Не аказацца ў нецвярозага на дарозе

Ахова правапарадку Важное На кантролі

image_pdfimage_print

Напярэдадні Новага года ўзнята тэма цвярозасці вадзіцеляў і пешаходаў.

Пад дэвізам «Скажы абыякавасці «не» – патэлефануй 102!» прайшоў на Стаўбцоўшчыне Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху. Супрацоўнікі ДАІ выступілі ў працоўных калектывах, а таксама пабывалі ў магазінах, на АЗС і ў кафэ, размешчаных паблізу аўтадарог, каб праверыць наяўнасць  у продажы святлоадбівальных элементаў.

За 11 месяцаў бягучага года на дарогах Мінскай вобласці па віне нецвярозых вадзіцеляў учынена 101 дарожна-транспартнае здарэнне, дзе 36 чалавек загінулі і 103 – атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. На дарогах раёна адбылося чатыры ДТЗ, у іх траўміраваны шэсць чалавек.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення – адно з самых сур’ёзных парушэнняў правілаў дарожнага руху. Аўтамабіль з’яўляецца крыніцай павышанай небяспекі, а ў руках нецвярозага ён становіцца патэнцыяльнай зброяй, якая здольна скалечыць і пазбавіць жыцця абсалютна нявінных людзей.

У ДТЗ, учыненых п’янымі вадзіцелямі, у паўтара раза больш смяротных выпадкаў і цяжкіх траўм. Па іх віне адбываюцца наезды, сутыкненні і перакульванні  незалежна ад умоў надвор’я і стану дарожнага пакрыцця.

Асаблівасці – агрэсіўная язда

Варта ведаць асаблівасці паводзін на дарозе п’яных вадзіцеляў, каб своечасова спыніць іх, набраўшы нумар 102.

Такія вадзіцелі звычайна са спазненнем пачынаюць рух ля святлафора, рухаюцца на яго забараняльны сігнал, рэзка тармозяць. Ім уласціва надзвычай агрэсіўная ці, наадварот, надзвычай асцярожная язда. Пры манеўрыраванні адрознівае ненатуральная звілістая траекторыя руху. П’яныя вадзіцелі неадэкватна ацэньваюць адлегласць, хуткасць і геаметрыю дарогі. Яны як быццам дэманструюць, як не трэба ездзіць за рулём.

З пачатку года інспектарамі ДАІ затрыманы на дарогах раёна 133 п’яныя вадзіцелі, у тым ліку дзевяць фактаў адносяцца да паўторнага кіравання транспартным сродкам у стане ап’янення.

Сёлета ўзрасла колькасць ДТЗ з удзелам пешаходаў, прычым большасць з іх знаходзілася ў стане ап’янення і не была абазначана ў цёмны час сутак святлоадбівальнымі элементамі. На Стаўбцоўшчыне зарэгістравана сем такіх ДТЗ, у іх два чалавекі загінулі і пяць – атрымалі траўмы.

Штодзень супрацоўнікамі ДАІ праводзяцца рэйды па выяўленні правапарушэнняў з боку пешаходаў. Тых, хто ў нецвярозым стане, выдаляем з праезджай часткі. Праводзім з пешаходамі прафілактычныя гутаркі, абазначаем іх святлоадбівальнымі элементамі і, пры неабходнасці, прыцягваем да адміністрацыйнай адказнасці.

Адказнасць – пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання

Дзеючым заканадаўствам за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення (або перадачу кіравання нецвярозаму, адмову ад праходжання агляду) прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў на тры гады і штрафу ад 50 да 100 базавых велічынь.

За паўторнае кіраванне ў стане ап’янення на працягу года наступае крымінальная адказнасць. Акрамя таго, чакае канфіскацыя транспартнага сродку, на якім рухаўся нецвярозы вадзіцель, незалежна ад таго, каму гэты сродак належыць.

Адміністрацыйным кодэксам Рэспублікі Беларусь у адносінах да пешахода, які рухаецца ў цёмны час сутак па праезджай частцы без флікера, прадугледжаны штрафныя санкцыі да трох базавых велічынь, а пры стварэнні аварыйнай сітуацыі – да васьмі «базавых». Нецвярозыя пешаходы караюцца штрафам да пяці «базавых».

Галоўная задача ДАІ – не аштрафаваць, а папярэдзіць ДТЗ. Калі вы бачыце, што транспартным сродкам кіруе вадзіцель у стане ап’янення або на праезджай частцы  (паблізу яе) знаходзіцца нецвярозы пешаход ці веласіпедыст, які стварае пагрозу бяспецы дарожнага руху, неадкладна паведаміце па тэлефоне 102. Магчыма, ваша інфармацыя зберажэ некаму жыццё.

Віктар САЧУК, старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

 Фота yandex.by



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *