Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне дзесяць шлюбаў. Зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі восем маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Аліса Баранава, Софія Сотнікава, Ганна Каралец, Андрэй Дзядзюля, Марыя Паляніца, Імран Эль-Надзі, Марыя Галімава.

Зямны шлях закончыўся для 21 чалавека.

У пажарнай часці згадалі пра вогненнае здарэнне ў Залужжы, дзе ад прамога пападання маланкі ноччу ў аўторак згарэў хлеў. Пажарнікі адзінаццаць разоў выязджалі на загаранні травы і смецця, а ў мінулую сераду тройчы аказвалі дапамогу па зняцці гнёздаў шэршняў.

Міліцыяй зарэгістравана 166 паведамленняў аб правапарушэннях. Узбуджана дзевяць крымінальных спраў, у сямі ўстаноўлены падазраваемыя. Неўстаноўлены зламыснік збіў замок з гаража грамадзянкі ў Дзяражным і ўкраў чатыры кілаграмы мёду, набор інструментаў. А ў Рочавічах з хлява вяскоўца зніклі «шрубавёрт», электрадрыль і электралобзік з наборам палотнаў пілаў. З лесвічнай пляцоўкі праз адчыненыя дзверы пад’езда дома па вуліцы Міру ўгнаны веласіпед.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету праводзілася прафілактычная растлумачальная работа з грамадзянамі ў месцах масавага адпачынку па недапушчэнні развядзення вогнішчаў і наведвання лясоў. На мінчаніна, які,  парушаючы  воднае заканадаўства, агарадзіў свой зямельны ўчастак на дачы ў Мешычах па берагавой лініі ракі Вуса, а таксама пры ачыстцы на ім сажалкі паклаў пераліўную трубу ў раку, раскапаўшы пры гэтым прыбярэжную паласу, складзены пратакол.

Пракуратурай праведзена праверка па фактах непералічэння шэрагам арганізацый членскіх прафсаюзных узносаў. Устаноўлена, што  парушаюць патрабаванні дзеючага заканадаўства філіял «Стаўбцоўскае РБУ» ААТ «Універсалрамбуд», РУП «Стаўбцоўскае АКС» і ААТ «Стаўбцоўскі РКБА»: утрымліваючы з заработнай платы работнікаў па іх пісьмовых заявах членскія прафсаюзныя ўзносы, не пералічаюць гэтыя грошы на разліковыя рахункі прафсаюзных арганізацый. Кіраўнікам вышэйпералічаных арганізацый вынесены прадпісанні аб ухіленні парушэнняў заканадаўства. З мэтай  выканання актаў нагляду  РУП «Стаўбцоўскае АКС» і ААТ «Стаўбцоўскі РКБА» пералічылі прафсаюзныя ўзносы ў поўным аб’ёме.

  Суд прыгаварыў стаўбчаніна да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну пакарання ў папраўчай калоніі строгага рэжыму за незаконнае набыццё і перавозку, без мэты збыту, псіхатропнага рэчыва. Чатыры разы  судзімы жыхар Заямнага атрымаў шэсць месяцаў арышту за непрытрымліванне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду. Тэрмінам на пяць месяцаў арыштавана вішняўчанка, якая ўхілялася ад пакрыцця расходаў на ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. За парушэнне правілаў утрымання сабак у Лубяні (аўчарка пакусала непаўналетняга, якому былі нанесены лёгкія цялесныя пашкоджанні), мінчанін атрымаў штраф у памеры 10 базавых велічынь. За нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы і непадпарадкаванне работніку міліцыі падчас затрымання жыхар і жыхарка Старыны аштрафаваны на 600 тысяч рублёў кожны. Штраф у памеры 12 мільёнаў рублёў заплаціць жыхар Драздоў,  які ў стане алкагольнага ап’янення пагражаў  забойствам сваёй былой сужыцельцы.

 «Хуткая» атрымала 202  выклікі аб медыцынскай дапамозе,  пяць з якіх –  да асоб у стане алкагольнага ап’янення, два медыкі палічылі неабгрунтаванымі. 

Падрыхтавала Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *