Ганаровы лесавод

Главное Моя Столбцовщина

image_pdfimage_print

Жыццё, прысвечанае малой радзіме

З лясной гаспадаркай у сям’і Уладзіміра Чэмкі звязаны чацвёра. Акрамя яго, ганаровага лесавода рэспублікі і ляснічага Апечкаўскага лясніцтва, шчыруюць у Стаўбцоўскім лясгасе жонка і маладое пакаленне – сын з нявесткай. 

Калі нехта думае, што гэта проста – стварыць такую багатую дынастыю лесаводаў, – няхай паспрабуе сам. Для гэтага спатрэбіцца пражыць жыццё лесавода… А да Уладзіміра Вацлававіча можна звярнуцца па вопыт. Ён чалавек нешматслоўны, немітуслівы. Паназіраўшы за ім, разумееш, што лепш за ўсё гавораць аб ім яго ўчынкі, падыход да справы і адносіны да людзей.

У сапраўдных лесаводаў не прынята бегаць за лёгкім кавалкам хлеба. Яны любяць лес і гатовы працаваць нават у выхадныя дні дзеля аховы і прымнажэння ляснога багацця. У апошнія гады і ўмовы працы істотна змяніліся. На дапамогу прыйшлі сучасныя лесанарыхтоўчыя машыны. На дзялянкі дастаўляе зручны і мабільны службовы транспарт.

Будынак Апечкаўскага лясніцтва, як і большасці лясніцтваў на Стаўбцоўшчыне, сёння не пазнаць (сучасныя планіроўку і рамонт дапаўняе ландшафтнае аздабленне тэрыторыі). Па добрай пераднавагодняй традыцыі ў ім хутка запахне ёлачкай.

У лесаводаў дастойны заробак. Нядзіва, што калектыў стабільны і вакансій у ім няма.

Два дыпломы, абодва – з адзнакай

Прыклад стабільнасці паказвае сам ляснічы Уладзімір Чэмка.

– Усё маё жыццё – у лясгасе, – кажа ён. – Як прыйшоў 1 верасня 1978 года, так і застаўся.

Тады хлопец з вёскі Лубень хацеў вучыцца ў будаўнічым тэхнікуме, але не паступіў пасля школы. Ляснічы Балевіцкага лясніцтва (цяпер – Хатаўскога) Аляксандр Уласавіч Ляцяга прапанаваў яму ісці працаваць лесніком. Ляснічы быў чалавекам вопытным, аўтарытэтным, ды і жонка яго працавала ў мясцовай школе намеснікам дырэктара, добра ведала сваіх вучняў.

Уладзімір параіўся з бацькам. Ён, гаспадарлівы селянін, падтрымаў: «Ідзі, лясніцтва дае зямельны надзел, сенакос». У тыя часы ўсе школьнікі ўмелі садзіць лес, аказвалі іншую дапамогу лясніцтву.

Праз месяц лясгас накіраваў Уладзіміра на вучобу ў Барысаўскае вучылішча. Праз год ён закончыў яго з адзнакай і вярнуўся ў сваё лясніцтва. Працаваў і  паступіў на завочнае аддзяленне ў Полацкі лясны тэхнікум. І гэтую ўстанову (пасля праходжання армейскай службы) юнак закончыў з адзнакай.

Лясгас накіраваў маладога і перспектыўнага спецыяліста ў адно з самых аддаленых лясніцтваў – Кляцішчанскае, дзе Уладзімір Чэмка працаваў памочнікам ляснічага на працягу пяці гадоў. Там ён вырас у прафесіянала, стварыў сям’ю, і ў 1989 годзе, калі вызвалілася пасада ляснічага ў Апечкаўскім лясніцтве, яму прапанавалі заняць гэтую вакансію.

Бацька і сын – след у след

Па першым часе сям’я ляснічага жыла ў службовай кватэры, а гэта фактычна ў адным будынку з канторай. Ізноў жа бацька падказаў Уладзіміру: «Будуй свой дом, сынок!»

У Апечках, недалёка ад лясніцтва, ён узяў зямельны ўчастак і стаў будавацца. «Дапамагалі брат і швагры, бацькі», – прыгадвае Уладзімір Вацлававіч. Сёння каля яго дома пасаджаны яблыні і грушы. Пабудаваў лазню па просьбе жонкі.

«У жыцці ўсё важна: вяселле, нараджэнне дзяцей, будаўніцтва дома… І кожны дзень трэба нешта зрабіць, бо гэты дзень ужо не вернеш», – перакананы ляснічы.

Яны з жонкай Сняжанай Феліксаўнай збіраюць сваё штодзённае багацце па кропельцы, таму, напэўна, і маюць плён.

Уладзімір Вацлававіч вельмі крэатыўна прадстаўляе сваю жонку. Кажа, у лясніцтве Сняжана Феліксаўна працуе «менеджарам па чысціні». У зімні перыяд яна апальшчык. Летам увіхаецца ў цяпліцах, дзе вырошчваюць дэкаратыўныя саджанцы з закрытай каранёвай сістэмай.

Муж і жонка Чэмкі выгадавалі траіх дзяцей. Старэйшы Максім – урач, працуе ў Стаўбцоўскай ЦРБ. Ірына жыве ў Дзяржынску. Яна работнік гандлю. Праўда, цяпер знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці.

Па слядах бацькі пайшоў малодшы сын Вадзім. Пасля заканчэння Беларускага  дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта яго, як і некалі бацьку, накіравалі памочнікам ляснічага акурат у Хатаўское лясніцтва. Паехала сюды за мужам і жонка Вадзіма – Алёна. Раней працавала ў лясгасе інжынерам, а апошнім часам была бухгалтарам лясніцтва. Цяпер яна ў водпуску па доглядзе дзіцяці, гадуе маленькую Вераніку.

У дружнай сям’і Чэмкаў ужо пяцёра ўнукаў, і гэта, напэўна, не мяжа. Усе любяць бываць у дзядулі і бабулі.

Калегі і памочнікі

У Апечкаўскім лясніцтве працуе два дзясяткі чалавек. Усе гэтыя людзі – тутэйшыя, для якіх малая радзіма шмат што значыць. Ім па сіле зрабіць яе больш зялёнай і добраўпарадкаванай. Вось яны і стараюцца.

Нагрузка на аднаго лесніка складае тысячу гектараў лясных угоддзяў. Да значных аб’ёмаў неабходна дабавіць і спецыфіку работы ў лесе, якая, нягледзячы на ўкараненне сродкаў механізацыі, застаецца напружанай і нялёгкай. Сярэдні ўзрост працаўнікоў – 45 гадоў. Пераважная большасць іх – людзі загартаваныя, такія як, да прыкладу, леснікі Аляксандр Новік, Сяргей Дзедзічка, Мікалай Борыс, трактарыст Іван Казлоўскі і інш. «Можна называць усіх па спісе», – перакананы ляснічы і ў якасці пацвярджэння згуртаванасці калектыву прыводзіць пажаранебяспечны перыяд, калі работнікі нясуць дзяжурства да позняга вечара, у выхадныя дні.

У лясніцтве задаволены тым, як працуюць маладыя леснікі Руслан Лубянько і Сяргей Кіслячук. Абодва пачыналі тут да арміі і вярнуліся сюды пасля службы.

«Вельмі важна, што ў мяне добрыя памочнікі», – падкрэслівае сакрэт дзелавога поспеху Уладзімір Чэмка, называючы памочніка ляснічага Дзмітрыя Шацілу і бухгалтара Ірыну Бычко.

Мясцовыя людзі ідуць у лясніцтва не толькі на працу. Сюды прыходзяць, каб аформіць дакументы на саманарыхтоўку драўніны, выпісаць дровы, набыць перад Новым годам ялінку ці вырашыць іншыя надзённыя пытанні.

Штодзённы клопат і хваляванні

Рабочы дзень у ганаровага лесавода рэспублікі пачынаецца з разнарадкі. Кожнай брыгадзе Уладзімір Вацлававіч дае вытворчае заданне.

Што можна сказаць пра сучасныя задачы, якія стаяць перад лесаводамі? Іх шырокае кола. Так, вядзецца нарыхтоўка драўніны. Ажыццяўляецца догляд культур і маладых насаджэнняў. Яшчэ з восені ў Апечкаўскім лясніцтве падрыхтаваны плошчы пад новыя пасадкі. Вясной пачнецца адказны пажаранебяспечны перыяд, калі неабходна ахоўваць лес ад узгаранняў. Для гэтага на тэрыторыі лясніцтва ўстаноўлена сістэма відэаназірання. Амаль штодзень у лесаводаў – адгрузка прадукцыі…

Кожнае лясніцтва мае свае асаблівасці, і Апечкаўскае ў гэтым плане не выключэнне. Яго ўгоддзі раскінуліся на плошчы больш чым 8000 гектараў ад Дзяржынскага да Карэліцкага раёнаў. Пераважаюць хваёвыя лясы. Ёсць селекцыйная плантацыя бярозы і асіны, саджанцы якіх вырашчаны метадам кланіравання. Багата грыбных і ягадных мясцін, якія ў сезон клічуць аматараў. Хвалюе тых, хто клапоціцца пра будучае нашых лясоў, усыханне ельнікаў у выніку пашкоджання іх караедам.

Душа не можа без лесу

«Не проста прывык да сваёй работы – яна прыносіць мне задавальненне. Без карты ведаю кожны квартал лесу», – кажа Уладзімір Чэмка.

З лесам цесна звязаны яго будныя дні, і ў выхадныя ён таксама выбірае  лес. Для душы.

Садзіцца на «ўазік» і калясіць па лясных дарогах. «Ніхто не перашкаджае, можна ацаніць, што зроблена і што трэба зрабіць на дзялянках», – прызнаецца апечкаўскі ляснічы. Нярэдка ў гэтыя паездкі ён запрашае і ўнукаў: «Хлопцы, паедзеце са мной у лес?..»

Бабуля хутка збірае ім ссабойку. Дзетвара любіць распаліць агонь на прыродзе. А яшчэ цікава, калі дзядуля пакажа месца, дзе пасуцца дзікія козачкі…

Галоўнае ў жыцці, як лічыць Уладзімір Чэмка, – не спыняцца. І калі ў цябе шэсць дзясяткаў за плячыма, значыць, наперадзе яшчэ шмат новага і цікавага, бо ёсць працяг тваёй справы.  Магчыма, ужо сёння нехта з унукаў Уладзіміра Вацлававіча прыкіпеў да прафесіі лесавода і ў будучым працягне гэтую сямейную традыцыю.

Таццяна ПЯТКЕВИЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *