Чыстая вадзіца з празрыстай крыніцы

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

Рэкі Беларусі – Богам дадзены скарб. Бацька наш Нёман – ласкава, хораша ўслаўлены Якубам Коласам і Адамам Міцкевічам, Уладзіславам Сыракомлем і Янкам Лучынай, класікамі сучаснай беларускай літаратуры. Ды і сёння ці масціты паэт, ці пачатковец не абыдзе вечную, хвалюючую тэму, выказваючы думкі і пачуцці на лірычным фоне вечнай ракі.

Сула, Уса таксама знакамітыя, адметныя рэкі. А як хораша гучаць назвы меншых рэчак: Альхоўка, Вадзічанька, Жацераўка, Залужанка, Каменка, Перакуль, Рэчыца, Тонва, Ячанка. Для многіх нашых землякоў рэкі, рэчкі, рачулкі дзяцінства назаўсёды становяцца сімваламі роднага краю, жывяць натхненне.

Уздзеянне чалавека на прыроду, на жаль, не заўсёды даўгабачнае. Каналізаваныя рэчышчы, што прымаюць сцёк з меліярацыйных каналаў, заіленыя, з зарослымі берагамі ўжо не надта вабяць. Але рэкі і рэчкі будуць жыць, бо пульсуюць артэрыі крыніц.

Пра крыніцы Стаўбцоўшчыны можна было б весці асобную размову. Многія з іх безназоўныя, але вядомыя і жаданыя для мясцовых жыхароў, і не толькі. Так, і мінчане, праязджаючы па шашы, скіроўваюць да крыніцы ў Рубяжэвічах. І ў Сіняву патрапяць гараджане, каб напоўніць посуд чысцюткай, гаючай вадой.

Цікава, што ў крынічнай вадзе знаходзяць лекавыя ўласцівасці. І нават крыніцы абвяшчаюцца святымі. Так, жыхары вёскі Дудкі даўно ведаюць, што на месцы былой панскай сядзібы, дзе цяпер балаціна з кустоўем, пульсуе струмень жывой вады. І людзі могуць пацвердзіць, што былі выпадкі, калі вада з крыніцы дапамагала ў лячэнні нават злаякасных пухлін. Была праведзена экспертыза, якая паказала, што сапраўды вада гэтая выключна чыстая, багатая мінеральнымі солямі.

Арганізавалі суботнік, ачысцілі прастору вакол крыніцы. Святар прачытаў малітву, тут паставілі крыж. Крыніца дагледжаная – яна таксама сярод скарбаў нашай зямлі.

Яшчэ адзін яскравы прыклад, як трэба шанаваць адвечныя багацці. А велічны гімн Коласа Бацькаўшчыне: «Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы» працягваецца і такімі радкамі: «Вось як цяпер, перада мною ўстае куточак той прыгожа, крынічкі вузенькая ложа…»

Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *