З 21 снежня ў Стоўбцах на пляцоўцы побач з магазінам «Гаспадарчыя тавары» працуе ёлачны кірмаш. Усе жадаючыя могуць набыць лясную прыгажуню велічынёй ад метра і вышэй, тым больш што цэны на іх, як запэўнілі ў Стаўбцоўскім лясгасе, засталіся леташнімі.

Кірмаш працуе да 18 гадзін штодзень, у тым ліку і ў выхадныя, аж да 31 снежня. У асартыменце – дрэўцы ёлкі і сасны, дрэўцы ў кадцы, навагоднія букеты. Можна набыць ёлкі і ў лясніцтвах.
Інжынер па ахове і абароне лесу Аляксей Дорах нагадвае, што за самавольную высечку ёлак у лясных масівах прадугледжаны штрафныя санкцыі да 30 базавых велічынь (для фізічных асоб) і 150 базавых велічынь (для юрыдычных асоб). У гэтыя пераднавагоднія дні на дарогах дзяжураць патрулі лясной аховы і міліцыі.
Ангеліна ЛЯЎКОВІЧ
Фота Наталлі Клыгач