У цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыі мы не павінны забываць аб простых мерах прафілактыкі інфекцыі. Наша здароўе – у нашых руках. Гэтай думкі прытрымліваецца жыхарка аграгарадка Заямнае Вольга Стаховіч.
– У нас на першым месцы – самадысцыпліна і адказнасць, – расказала Вольга Аляксандраўна. – Напрыклад, у мяне з дачкой выпрацавана звычка: пасля вуліцы абавязкова мыем рукі з мылам, арашаем насавыя праходы фізрастворам. Пры наведванні магазіна выкарыстоўваем маскі, прытрымліваемся сацыяльнай дыстанцыі. Культурна-масавыя мерапрыемствы стараемся не наведваць.
Дома кожны дзень праводжу вільготную ўборку са сродкамі для дэзынфекцыі, абавязкова апрацоўваю дзвярныя ручкі, стол і інш., праветрываю пакоі. Не забываем і аб прагулках на свежым паветры.
Умацоўваць свой арганізм падчас каранавіруснай інфекцыі вельмі важна. Мы п’ём вітаміны для падтрымання імунітэту, ужываем садавіну і агародніну.
Жадаю ўсім не хварэць. Калі ў вас з’явіліся прыкметы хваробы, своечасова звяртайцеся па дапамогу да ўрача.
Марына КУТАС