Загадчыца Шашкоўскай амбулаторыі: «Працуем напружана, але спраўляемся»

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

Верагоднасць заразіцца COVID-19 ёсць у кожнага чалавека. Як арганізавана работа сельскай амбулаторыі падчас каранавіруснай інфекцыі, што трэба яшчэ ведаць пра гэтую хваробу, раскажа загадчыца Шашкоўскай амбулаторыі, урач агульнай практыкі Наталля Кутас.

Наталля Кутас: «Нашэнне маскі, прытрымліванне сацыяльнай дыстанцыі, частае мыццё рук з мылам павінны стаць для нас нормай»

– Прыём пацыентаў з тэмпературай праводзіцца з 08.00 да 11.00, здаровых пацыентаў – з 11.00 да 13.00, – адзначае Наталля Віктараўна. – Наша амбулаторыя працуе напружана: паступае вялікая колькасць выклікаў, выязджаем да пацыентаў, якія прызнаны кантактамі 1-га ўзроўню, кансультуем па тэлефоне і інш.

Калектыў амбулаторыі ва ўмовах распаўсюджвання інфекцыі працуе зладжана. У яго складзе сем чалавек: акрамя мяне аказваюць медыцынскую дапамогу памочнік урача па ўрачэбна-амбулаторнай дапамозе Валянціна Рослік, фельчар-лабарант Наталія Казлоўская, медыцынская сястра агульнай практыкі Наталля Сініцкая, медыцынская сястра кабінета фізіятэрапіі Ірына Калкоўская. Дапамагаюць нам санітарка Ванда Мілашэўская і вадзіцель Ян Рослік.

Памочнік урача па ўрачэбна-амбулаторнай дапамозе Валянціна Рослік вымярае колькасць кісароду ў крыві ў вадзіцеля Яна Росліка

Асноўная работа з пацыентамі праводзіцца амбулаторыяй, але калі праяўляецца моцная задышка, зніжаецца ўзровень кіслароду, некалькі дзён трымаецца тэмпература звыш  38 °C, накіроўваем пацыента ў раённую бальніцу. Калі захварэла дзіця, выязджаем на выклік па месцы жыхарства.

Вельмі часта сустракаюцца такія выпадкі, калі адзін член сям’і захварэў на каранавірус, у іншых інфекцыя не выяўлена. Чаму так? На жаль, адказу на гэтае пытанне пакуль няма. Пры гэтым нельга выключаць тое, што хтосьці пераносіць гэтую інфекцыю бессімптомна.

Многія адзначаюць, што неадчуванне пахаў – галоўны сімптом каранавіруса. Не згаджуся з гэтым. У адных ён функцыянуе на працягу хваробы, у іншых гэта першы і адзінкавы сімптом.

Медыцынская сястра кабінета фізіятэрапіі Ірына Калкоўская праводзіць працэдуру УВЧ

Часта чую ад людзей, што ў барацьбе з інфекцыяй дапамагаюць антыбіётыкі. Ні ў якім выпадку. COVID-19 – гэта вірус, і ён не лечыцца такімі прэпаратамі.

Калі вы захварэлі на каранавірус, самае галоўнае – своечасова звяртацца па медыцынскую дапамогу, выконваць рэкамендацыі і не панікаваць. Пасля хваробы вельмі важны працэс аднаўлення: паўнацэнны сон, здаровае харчаванне з уключэннем у рацыён садавіны і агародніны, прагулкі на свежым паветры, фізічная актыўнасць.

Марына КУТАС, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *