Вярнуўся з Украіны на Радзіму

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Брыгадзір МТФ «Гнецькі» ААТ «Рубяжэвічы» Алег Дзеркачоў узнагароджаны падзякай Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Менавіта за ўмелае кіраўніцтва, плённую працу і высокія паказчыкі ў рабоце калектыву, які ён узначальвае, Алега Аляксандравіча неаднаразова заахвочвала і кіраўніцтва гаспадаркі.

Алег і Вольга Дзеркачовы

Прапанавалі працу ў жывёлагадоўлі

Сям’я Дзеркачовых прыехала на Стаўбцоўшчыну пяць гадоў назад. З Данецка. Патрэбны былі работа і жыллё. Рэальна працаўладкавацца на такіх умовах можна было толькі ў сельскай гаспадарцы.

– Нам параілі звярнуцца да кіраўніка ААТ «Рубяжэвічы», – расказвае Алег Аляксандравіч. – Дырэктар уважліва выслухаў і прапанаваў працу ў жывёлагадоўлі. Работа незнаёмая, нялёгкая, але выбіраць не прыходзілася. І мы згадзіліся. Нам выдзелілі дом з выгодамі ў Новых Рубяжэвічах.

Алег Дзеркачоў прыняў малочнатаварную ферму «Гнецькі». Спачатку прыходзілася даволі нялёгка. Калектыў хоць і невялікі, але ў кожнага свой характар, сваё меркаванне і свае патрабаванні. Трэба было, так бы мовіць, «прыцірацца». Маючы вопыт работы з людзьмі, Алег Аляксандравіч хутка наладзіў добрыя адносіны з падначаленымі.

– Паступова ўваходзіў у курс спраў, – гаворыць Алег Дзеркачоў. – У жывёлагадоўчай галіне (як неўзабаве зразумеў, самай нялёгкай у сельскай гаспадарцы)  прысутнічае свая спецыфіка работы. Ёсць нямала і розных нюансаў, бо справу маеш з жывой істотай. Кірую працэсам, афармляю справаздачы. Працягваю самаўдасканальвацца. Чытаю спецыяльную літаратуру, пастаянна адсочваю інфармацыю ў інтэрнэце. Навучыцца можна ўсяму, было б жаданне.

Алег Аляксандравіч падтрымлівае ў калектыве дысцыпліну. Таму і паказчыкі па надоях малака і прывагах жывёлы неблагія. Па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ферма лідзіруе ў гаспадарцы і першынства не саступае.

У жывёлагадоўчых памяшканнях утрымліваецца 600 галоў буйной рагатай жывёлы. Малако перапрацоўшчыкам паступае пераважна найвышэйшым гатункам. Па словах брыгадзіра, нямала прыйшлося над гэтым пытаннем папрацаваць – пераканаць людзей у тым, што зарплата залежыць не толькі ад колькасці малака, але і ад яго якасці.

– Ферма наша не новая і патрабуе мадэрнізацыі, – дадае Алег Аляксандравіч. – Упэўнены, што ў найбліжэйшы час так яно і будзе. Дырэктар таварыства малады, энергічны, працуе на перспектыву. А пакуль што праводзяцца рамонты. Летась пераварылі стойлы ў памяшканні, дзе ўтрымліваецца дойны статак. Ніколі няма праблем з кармамі. Вось і сёлета на зімоўку жывёле нарыхтавана ў дастатковай колькасці сена, сенажу і сіласу. Завозяць вітамінна-мінеральныя дабаўкі.

Брыгадзір сочыць за парадкам на ферме. З вясны да восені яе тэрыторыю ўпрыгожваюць кветкі, зроблены і малыя архітэктурныя формы.

Жонка Алега Аляксандравіча таксама шчыруе на ферме. Пачынала аператарам машыннага даення, была памочніцай брыгадзіра, а цяпер Вольга Юр’еўна рупіцца цялятніцай. Прыбаўленні ў вазе маленькіх гадаванцаў у яе групе самыя высокія ў гаспадарцы. І захаванасць цялят стапрацэнтная. Варта сказаць, што жанчына  працавала ў Данецку выхавацелем у дзіцячым садку. Змяніла прафесію, але таксама мае справу з малышамі. І выконвае свае абавязкі сумленна.

Прынялі безальтэрнатыўнае рашэнне

– Калі на Данбасе пачалася вайна, адзіным маім жаданнем было хутчэй вывезці дзяцей у бяспечнае месца, – расказвае Алег Аляксандравіч. – Рашэнне прынялі безальтэрнатыўнае – едзем у Беларусь. На Стаўбцоўшчыне мае карані – прадзядуля адсюль родам. У дваццатыя гады мінулага стагоддзя перабраўся жыць на Данбас. Але мне наканавана было вярнуцца.

Алег Аляксандравіч расказвае, што жаданне пераехаць узнікала і раней. Не раз абмяркоўвалі з жонкай гэтае пытанне, але не адважваліся пакідаць абжытае месца. А праз некалькі гадоў усё павярнулася зусім нечаканым бокам.

– У Данецку ў нас застаўся вялікі дом з выгодамі, – працягвае размову Алег Дзеркачоў. – Зразумела, шкада, бо сам даводзіў яго да ладу. Зрабіў прыбудову. Але вяртацца назад не хочацца ні нам, ні дзецям, бо яны ўжо ведаюць, што такое вайна. Вельмі многае прыйшлося перажыць і пераасэнсаваць.

Рухаліся пад абстрэламі, але здаровымі дабраліся да Мінска, дзе жыве мая бабуля. Засяліліся ў яе аднапакаёвую кватэру. Родныя як маглі дапамагалі нам. Калі б не яны, то прыйшлося б нялёгка, бо мы прыехалі толькі з чамаданамі. А як толькі атрымалі дом, то прывезлі нам мэблю, посуд і іншыя рэчы.

Цяпер мы абжыліся, купілі практычна ўсё новае, набылі бытавую тэхніку. Усё ў нас добра. Новыя Рубяжэвічы і аграгарадок Рубяжэвічы камфортныя для пражывання. Мясціны прыгожыя. Ёсць школа, дзіцячы садок, магазіны, аптэка. Таксама карыстаемся «е-дастаўкай». Сёлета здзейснілася мара нашай дачкі: яна паступіла вучыцца на факультэт пачатковай адукацыі ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Будзе настаўніцай. Сын вучыцца ў сёмым класе.

Аднак для моладзі, як лічыць Алег Аляксандравіч, не хапае спартыўнай секцыі. Юнакам і дзяўчатам патрэбны выкід адрэналіну. І ў гэтым маглі б дапамагчы заняткі на ўроках фізкультуры рознымі адзінаборствамі, якія можна ўключыць у школьную праграму.

– Мае дзеці наведвалі ў Данецку секцыю дзюдо, – гаворыць  Алег Аляксандравіч. – І сын, і дачка.  Я сам прыхільнік гэтага віду спорту. І ўвогуле здаровага ладу жыцця. У вольны час гуляем з дзецьмі ў шахматы, што дае магчымасць развіваць мысленне.

Алег Дзеркачоў прыехаў жыць і працаваць на радзіму сваіх продкаў. Задаволены, што мае работу, жыллё, а дзеці – магчымасць вучыцца. І выступае за мір і спакой, за стабільнасць, за моцную і квітнеючую Беларусь.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *