Аўтастанцыя і яшчэ тры аб’екты – выдатны вынік 2020 года

Главное Соцыум

Напярэдадні Новага года ў Стоўбцах урачыста адкрыта пасля рэканструкцыі аўтастанцыя. Непазнавальна змяніўся выгляд і ўсёй прывакзальнай плошчы, а яна, як вядома,  візітная картка любога горада.

Гэта падарунак стаўбчанам, які прафінансаваў Мінскі абласны выканаўчы камітэт. На аб’екце свой прафесіяналізм чарговы раз прадэманстравалі будаўнікі мясцовай ПМК-233. Работы былі распачаты імі ў красавіку бягучага года. На працягу будаўніцтва праект карэкціраваўся, але вынік прыемна ўражвае.

Жыхары горада з нецярпеннем чакалі абнаўлення аўтастанцыі, год пабудовы якой – 1967-ы. На цяперашні момант аб’ект адпавядае ўсім сучасным стандартам, якія ўкараняюцца ў сферы пасажырскіх перавозак у Мінску і ва ўсёй Беларусі. Фактычна аўтастанцыя пераўтворана ў важны для Стоўбцаў пасажырскі тэрмінал.

Першая экскурсія паказала, што ўсю інфармацыю пасажыры атрымліваюць на электронным табло, на ім ідзе аўтаматычнае абнаўленне раскладу руху. Устаноўлены новыя білетныя касы і ўкаранёны анлайн-продаж білетаў. У перспектыве – укараненне яшчэ адной мабільнай праграмы – для адсочвання руху аўтобусаў згодна з пагадзінным інтэрвалам і маршрутам, каб пасажыру можна было выбудоўваць свой маршрут, у тым ліку з перасадкамі і з іншымі перавозчыкамі. Тут паўсюдна даступны Wi-Fi.

На аўтастанцыі прадугледжаны асобны пакой для маці і дзіцяці. Створана безбар’ернае асяроддзе, у тым ліку ёсць санітарныя пакоі для аслабленых асоб і людзей з інваліднасцю. Для абслугоўвання пасажыраў працуе буфет, дзе можна выпіць гарачага чаю ці кавы са свежай выпечкай і набыць неабходныя прадукты ў дарогу.

Сімвалічную чырвоную стужачку перарэзалі намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Рагашчук, старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень і генеральны дырэктар ААТ «Мінаблаўтатранс» Уладзімір Федаровіч. Дырэктару аўтапарка № 17 Івану Бычкевічу перададзены сімвалічны ключ ад абноўленай аўтастанцыі. Яе дзейнасць благаславілі праваслаўны і каталіцкі святары. Артысты Горкаўскага сельскага дома культуры стварылі святочны настрой усім удзельнікам урачыстасці.

Сімвалічную чырвоную стужачку пераразаюць старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень, намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Рагашчук і генеральны дырэктар ААТ»Мінаблаўтатранс» Уладзімір Федаровіч

Аўтобусны рух на Стаўбцоўшчыне сёння ўключае гарадскія, прыгарадныя і міжгароднія маршруты, ім абслугоўваюцца штодзённа да 100 чалавек з 118 населеных пунктаў.

2020 год для Стаўбцоўшчыны стаў адметным і выніковым дзякуючы не толькі рэканструкцыі аўтастанцыі, але і будаўніцтву і ўводу ў эксплуатацыю завода па перапрацоўцы бульбы, кацельні на мясцовых відах паліва магутнасцю 24 МВт і шматкватэрнага жылога дома, навасельцамі якога сталі 70 маладых і шматдзетных сем’яў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота Ксеніі РУБІН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *