Ураджай сёлетні і будучы

Нумары Сельская гаспадарка

Працаўнікі ААТ «Каганец» першымі ў раёне прыступілі да сяўбы азімых.  Механізатар Іван Малчанаў на  трактары «Беларус-2522» з сеялкай АПП-6  гэтымі днямі сее азімы рапс. Варта адзначыць, што сёлета ў таварыстве ўпершыню атрымана з кожнага гектара 23,2 цэнтнера масланасення гэтай прыбытковай тэхнічнай культуры, якая размяшчалася  на 250 гектарах. І надалей плошчу пад рапсам змяншаць не будуць. Актыўна вядзецца пратручванне насення.

Ураджайнасць збожжавых таксама парадавала хлебаробаў, намалочана 37,6 цэнтнера з гектара – рэкордны для гаспадаркі паказчык. У засекі засыпана 5036 тон збожжа. Працаўнікі паспяхова справіліся з дзяржзаказам.  На хлебапрыёмнае прадпрыемства адгружана 807 тон харчовага збожжа. На жніве вызначыўся экіпаж камбайнераў у складзе Валерыя Шахно і Віктара Касцюка, якія  намалацілі 1251,2 тоны збожжа і занялі першае месца. Другімі сталі Яўген Фляўм і Аляксандр Атрушкевіч – 1058 тон, трэцімі – Уладзімір Рубін і Іван  Лёсік –  812,5 тоны. Маладзёжны экіпаж Сяргея Шахно і Андрэя Стонькі  намалаціў 748,3 тоны. Парупіліся Дзмітрый Курыла і Аляксей Салавей, Віктар Сапожнікаў і Барыс Шэраш, якія маюць на рахунку 741,9 і 674 тоны. Вадзіцелі Сяргей Стонька, Дзмітрый Галаўко, Іван Казацкі і Вадзім Паляшчук перавезлі больш чым па тысячы тон збожжа. Экіпажы  камбайнераў-«тысячнікаў» і вадзіцелі атрымалі падзячныя пісьмы райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. І ад кіраўніцтва  – падарункі. Да таго ж, адразу па заканчэнні ўборкі для шчырых работнікаў ладзілася свята «Дажынкі» з уручэннем, па традыцыі, каравая дырэктару таварыства Пятру Малахаву.

Гэтымі днямі хлебаробы таварыства дбаюць пра будучы ўраджай. Шпаркімі тэмпамі вызваляюцца ад саломы палеткі. Работа гэтая набліжаецца да завяршэння. На прасаванні саломы заняты Мікалай Самахвал, Дзмітрый Траццяк і Уладзімір Чарнецкі. На вызваленых участках вядзецца падрыхоўка глебы да сяўбы азімых збожжавых, якія зоймуць плошчу звыш 800 гектараў. Уносяцца ўгнаенні.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *