Новы год сустракайце не ў гасцях, а дома

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

Набліжаюцца любімыя ўсімі навагоднія і калядныя святы, і мы звяртаемся да галоўнага санітарнага ўрача раёна Аляксея Бондарава, каб даведацца, як бяспечна правесці іх у цяперашніх эпідэміялагічных умовах.

– Варта адмовіцца ад гасцей (самім нікуды не хадзіць і да сябе нікога не запрашаць) і, калі ёсць жаданне, сустрэць Новы год на вуліцы, каля ёлкі. Сацыяльнае дыстанцыраванне – у ліку асноўных мер прафілактыкі і бяспекі, – адназначна выказваецца Аляксей Бондараў. – Аналагічныя патрабаванні і да святочных набажэнстваў у храмах. Калі вы сабраліся наведаць храм, то абавязкова будзьце ў масцы, не стварайце там стоўпатварэння.

– Аляксей Віктаравіч, якая эпідэміялагічная сітуацыя складваецца на тэрыторыі раёна і што ўплывае на яе?

– У апошнія два тыдні ўзровень захваральнасці пайшоў на спад, але ён па-ранейшаму застаецца сур’ёзным. Расслабляцца ні ў якім выпадку нельга.

Высокую эфектыўнасць у пераліку супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў дае арганізацыя на прадпрыемствах і ва ўстановах так званых уваходных фільтраў. У супрацоўнікаў штодзень фіксуюць тэмпература цела, і тых, у каго яна павышаная, адхіляюць ад работы. Уданым выпадку гэта вельмі пазітыўны момант.

Магу сказаць, што ў працоўных калектывах выконваецца масачны рэжым (нават калі работнік захварэў, то дзякуючы нашэнню маскі ён не распаўсюджвае захворванне на іншых) і праводзіцца належным чынам дэзынфекцыя, уборка памяшканняў з прымяненнем сродкаў дэзынфекцыі.

Сёння шмат на якіх прадпрыемствах раёна назіраюцца ўспышкі захваральнасці, але ўстойлівых ланцужкоў інфекцыі не прасочваецца. Усе калектывы працягваюць працаваць, і гэта наша самае вялікае дасягненне. У ім  ёсць уклад як санітарнай службы, так і прадпрыемстваў.

– У рэспубліцы трывожныя факты прыходзяць з дзіцячых калектываў…

– У школах раёна сітуацыя не крытычная. На каранцін не закрыта ніводная з іх. Максімальная колькасць дзяцей, якія адсутнічаюць на занятках па прычыне вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі, не перавышае 15 працэнтаў (увядзенне каранцінных мер разглядаецца пры адсутнасці 30 працэнтаў вучняў. – Заўвага рэдакцыі). Праводзім штодзённы маніторынг гэтага пытання.

– Што гавораць вынікі санітарнага нагляду?

– Выяўляюцца такія выпадкі, калі на прадпрыемствах адсутнічаюць запісы ў журналах тэрмаметрыі, хоць работа гэтая праводзіцца і, пры неабходнасці, работнікаў адхіляюць ад працы. Увогуле за парушэнне супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў прыменены штрафныя санкцыі згодна з Адміністрацыйным кодэксам Рэспублікі Беларусь да пяці прадпрыемстваў раёна.

У ходзе размовы Аляксей Бондараў падзяліўся і такой навіной. Для больш якаснага правядзення дэзынфекцыі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі дадаткова ўкамплектаваны новым абсталяваннем – генератарам халоднага туману. З ім работнікі аддзела эпідэміялогіі выязджаюць на аб’екты, а таксама штотыдзень па выхадных днях праводзяць поўную дэзынфекцыю памяшканняў паліклінікі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *