У цяперашні час назіраецца распаўсюджванне рэспіраторных інфекцый. На гэтым фоне расце і захваральнасць на каранавірус. Загадчыца паліклінікі УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ», урач-тэрапеўт Інеса Дударэвіч расказала, як арганізавана работа ўстановы падчас каранавіруснай інфекцыі.
– У паліклініцы працуе інфекцыйны блок з асобным уваходам для пацыентаў з павышанай тэмпературай цела і прыкметамі ВРВІ, – адзначае Інеса Сяргееўна. – У будныя дні графік работы – з 08.00 да 20.00, у суботу – з 08.00 да 18.00, у нядзелю – з 08.00 да 15.00. Прыём вядуць тры ўрачы-інфекцыяністы. У гэтым блоку аказваюць дапамогу ў працэдурным і рэнтгеналагічным кабінетах. У працэдурным кабінеце ажыццяўляюцца забор біялагічнага матэрыялу на інфекцыю COVID-19, забор крыві з вены для біяхімічнага аналізу і агульнаклінічных даследаванняў. Асобна арганізавана работа стаматалагічнага кабінета, дзе аказваецца экстранная дапамога пацыентам з прыкметамі ВРВІ. Пры неабходнасці ў інфекцыйны блок запрашаюць профільных урачоў-спецыялістаў.
З мэтай медыцынскага назірання на амбулаторным этапе за асобамі з інфекцыяй COVID-19 і тымі, хто адносіцца да кантактаў 1-га ўзроўню, арганізавана работа трох кантактных брыгад. Спецыялісты ажыццяўляюць агляд пацыентаў непасрэдна дома, назначэнне лячэння (дастаўляюць рэцэпты), забор біялагічнага матэрыялу на COVID-19 і крыві для агульнаклінічных даследаванняў, выдачу патрабавання аб самаізаляцыі, памятак. З мэтай медыцынскага назірання на амбулаторным этапе за асобамі з інфекцыяй COVID-19, тымі, хто адносіцца да кантактаў 1-га і 2-га ўзроўняў, шляхам штодзённага апытання па тэлефоне гэтых асоб (законных прадстаўнікоў непаўналетніх грамадзян) арганізавана работа сямі кол-цэнтраў.
Чалавек павінен заставацца дома і выклікаць урача (тэлефоны рэгістратуры: 5-23-20, 5-23-21, 8-044-58-98-593), калі ён заўважыў у сябе характэрныя для каранавіруса сімптомы: павышэнне тэмпературы цела, галаўны боль, страту адчування паху і смаку, ламоту ў целе, задышку, сухі кашаль. Пацыенты з каранавіруснай інфекцыяй лечацца на даму, калі хвароба працякае лёгка, у бессімптомнай форме.
Пажылым грамадзянам урачы рэкамендуюць не наведваць паліклініку: у ЦРБ арганізавана работа па дастаўцы лекавых прэпаратаў на дом і па заборы агульнаклінічных аналізаў, правядзенні электракардыяграм і інш.
Медыкі нагадваюць: захаванне сацыяльнай дыстанцыі і правілаў асабістай гігіены, нашэнне маскі, ненаведванне месцаў з вялікай колькасцю людзей дапамогуць папярэдзіць заражэнне каранавірусам.
Марына КУТАС
Фота Наталлі КЛЫГАЧ