Сам сабе ўрач

Важное Медыцына

image_pdfimage_print

Напэўна, няма такога чалавека, які б у сваім жыцці ніводнага разу не прымаў лекавыя прэпараты без прызначэння рэцэпта доктарам. І большасць такіх «дамашніх лекараў» абсалютна ўпэўнены: яны ведаюць, што ім трэба.

Асабліва востра пытанне самалячэння стаіць у наш час, калі асноўную масу інфармацыі пра лекавыя прэпараты мы чэрпаем з інтэрнэту, рэкламных ролікаў. Менавіта іх рэкамендацыі, на жаль, замяняюць многім кансультацыю медыка.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Якую небяспеку хавае за сабой такое лячэнне?

Калі ў вас забаліць галава, інтэрнэт-рэсурсы выдадуць вам дзясяткі назваў абязбольвальных сродкаў і рэклама настойліва запэўніць у тым, што яны цудадзейныя ў любым выпадку. Пры гэтым ніхто не кажа пра патэнцыяльную небяспеку гэтых сродкаў для арганізма.

Бывае так, што боль трымаецца доўга, і чалавек замест запісу на прыём да ўрача ідзе ў аптэку па яшчэ мацнейшы прэпарат. Аднак чым больш эфектыўным і моцным прэпаратам вы будзеце пазбаўляцца ад галаўнога болю, тым большую шкоду нанесяце сваёй печані, іншым органам. Некаторыя дабаўляюць у гэты «рэцэпт» яшчэ алкаголь і запэўніваюць сябе ў станоўчым уздзеянні, у той час як адбываецца зусім адваротнае.

Занадта хуткі рытм сучаснага жыцця ўскладняе праблему лячэння. Нам папросту няма калі думаць пра прычыны болю, і яго мы ліквідуем з дапамогай лекаў, пра якія, па сутнасці, нічога не ведаем. Самалячэнне – найбольш папулярны спосаб пазбавіцца ад захворванняў. У некаторых выпадках гэта апраўдана: прастуду і невялікае атручэнне можна вылечыць уласнымі сіламі.

У ліку небяспечных наступстваў самалячэння – няправільна пастаўлены дыягназ. Калі вы не з’яўляецеся доктарам, то не можаце з усёй упэўненасцю ставіць яго сабе. Ды і ў некаторых выпадках нават спецыялісту неабходна правесці лабараторныя даследаванні (той жа кашаль можа быць сімптомам не толькі звычайнай прастуды, але і больш сур’ёзных захворванняў – бранхіту, запалення лёгкіх, туберкулёзу). І калі працягваць лячыцца звычайнымі лекамі ад прастуды,  хваробу можна запусціць.

У іншых выпадках няправільна пастаўлены дыягназ можа нашкодзіць яшчэ мацней з-за негатыўнага ўздзеяння лекавых сродкаў. Многія спадзяюцца на парады фармацэўта ў аптэцы, але ён таксама не можа паставіць дыягназ і, зразумела, не нясе адказнасці за магчымыя наступствы ўжывання таго ці іншага парэкамендаванага прэпарата.

Самалячэннем можна займацца, але ў гэтым выпадку варта сумленна сказаць сабе: мой арганізм мне поўнасцю абыякавы і што з ім будзе далей, мяне не хвалюе…

Паліна ВЫСОЦКАЯ, валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

Фота yandex.by



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *