Зваротная сувязь

На сувязі - рэдакцыя Нумары

image_pdfimage_print

ГІСТОРЫЯ ФОТАЗДЫМКА: ЯШЧЭ РАЗ ПРА ІГАРА ЗАПОЛЬСКАГА

у рэдакцыю трапіла паўвекавая фатаграфія – здымак канца 60-х гадоў мінулага стагоддзя. На ім –  тагачасны дырэктар стаўбцоўскага лясгаса Аляксандр Мельнічук, жонкі леснікоў – Марыя Шайбак і Ганна Грыгарцэвіч, ляснік Леанід Шайбак, а побач з ім – Ігар Запольскі, ляснічы Налібацкага лясніцтва. Пра трагічны лёс яго сям’і мы расказалі нядаўна на старонках нашай газеты. Матэрыял называўся «Расправа на хутары» (нумар за 22 чэрвеня 2014 года). Адзінаццаць яго блізкіх – бацькі разам з братамі і сёстрамі – загінулі на сваім хутары раніцай 6 верасня 1942 года ад рук ці то паліцаяў, ці то немцаў. Ігар, які быў у той час падлеткам-пастушком, у тую раніцу пагнаў у поле кароў. Вярнуўся на папялішча, адзінокі і асірацелы… Пайшоў у партызаны, граміў ворага на фронце…

Пасля выхаду ў свет матэрыяла ў рэдакцыю пазваніў Мар’ян Карніцкі. Ён быў асабіста знаёмы з ляснічым Ігарам Запольскім. Пра яго выказаўся сцісла, адным сказам: «Гэта чалавек складанага лёсу…», маючы на ўвазе, што тая страшэнная псіхалагічная і маральная траўма, якую перажыў Ігар Антонавіч у юнацкім узросце, не магла не адбіцца на яго далейшым жыцці. Дарэчы, у сувязі з публікацыяй пра расправу над сям’ёй Запольскіх Мар’ян Іосіфавіч «падкінуў» яшчэ адно прозвішча і цікавую ваенную тэму, таксама з тых жа, кроманскіх, мясцін. У свой час ён працаваў вызваленым сакратаром парткама саўгаса «Івянецкі» і звяртаўся да ляснічага Налібацкага лясніцтва Ігара Запольскага па дапамогу – па вельмі хвалюючай справе. Трэба было адшукаць месца пахавання  ў ваколіцах возера Кромань радысткі  Надзеі Цыганенка, якая ў 44-м была цяжка паранена ў баях за Шчорсы (Навагрудскі раён).     

Дагаворым пра Ігара Запольскага. Са здымка відаць, якім ён быў чалавекам. Усмешлівы шырокі твар. Адкрыты погляд. Падцягнутасць паставы. Але ў вачах –  нібыта лёгкі цень смутку, пячатка перажытага. Нішто не праходзіць бясследна… А наконт таго, дзе і пры якіх абставінах зроблены здымак, разважае яго ўладальнік Іосіф Грыгарцэвіч, ураджэнец хутара Кромань: «Дырэктар лясгаса Мельнічук быў сябрам нашай сям’і, а ляснічы Ігар Запольскі ў нас бываў часта, бо бацька мой працаваў  лесніком. Ігар Антонавіч любіў возера Кромань, з задавальненнем лавіў у ім рыбу. Ахоўваў возера ад браканьераў. Відавочна, што здымак быў зроблены ў выхадны дзень. Яны, лесаводы, сфатаграфаваліся на беразе Кромані побач з ліпкай Пілсудскага. Ліпка гэтая ўжо даўно стала высозным дрэвам, а ўсё роўна –  ліпка, ды яшчэ Пілсудскага. Ходзіць пра яе такая легенда (мне расказаў бацька): калісьці, у 20-х гадах мінулага стагоддзя, ехаў па гэтых мясцінах сам Юзаф Пілсудскі, першы кіраўнік Польшчы. Ён  застрэліў лася і – на памяць аб удалым паляванні – пасадзіў на беразе Кромані маладзенькую ліпку. Цяпер пад ёю стаіць альтанка. Яны запрашаюць да сябе ўсіх адпачываючых».     

У 2009 годзе, акурат да 70-годдзя Стаўбцоўскага доследнага лясгаса, выйшла кніга «Край лясны – Стаўбцоўшчына». У ёй сабрана шмат якіх матэрыялаў, фотаздымкаў з гісторыі лясной гаспадаркі нашага краю. Ёсць сярод іх і  здымак  з Ігарам Запольскім.  

 Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

АГЛЯД ПОШТЫ: ГАЛОЎНАЕ, ШТО ШЧЫРА

Не скажам, што ліпеньская рэдакцыйная пошта была надта багатай. Лета – час водпускаў, а ў дзяцей – вясёлыя дні канікулаў. Не кожнаму хочацца брацца за ручку і паперу. Усё ж вучні Дзераўнянскай сярэдняй школы для пацвярджэння свайго статута членаў аб’яднання па інтарэсах «Юны карэспандэнт» па-ранейшаму  інфармуюць аб сваім жыцці цікавымі допісамі.

Так Ілона Бандаровіч расказвае шчыра: «Ах, якое гэта шчасце – летнія канікулы! Не трэба рана ўставаць і спяшацца ў школу. Можна поўнасцю расслабіцца і адчуць сябе вольнай ад усіх школьных праблем.  Але – стоп! Калі часу зашмат, яго трэба запоўніць. І далей Ілона сцвярджае, што музыка і кнігі – лепшыя сябры. «Люблю чытаць і перачытваць творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, асабліва Коласавы «Казкі жыцця». А таксама казкі дацкага пісьменніка Андэрсена, які гаворыць пра тое, што жыццё – цудоўная мелодыя».

Наталля Далідовіч услаўляе сваю школу, якая дала пуцёўку ў жыццё многім знакамітым людзям. Аўтар ліста называе тут Франца Шумчыка – беларускага мовазнаўцу, Святлану Дзямянка – старшага выкладчыка кафедры агульнай матэматыкі і інфарматыкі БДУ, Аляксандра Васкабоева – доктара біялагічных навук, аўтара больш за 100 навуковых прац. Антоні Дзямянка, Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Генеральны сакратар канферэнцыі біскупаў на Беларусі таксама з’яўляецца выпускніком Дзераўнянскай школы. І гэта далёка не ўсе прозвішчы сёння знакамітых былых навучэнцаў школы. «І ў будучым, мы спадзяёмся, – заяўляе Наталля, – з гэтых вось дзяцей вырастуць вучоныя, артысты, інжынеры, педагогі і можа нават касманаўты».

Свае пачуцці прызнання Бацькаўшчыне, захаплення яе краявідамі выказваюць нашы аўтары і вершаванымі радкамі. Лірычныя матывы гучаць у радках Людмілы Касцюкевіч, Антона Фядотава, Аксаны Мар’юшыч. Алена Маскевіч разам з вершамі перадала і даволі вялікае па аб’ёме апавяданне «Жахлівы цень вайны». А Ганна Яўсейчык спрабуе па-філасофску асэнсаваць убачанае ў свае юныя гады ў жыцці.

Мы дзякуем нашым аўтарам і заклікаем да далейшага супрацоўніцтва з газетай.

Ф. ФЯДОТАЎ

 

ЁСЦЬ ПРАБЛЕМА: НАДАКУЧЛІВЫ АЎТААДКАЗЧЫК

Мала хто хацеў бы мець уласны дом паблізу чыгункі, таму што трэба быць гатовым да таго, што кожны дзень будзеш адчуваць маленькае землятрасенне са звонам посуду ў пакоі. І выратоўвае жыхароў калячыгуначных дамоў і кватэр вялікая сіла звычкі – яны з цягам часу перастаюць заўважаць гэтыя нязручнасці.

Адна справа, калі абставіны змяніць нельга – не адменіш жа кругласутачнага рэжыму руху цягнікоў. Аднак ёсць такія моманты, якія ў многім залежаць ад арганізацыі работы, працоўнай дысцыпліны, павагі да іншага, жадання і ўмення пачуць чалавека і ўважыць яго просьбу.

Жыхары калячыгуначных дамоў сталі ахвярамі такой сітуацыі. Абвестка аб прыбыцці паяздоў разносіцца не толькі па вакзале, але і за некалькі кіламетраў, таму што ў гэты час застаюцца ўключанымі ўзмацняльнікі гуку на апорах па ўсёй чыгунцы. Такая сувязь праз гучнагаварыцелі патрэбна ў час рамонтных работ для сувязі пуцевікоў з дзяжурным па вакзале. У гэтым выпадку апавяшчальнікі на апорах служаць добрую службу, і зусім наадварот атрымліваецца, калі агучваецца па ўсім наваколлі інфармацыя для пасажыраў аб прыбыцці цягнікоў. Бываюць і такія казусы. Аўтаадказчык «заядае» і на працягу гадзіны, а то і больш,  апавяшчае, як завадны, адно і тое ж. І жыхарам вуліц, размешчаных бліз вакзала, і іншых бліжэйшых населеных пунктаў трэба ўсё гэта слухаць і цярпець.

Не адзін раз паступалі скаргі на такую практыку работы станцыі Стоўбцы. Гэтую праблему паспрабаваў данесці да кіраўніцтва чыгункі, звярнуўшыся ў райвыканкам, жыхар вуліцы 17 Верасня Мікалай Пархімовіч. Зварот стаўбчаніна райвыканкам не пакінуў без увагі. Аднак кіраўніцтва  чыгункі не ўбачыла ў такой практыцы ніякіх парушэнняў. Хоць Мікалай Віктаравіч звярнуў увагу на нарматыўны дакумент Беларускай чыгункі «Аб зацвярджэнні адзінага рэгламенту інфармацыйнага забеспячэння пасажыраў на чыгуначных вакзалах, станцыях, прыпыначных пунктах». Прыводзіліся і такія аргументы, што ў іншых жа гарадах знайшлі магчымасць прывесці інфармацыйнае забеспячэнне мясцовых вакзалаў у разумныя рамкі.

У Стоўбцах гэтае пытанне застаецца адкрытым. Праз газету просім кіраўніцтва станцыі Стоўбцы пачуць праблему стаўбчан і бліжэйшых ад райцэнтра населеных пунктаў – прывесці ў парадак інфармацыйныя абвесткі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

ПАСЛЯ ЗВАРОТУ: ПРАЕЗД ПА ВУЛІЦЫ ГАЙДУКА

На адрас раённага выканаўчага камітэта, на прамую лінію да начальніка райаддзела міліцыі паступілі скаргі жыхароў горада Стоўбцы адносна арганізацыі дарожнага руху па вуліцы Гайдука, у прыватнасці, абмежавання транзітнага праезду транспартных сродкаў, і пажаданні перагледзець дарожны рух на згаданай вуліцы з вяртаннем скразнога праезду.

Пытанне ўнясення змяненняў у арганізацыю дарожнага руху па вуліцы Гайдука было разгледжана на пасяджэнні раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху.

Рашэннем камісіі аддзелу ДАІ райаддзела міліцыі было даручана правесці апытанне грамадскай думкі па ўзнікшай праблеме сярод жыхароў вуліцы і завулка Гайдука, якія пражываюць непасрэдна ў «забароненай зоне». Усе апытаныя аднагалосна падтрымалі пытанне арганізацыі дарожнага руху ў такім выглядзе, у якім ён арганізаваны на даны момант. Змены арганізацыі дарожнага руху па вуліцы Гайдука, на іх думку, створаць нязручнасці для жыхароў завулка Гайдука (аўтааматараў) пры выездзе з завулка на вуліцу Гайдука, а таксама выклічуць дадатковую загазаванасць і шум для жыхароў дамоў №№ 14 і 14-а па вуліцы Гайдука.

Аб’екты масавага наведвання па вуліцы Гайдука адсутнічаюць, а для наведвання райаддзела міліцыі або гарадскіх могілак абсталявана на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і Гайдука аўтамабільная стаянка ўмяшчальнасцю 40-60 машынамесцаў. Аб’езд абмежаванага ўчастка вуліцы арганізаваны па вуліцах Мічурына і Калгаснай, а таксама Сацыялістычнай і Ленінскай.

У дзяржаўнага прадпрыемства «УКБ Стаўбцоўскага раёна» Мінаблвыканкама  ёсць праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт і рэканструкцыю вуліцы Гайдука, на падставе якой і была ажыццёўлена даная схема арганізацыі дарожнага руху. Праект прайшоў узгадненне і экспертызу (экспертнае заключэнне ад 30.04.2012, выдадзенае ДРУП «Дзяржбудэкспертыза» па Мінскай вобласці).

ДАІ таксама тлумачыць, што, згодна з ч. 2 п. 19 дадатку 2 да Правілаў дарожнага руху дзеянне дарожнага знака 3.2 «Рух забаронены» не распаўсюджваецца: «…на транспартныя сродкі грамадзян, якія пражываюць або працуюць у гэтай зоне, пры адсутнасці іншых магчымасцяў іх праезду. Такія транспартныя сродкі павінны ўязджаць у абазначаную зону і выязджаць з яе на бліжэйшым да месца прызначэння скрыжаванні».

Такім чынам, падстаў для змянення арганізацыі дарожнага руху на ўчастку вуліцы Гайдука не выяўлена.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *