Ці гатова дзіця да школы?

Нумары Увага - дзецям

image_pdfimage_print

Хутка 1 верасня. Для хлопчыкаў і дзяўчынак наступае новы перыяд у жыцці – школьная пара. Некаторыя бацькі хочуць, каб дзіця абавязкова пайшло ў першы клас – чым раней, тым лепш. Іншыя не хочуць скарачаць сваім любімым перыяд бесклапотнага дзяцінства і адпраўляюць малыша ў школу пазней. Хтосьці наогул не можа вызначыць, калі іх дзіця павінна пайсці ў школу. І сапраўды, зрабіць выбар часам няпроста.

У нашай краіне Кодэкс аб адукацыі прадугледжвае паступленне дзяцей у школу з шасці гадоў. Аднак існуе некалькі крытэрыяў вызначэння гатоўнасці малых да навучання.

Інтэлектуальная гатоўнасць – ці дастаткова ў дзіцяці ведаў, неабходных для навучання, ці арыентуецца яно ў навакольным свеце, ці ведае пра поры года, кліматычныя з’явы, раслін і жывёлін. Ці можа вызначыць назву геаметрычных фігур, ці здольна рашаць лагічныя задачы, простыя матэматычныя дзеянні. Ці можа працаваць з літаратурай, нават калі не ўмее чытаць, ці разумее навошта патрэбна кніга, карыстацца ёю. Ці адкажа ў якой краіне жыве, хто яго бацькі, ці назаве свой адрас.

Фізічная гатоўнасць – ці здольна дзіця асіліць школьныя нагрузкі без шкоды для здароўя. Ці можа бегаць, скакаць, рабіць простыя гімнастычныя практыкаванні, насіць рукзак з кнігамі, доўга сядзець або стаяць.

Маторная гатоўнасць –  ці дастаткова сфарміраваны кісці рук дзіцяці для выканання складаных маніпуляцый. Ці ўмее яно маляваць (хаця б змалёўваць) літары, выразаць з паперы і наклейваць выразанае, ляпіць з пластыліну, расфарбоўваць малюнкі і абводзіць іх контур. Ці здольна яно само завязваць шнуркі і зашпільваць гузікі, засцежкі і маланкі.

Эмацыянальная гатоўнасць – ці  ў стане дзіця справіцца са сваімі пачуццямі, кантраляваць свае паводзіны хаця б які час. Ці зможа выседзець паўгадзіны ўрока, выканаць нецікавае яму заданне, падпарадкавацца патрабаванням педагога. Ці ўмее абыходзіцца без істэрык, скандалаў, выплескаў агрэсіі ў класе.

Сацыяльная гатоўнасць – ці гатова дзіця да жыцця ў калектыве. Ці гатова ўзаемадзейнічаць з аднакласнікамі, дружыць з імі, займацца сумеснай дзейнасцю, прызнаваць іх поспехі і дэманстраваць свае. Ці ўмее адстойваць свае інтарэсы без боек і паклёпніцтва, дамаўляцца ў выпадку канфліктаў. Ці здольна ўсведамляць, наколькі прымальныя яго паводзіны ў грамадстве.

Псіхалагічна-матывацыйная гатоўнасць – ці разумее дзіця, навошта яму патрэбна школа, для чаго патрэбна вучыцца і дабівацца вынікаў. Ці мае інтарэс да заняткаў, новых ведаў і навыкаў, кантакту з равеснікамі. Ці імкнецца добра выконваць заданні, адказваць на ўроках, дэманстраваць поспехі.

Неабходна ўлічваць, што рашаючым фактарам гатоўнасці да школы з’яўляюцца не самі навыкі, а здольнасць дзіцяці іх засвойваць, паглыбляць і пашыраць. Не так важна, ці ўмее малыш бегла чытаць і прыгожа пісаць, важна, ці зможа ён палепшыць свае дасягненні без вельмі вялікіх намаганняў.

Варта ведаць і памятаць, што перанасычэнне ведамі і навыкамі можа знізіць матывацыю першакласніка да вучобы. Дзіця прывыкне быць наперадзе класа, хутка спраўляцца з заданнямі і ў выніку адвучыцца працаваць, яму стане нецікава на занятках, а калі «дашкольны» багаж ведаў  закончыцца, пачне адставаць ад равеснікаў. Памятайце, усё добра ў меру.

Вераніка ШНАЙДЗЕР, урач-гігіеніст



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *