Настрой ствараюць і вітрыны

Гандаль Нумары

image_pdfimage_print

Імгненна збягаюць летнія дзянькі, і неўзабаве  наступіць верасень. Бацькі, якія маюць дзяцей-школьнікаў, заклапочаны тым, як сабраць іх у школу. У многім пазітыўны настрой вучням і бацькам могуць стварыць гандлёвыя прадпрыемствы, якія чакаюць школьнікаў за пакупкамі. У нашым горадзе спецыялізаваным магазінам з’яўляецца «Дзіцячы свет».

Апошнім часам магазін настолькі пераўтварыўся, папрыгажэў, што яго проста не пазнаць. Ствараецца ўражанне, што трапіў у сталічную краму. Пасля рамонту інтэр’ер магазіна адпавядае ўсім сучасным патрабаванням. Багатыя і даступныя вітрыны даюць магчымасць кожнаму наведвальніку разгледзець тавар, прыцаніцца і зрабіць неабходную пакупку.

Атрымліваеш  задавальненне, назіраючы і за пакупнікамі, і за прадаўцамі. У магазіне «Дзіцячы свет» працуюць вопытныя прадаўцы, якія ўмеюць далікатна даць параду, звярнуць увагу на тое, аб чым бацькі могуць і не падумаць  пры надакучлівых патрабаваннях сваіх дзяцей. Прадаўцы падкажуць, што пры пакупцы школьнай формы і спартыўнага касцюма лепш аддаць перавагу натуральным тканінам. Не варта эканоміць за кошт якасці. Пры першым поглядзе розніцу можна  не заўважыць, а пры мыцці і нашэнні  адзенне стане  дэфармавацца, губляць знешні  выгляд. Навучальны ж год доўгі, і адзенне не адзін раз прыйдзецца памыць.

Цікава паслухаць і думку пакупнікоў. Так, Алена Гунько лічыць, што нельга перагінаць палку пры выбары школьных тавараў, варта прыслухвацца і да выбару дзіцяці. Хоць усё павінна быць у разумных рамках. Яна дзеліцца вопытам, што напярэдадні ў іх сям’і быў абмеркаваны бюджэт на падрыхтоўку да новага навучальнага года. Сын ведае, колькі грошай будзе патрачана на гэтыя мэты. І ён цяпер, выбіраючы тавар, сам глядзіць, на чым можна сэканоміць, а дзе выбраць пакупку і больш дарагую.

Загадчыца магазіна «Дзіцячы свет» Таіса Пляскач, якая мае вялікі вопыт работы ў гандлі, з задавальненнем знаёміць нас з вітрынамі і прылаўкамі. У магазіне можна набыць адзенне для дзяцей і падлеткаў, у тым ліку і дзелавога стылю, абутак, вучнёўскую галантарэю, канцылярскія тавары ў максімальна пашыраным асартыменце. Адзенне дзелавога стылю пастаўляюць каля 30 прадпрыемстваў  канцэрна «Беллегпрам». Прадпрыемствы да кожнага школьнага сезону распрацоўваюць новыя мадэлі. Важна і тое, што ўзоры касцюмаў для хлопчыкаў і дзяўчынак адпавядаюць Адзіным санітарна-гігіенічным патрабаванням Мытнага саюза і Міністэрства аховы здароўя. Кожны вучань можа выбраць сабе пакупку па душы, каб з радасным настроем пайсці ў школу.

А бацькам Таіса Пляскач нагадвае, што магазін актыўна праводзіць рэкламныя акцыі. Традыцыйна пройдзе дэманстарцыя школьнага адзення, прадугледжаны скідкі. Сярод іх – «Апошняя пара». Пры пакупцы апошняй пары абутку данай мадэлі даецца  10-працэнтная скідка. На такіх жа ўмовах могуць набыць тавары да школы імяніннікі – хто нарадзіўся ў тым месяцы, калі праводзіцца пакупка. 10-працэнтная скідка будзе прадастаўлена на набыццё канцтавараў на суму 400 і больш тысяч рублёў. Прадастаўляецца таксама беспрацэнтны крэдыт на тры месяцы на пакупку школьных тавараў пры аб’ёме пакупкі адзін мільён рублёў  і больш.

Своечасова ў магазіне «Дзіцячы свет»  адкрыта ў жніўні новая фірменная секцыя прадпрыемства «Марк Фармэль». Пакупнікі ацанілі якасную бялізну для дзяцей і дарослых, шкарпэткі, дзіцячыя калготкі. Першыя дні работы фірменнай секцыі далі выдатны тавараабарот.

Да верасня яшчэ ёсць час зрабіць прыемныя пакупкі. Школьныя кірмашы, у магазіне і выязныя, чакаюць пакупнікоў і гатовы прапанаваць неабходны тавар да школы – усё  ў адным месцы.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *