Валанцёры рыхтуюць падарункі

Главное Грамадства

image_pdfimage_print

Валанцёры «сярэбранага» ўзросту аб’яднання «Праваднікі дабра», нягледзячы на цяперашнюю эпідэміялагічную абстаноўку, не спыняюць сваю дзейнасць.

Напярэдадні Новага года і Ражджаства валанцёры сабраліся ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра, каб падрыхтаваць святочныя сувеніры і ёлачныя ўпрыгажэнні для выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулка.

Падчас майстар-класа: кіраўнік гуртка Таццяна Каспяровіч
з валанцёрам Вольгай Баяравай

– Заняткі праходзяць у мікрагрупах згодна з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя – з захаваннем дыстанцыі, масачнага рэжыму, – заўважае загадчыца аддзялення Аксана Жыбуль.  

Каб ёлачныя цацкі атрымаліся падобнымі на карункі, кіраўнік гуртка Таццяна Каспяровіч арганізавала майстар-клас па тэхніцы пляцення з папяровай лазы.

Ствараюць атмасферу творчасці ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян
пажылога ўзросту спецыяліст па сацыяльнай рабоце Вольга Шчапко і загадчыца Аксана Жыбуль

Матэрыял быў падрыхтаваны загадзя, пад рукамі ў валанцёраў – нажніцы. Сваю працу яны пачынаюць з усмешкі і спадзявання на выдатны вынік.

Крыху цярпення – і вось трубачкі папяровай лазы пераўтвараюцца ў званочкі, шышачкі і г. д. Да прыгожай цацкі не так і далёка, а тым больш калі Таццяна Валянцінаўна з задавальненнем  прыходзіць валанцёрам на дапамогу. Ала Бабіцкая вяжа кручком сняжынкі, якія, безумоўна, нададуць крэатыўнасці любой ёлцы.

– У кожным нашым валанцёры закладзены вялікі патэнцыял працавітасці, уседлівасці, жыццёвай энергіі, і ёю яны падзеляцца з дзецьмі, якім перададуць свае вырабы, – упэўнена кіраўнік гуртка.

Сваё натхненне Тэрэза Макась укладае ў валанцёрскія справы

Гэты творчы працэс вельмі важны для пажылых людзей яшчэ і таму, што служыць цудоўнай прафілактыкай дэменцыі. У аддзяленні працуе спецыяліст па сацыяльнай рабоце Вольга Шчапко, якая арганізуе фізкультурныя мінуткі, заняткі з дапамогай масажора. Як кажуць валанцёры, глядзіш, і ногі перастаюць балець. Валанцёр Вольга Баярава не стрымлівае сваіх эмоцый: «У аддзяленні працуюць маладыя і энергічныя людзі. Нас цягне сюды, у атмасферу творчасці, дабрыні і ўзаемадапамогі».

Неўзабаве стол, за якім працуюць валанцёры, пачынае нагадваць дзівосны куфэрак розных выкшталцоных рэчаў, над якімі ўзвышаецца снегавік. Ва ўсіх гэтых маленькіх шэдэўрах – цяпло сэрцаў, і яно, несумненна, сагрэе дзетак, якія цяпер знаходзяцца ў прытулку і мараць аб адным – аб  хутчэйшым вяртанні дамоў, у сваю сям’ю. Няхай іх мары ў новым годзе збудуцца!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *