«Паўстагоддзя ў прафесіі». Генадзія Сяліцкага правялі на заслужаны адпачынак

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

На днях у Стаўбцоўскай ЦРБ правялі на заслужаны адпачынак урача-хірурга, урача-эндаскапіста Генадзія Сяліцкага, які прысвяціў раённай бальніцы 48 гадоў свайго жыцця.

Кіраўніцтва ўстановы, прафсаюзны камітэт паклапаціліся, каб гэтая падзея не засталася не заўважанай у калектыве, падзякавалі легендарнаму хірургу, выказалі цёплыя словы і ўручылі падарункі.

Нарадзіўся Генадзій Францавіч у Баранавіцкім раёне. Адразу пасля праходжання службы ў радах Савецкай арміі паступіў у Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт. Спачатку маладога ўрача размеркавалі на Случчыну. Аднак Генадзій Францавіч вырашыў выбраць раён, які знаходзіцца бліжэй да яго малой радзімы. Менавіта тады ў Стоўбцах была вакансія на пасаду ўрача-хірурга. Тут і пачалася працоўная дзейнасць маладога спецыяліста. Праз паўгода Генадзія Францавіча назначылі загадчыкам хірургічнага аддзялення. Такая адказнасць стала для яго сур’ёзным выпрабаваннем. Усё было ў навінку, але вялікая працавітасць і зацікаўленасць дазволілі маладому ўрачу выдатна авалодаць прафесіяй. Дапамагалі яму ў гэтым вопытныя калегі – Ю. А. Селезенеў і А. А. Цэгалка.

Генадзій Сяліцкі ўпэўнены: толькі праз штодзённую працу можна стаць сапраўдным спецыялістам. Ён заўважае:

– Мы праводзілі па 500-600 аперацый у год. Былі зусім іншыя тэхналогіі, абсталяванне. Цяпер змяніўся характар аперацый, усюды ўкараняюцца інавацыі.

Працуючы хірургам, ён пачаў займацца эндаскапіяй. Пасля выхаду на пенсію цалкам прысвяціў сябе гэтай галіне медыцыны. Праз рукі ўрача прайшло шмат пацыентаў з рознымі паталогіямі. Абследуюцца як планавыя пацыенты з гастрытамі, язвамі, так і экстранныя з крывацёкамі і інш. Вядома, што праходжанне фібрагастрадуадэнаскапіі ў большасці пацыентаў выклікае непрыемныя адчуванні. Генадзій Францавіч спрабуе супакоіць кожнага з іх, абнадзеіць – і хваляванне праходзіць. Некаторыя пацыенты баяцца працэсу даследавання, а іншыя – яго вынікаў.

За паўвека працы ў медыцыне Генадзій Францавіч ніводнага разу не пашкадаваў, што выбраў такую прафесію. Цяпер прыйшоў час саступіць дарогу моладзі.

– Сярод маладых медыкаў шмат таленавітых і перспектыўных. Лічу, што сапраўдным доктарам становішся не раней чым праз пяць гадоў практычнай дзейнасці. Да гэтага часу трэба вучыцца ў старэйшых калег, удасканальваць свае веды на практыцы. А галоўнае – заставацца ўважлівым да людзей, аказваць ім медыцынскую дапамогу граматна і аператыўна, – лічыць Генадзій Францавіч.

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *