З панядзелка ў Стоўбцах пачаў працаваць ёлачны кірмаш, і адкрыла яго па добрай традыцыі Акінчыцкае лясніцтва.
Майстар лесу Алена Каструбай, як сапраўдная лясная Снягурачка, запрашае набываць навагоднія дрэўцы, ёлачкі ў кадках, а таксама сімвалічныя вяночкі, якія ўпрыгожаць дом ці кватэру, напоўняць незвычайным водарам лесу. Увесь гэты святочны тавар нарыхтаваны леснікамі Акінчыцкага лясніцтва (ёлкі ў кадках – з ляснога гадавальніка Стаўбцоўскага лясгаса), і, акрамя таго, ляснік Валерый Говен і вадзіцель Віктар Лёсік дапамагаюць яго рэалізоўваць. Дарэчы, яны з задавальненнем бяруць удзел у пераднавагодніх ёлачных кірмашах з году ў год.
– Першыя пакупнікі набылі адразу дзве ёлачкі – для сябе і сваіх сяброў. Іх можна выбраць, і самыя запатрабаваныя – невысокія, ад аднаго да двух метраў, – тлумачыць Алена Каструбай.
Лесаводы не скупяцца на ўсмешкі і пажаданні сваім пакупнікам. Сярод іх нямала тых, хто пакуль прыглядаецца, а набываць ялінку мяркуе бліжэй да Новага года. Будуць радаваць іх ёлачкамі ды вяночкамі і работнікі іншых лясніцтваў лясгаса.

Майстар лесу Акінчыцкага лясніцтва Алена Каструбай ведае, дзе растуць навагоднія прыгажуні
Ёлачны кірмаш працуе на пляцоўцы побач з магазінам «Гаспадарчыя тавары» штодзённа да 31 снежня ўключна, без выхадных і перапынку на абед, з 10 да 18 гадзін.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара