На лініі – аператыўна-выязная брыгада

Важное Эканомiка

image_pdfimage_print

Накіроўваемся ў вёску Жыгалкі, дзе сёлета была праведзена рэканструкцыя сетак і куды па заяўцы аднаго з вяскоўцаў выехала аператыўна-выязная брыгада Стаўбцоўскага РЭС.

Даўно хацела пазнаёміцца з работай гэтага аператыўнага звяна, якое нясе службу ў кругласутачным рэжыме і фактычна адказвае за надзейнасць электразабеспячэння ва ўсім раёне.

Знаёмімся. У складзе аператыўна-выязной брыгады працуюць двое – Віктар Чуйко і Аляксандр Грышан. У Жыгалкі яны выехалі, каб разабрацца з работай электралічыльніка. Ад спажыўцоў ім паступаюць розныя заяўкі, звязаныя з абслугоўваннем электрасетак. Абодва члены брыгады – прафесіяналы са стажам работы 20 гадоў і больш.

Аператыўна-выязная брыгада ў складзе
Віктара Чуйко і Аляксандра Грышана гатова ў найкарацейшыя тэрміны ліквідаваць любую аварыйную сітуацыю на сетках

Яны сумяшчаюць па дзве прафесіі – вадзіцеля і электраманцёра. Больш таго, калі ў лінейнай брыгадзе ёсць майстар (а гэта спецыяліст з вышэйшай адукацыяй), то работнікам аператыўна-выязной брыгады няма на каго разлічваць, акрамя як на сябе.

Іх яшчэ можна назваць «вачамі і вушамі» дзяжурнага дыспетчара РЭС, таму што, прыбыўшы першымі на месца аварыйнай сітуацыі, менавіта яны ацэньваюць абстаноўку і перадаюць інфармацыю, ад якой залежыць далейшае прыняцце рашэнняў і ўвогуле развіццё падзей.

Віктар Чуйко і Аляксандр Грышан расказваюць, што прыкладна ў 90 працэнтах выпадкаў ім прыходзіцца самім ухіляць аварыйныя сітуацыі на сетках. Да прыкладу, здараецца такое, што ноччу або ў выхадны дзень раптам прападае дзесьці электрычнасць і ў дзясятках дамоў адключаецца ацяпленне (індывідуальныя газавыя катлы, аснашчаныя электрапомпамі). У такім выпадку дзейнічаць ім прыходзіцца імгненна і пры гэтым несці адказнасць адзін за аднаго.

Іх аператыўны аўтамабіль «Газель» укамплектаваны ўсімі неабходнымі сродкамі аховы, матэрыяламі і інструментам для ўхілення або лакалізацыі аварыйнай сітуацыі. Пры неабходнасці выклікаецца аўтавышка.

У аднаго з членаў аператыўна-выязной брыгады заўважаем прымацаваную на куртку відэакамеру. Гэта значыць, фіксуюцца ўсе падрыхтоўчыя работы, інструктажы і г. д. Кіраўніцтва РУП «Мінскэнерга» такім чынам ажыццяўляе кантроль за бяспечным і якасным выкананнем работ (на даны момант – паводле зробленага запісу, а ў перспектыве – у анлайн-фармаце).

Будні энергетыкаў поўныя непрадказальнасці і рызыкі. На іх яны, майстры сваёй справы, адказваюць зладжанай і напружанай працай. Чым больш яна эфектыўная, тым менш мы згадваем пра энергетыкаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *