Сем крокаў пад напружаннем

У Стаўбцоўскім РЭС ёсць брыгада, якая не першы год выконвае рамонтныя работы на лініях без адключэння электрычнасці і такім чынам  пазбаўляе спажыўцоў ад неспадзяваных нязручнасцяў.

Брыгадзір Аляксандр Сахута ў РЭСе з 2007 года

– Асабліва запатрабавана такая брыгада ў горадзе, дзе праблематычна адключыць электрычнасць на працяглы час, – зазначае начальнік РЭС Віктар Пракаповіч. 

Разам з Віктарам Мікалаевічам мы кіруемся ў вёску Кнотаўшчына, дзе летась прайшла рэканструкцыя размеркавальных сетак 0,4 –10 кВ і дзе брыгада энергетыкаў-наватараў праводзіць, згодна з заяўкай, замену на адной з апор святлодыёднага ліхтара.

Працуюць над гэтым электраманцёр Леанід Ермак, брыгадзір Аляксандр Сахута і майстар Андрэй Гарохавік. Брыгадзір і майстар ажыццяўляюць допуск да работы і, як таго патрабуе службовая інструкцыя, вядуць кантроль яе выканання.

Леанід Ермак у спецыяльнай экіпіроўцы з дапамогай жалезных лазаў узнімаецца на апору. Наверсе кожнае дзеянне, а іх сем, ён робіць пакрокава і  абавязкова прагаворвае.

– Самае важнае пры рабоце пад напружаннем – каб электраманцёр выконваў тое, што ён называе, – тлумачыць Андрэй Гарохавік. – Калі ён нешта зрабіў няправільна, наша задача – своечасова яго спыніць.

Праўда, такіх няправільных дзеянняў у брыгадзе не фіксавалася. Усё адбываецца граматна і дакладна.

– Паўгадзіны – і заяўка выканана. Пры гэтым не прыйшлося адключаць ад электрычнасці на гэты перыяд усю вуліцу, – падкрэслівае майстар.

Электраманцёр Леанід Ермак выконвае рамонтныя работы на сетках без адключэння электрычнасці

Леанід Ермак тым часам спускаецца з апоры. Здымае лазы і выдыхае – заданне выканана. І ў гэты момант ён сваім знешнім выглядам вельмі нагадвае альпініста, які пакарыў вяршыню, уражвае сваёй смеласцю. Цікавімся яго адчуваннямі: «Было не страшна?»

– Ды не, – усміхаецца Леанід Іванавіч. – Настройваю сябе на тое, што працую пад напружаннем, максімальна канцэнтрую ўвагу.

Калегі адзначаюць не толькі  фізічны спрыт, але і дасведчанасць, адказнасць Леаніда Ермака. У свой час ён закончыў Мінскае ГПТВ № 38 па спецыяльнасці «слесар-кантралёр КіПіА», але сем гадоў таму перакваліфікаваўся ў электраманцёра. Прайшоў навучанне і апошнія два гады працуе ў асобых умовах – пад напружаннем.

Начальнік Стаўбцоўскага РЭС Віктар Пракаповіч цікавіцца ходам работ у майстра Андрэя Гарохавіка

Цяпер сваю школу прафесіяналізму пачаў праходзіць у брыгадзе электраманцёр Мікіта Бельскі, выпускнік політэхнічнага каледжа. Настрой у маладога чалавека мэтанакіраваны. Ён плануе вучыцца далей. Ацэньваючы яго першыя крокі ў прафесію, майстар вылучае Мікітаву дысцыплінаванасць, адказны падыход і… уменне ўзнімацца на апору на лазах.

А ўвогуле РЭС папоўніўся сёлета яшчэ адным маладым электраманцёрам. У калектыў прыйшоў Дзмітрый Кучынскі. Дарэчы, Дзмітрый займаецца ў БАТУ.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара