«Нават не ведаю, дзе я магла заразіцца». Жыхарка вёскі Ніўнае аб нечаканай «сустрэчы» з каранавірусам

Главное Медыцына

image_pdfimage_print
Фота носіць ілюстрацыйны характар

Каранавірус – хвароба каварная, і адчуць адразу, што ў арганізме «пасяліўся» вірус, вельмі складана. Таму так хутка ён і распаўсюджваецца. Магчыма, асабісты вопыт людзей, якія перамаглі гэтую інфекцыю, дапаможа камусьці пераадолець страх хваробы і падкажа, як яе перажыць.

Асабістымі ўражаннямі ад «сустрэчы» з каранавірусам падзялілася жыхарка вёскі Ніўнае Людміла Машлякевіч:

– Нават не ведаю, дзе я магла заразіцца. Шчыра прытрымлівалася ўсіх мер засцярогі: насіла маску, пастаянна мыла рукі, карысталася антысептыкам. Калегі не хварэлі і цяпер здаровыя. У мужа і дзяцей хвароба не пацвердзілася. Хто ведае, вірус жа нябачны. Хутчэй за ўсё, у мяне слабы імунітэт, бо перажыла аперацыю на шчытападобнай залозе.

Пачалося ўсё з таго, што мне стала дрэнна. У гэты дзень якраз узяла выхадны. Тэмпературы не было, але ўнутры ўсё пякло. Нечакана страціла прытомнасць. Добра, што муж быў дома і своечасова выклікаў хуткую дапамогу. Аналіз пацвердзіў, што ў мяне каранавірус, а здымак паказаў правабаковую пнеўманію.

Лячылася дома. З райбальніцы мне прывезлі азітраміцын. З роднымі жылі ў розных пакоях, карысталіся маскамі. Прыйшлося нялёгка. Адчувала вялікую слабасць. Хацелася спаць, але заснуць было вельмі цяжка. Літаральна задыхалася, бо не хапала паветра, таму акно пастаянна трымала адчыненым. Затым падключыўся кан’юктывіт. Урач агульнай практыкі нашай участковай бальніцы Юлія Лукша, якая пастаянна кантралявала стан майго здароўя, прапісала кроплі, і праз тыдзень усё прайшло. Вельмі ўдзячна Юліі Лук’янаўне за яе прафесіяналізм і ўвагу да мяне. Упэўнена, што пагодзяцца з маімі словамі ўсе яе пацыенты.

Дваццаць дзён знаходзілася на бюлетэні, але справілася з хваробай. Нікому не пажадаю перанесці тое, што прыйшлося мне перажыць. Заклікаю ўсіх сур’ёзна адносіцца да інфекцыі, да яе наступстваў і прытрымлівацца ўсіх неабходных прафілактычных мер. Старайцеся не захварэць. А калі ўжо так здарылася, што хвароба вас выбрала, то не трэба нервавацца – неабходна змагацца за сваё жыццё, выконваць прадпісанні ўрачоў і верыць у выздараўленне.

Як цяпер сябе адчуваю? Ёсць некаторыя ўскладненні: павысіўся цукар у крыві, падняўся ціск. Медыкі параілі прайсці поўнае абследаванне. А прафсаюзны камітэт ААТ «Дзераўное», дзе я працую загадчыцай сталовай, прапанаваў мне пуцёўку ў санаторый, аказаў і матэрыяльную дапамогу на набыццё лекаў.

Запісала Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *