэру на вуліцу Цэнтральную як мага хутчэй, фактычна з «времянки»… Таму жывем у атмасферы пастаяннага рамонту. Добра, што бацькі дапамагаюць.
Да новай кватэры зусім блізка, усяго пяць хвілін хадзьбы. Мару, каб дзеці раслі здаровымі, ва ўсіх сем’ях былі мір і шчасце.
Ірына Кажамяка і Галіна Шэраш
Жанчыны расказалі, што прыйшлі на гэта свята разам, таму што будуць у новым доме суседзямі па пад’ездзе. Пазнаёміліся раней, падчас знаходжання ў бальніцы. У сям’і Ірыны, якая жыве ў Новым Свержані ў доме сваякоў, – трое дзяцей. У сям’і Галіны – чацвёра дзяцей, і самаму маленькаму, які спіць у калясцы, – год. Сям’я Шэраш жыве на здымнай кватэры, таму выказала асаблівую ўдзячнасць за такую ўвагу да шматдзетных сем’яў з боку дзяржавы.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара