У пасёлак прыйшоў капрамонт

Важное Грамадства

image_pdfimage_print

На абслугоўванні ўчастка «Коласава» УП «Стаўбцоўскае АКС» – 26 шматпавярховых дамоў, 57 пад’ездаў і прыдамавых тэрыторый.

– Жыллёвая гаспадарка патрабуе пастаяннага догляду. Большасць дамоў будавалася 50 і больш гадоў таму, а дзвюм пяціпавярхоўкам нават па 80 гадоў,  – адзначае майстар жылфонду Алена Новік.

Кожны дом у пасёлку Наваколасава, як і яго жылец, добра знаёмы майстру. Алена Мікалаеўна працуе на ўчастку 14 гадоў. Пачынала кладаўшчыком. Ды і сям’я яе жыла ў пасёлку, да пераезду ў Стоўбцы. «Людзі тут памяркоўныя. Знаходзім з імі агульную мову», – падкрэслівае Алена Новік.

Майстар участка «Коласава» Алена Новік абмяркоўвае пытанні бягучага рамонту пад’езда з будаўніком Аляксандрам Ярашэвічам

На ўчастку працуюць 11 чалавек. Рабочыя па комплекснай уборцы тэрыторыі – Алена Луцэвіч, Святлана Курыльчык, Таццяна Чычына, Людміла Азіятуліна, Алёна Буяк, Вольга Пальчэўская, слесар-сантэхнік – Дзмітрый Грыгарцэвіч, рабочы па жылфонду – Дзмітрый Карташоў, электрык – Аляксандр Кошалеў, электрагазазваршчык – Глеб Барысевіч, дарожны рабочы – Ігар Грахоўскі.

– Калектыў працаздольны, стабільны, – заўважае майстар і звяртае ўвагу на тое, што сярод работнікаў ёсць і абавязаныя асобы, якія кампенсуюць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне сваіх непаўналетніх дзяцей. – Гэтых людзей у калектыве падтрымліваем, дапамагаем ім стаць на нармальны шлях, без ужывання спіртнога.

Парадак такі, што заяўкі ад жыльцоў паступаюць па тэлефоне непасрэдна на ўчастак або па адзіным нумары 115. З улікам таго што знаходзіцца ўчастак у крокавай даступнасці, некаторыя жыльцы аддаюць перавагу асабістаму звароту.

– Алена Мікалаеўна, з чым прыходзяць да вас жыльцы?На што яны скардзяцца?

– Крытычных пытанняў няма. Аварыйныя сітуацыі, якія ўзнікаюць, стараемся ўхіляць аператыўна. Ацяпляльны сезон пачаўся своечасова. Адразу былі звароты, звязаныя з рэгуліроўкай ацяплення. Усе гэтыя пытанні вырашаны. Да нас звяртаюцца, калі неабходна замяніць у кватэры сантэхнічнае абсталяванне. Даём кансультацыі і, пры неабходнасці, аказваем паслугі па яго замене. Сёння, да прыкладу, паступіла заяўка электрыкам: у адным з дамоў прапала святло. Разбіраемся. Прычына часцей за ўсё крыецца ў тым, што выбівае аўтамат. Дамы старыя, патрабуюць капрамонту.

Капітальны рамонт жылога фонду пасёлка вядзецца Стаўбцоўскім АКС згодна з пералікам чарговасці, які зацверджаны раённым выканаўчым камітэтам, і ў адпаведнасці з выдзеленымі фінансавымі сродкамі. Апошнім часам капітальна адрамантаваны пяць дамоў (па вуліцы Перамогі – №№ 9 і 10, па вуліцы Алфёрава – №№ 1, 3, 4), і камунальнікі прыступаюць да шостага дома – па вуліцы Алфёрава, № 5.

Так выглядае дом па вуліцы Алфёрава пасля капітальнага рамонту

Камунальнікамі амаль ва ўсім пасёлку (за выключэннем шасці дамоў) зроблены бягучыя рамонты пад’ездаў. Сёлета адрамантавалі ўласнымі сіламі тры балконы (згодна з планам было два), і гэтая работа вядзецца з году ў год.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *