Сёлета рэдакцыя газеты «Прамень» прапануе яшчэ больш разнастайных акцый для сваіх падпісчыкаў. Адна з іх прайшла ў Стоўбцах напярэдадні святочных дзён.
Валанцёры раённага камітэта БРСМ Дзмітрый Янушкевіч і Аліна Гуліцкая, апранутыя ў касцюмы Дзеда Мароза і Снягуркі, выйшлі на вуліцы горада, каб расказаць пра раённую газету «Прамень». Завяршаецца падпіска на першы квартал і першае паўгоддзе 2021 года. З запалам і зацікаўленасцю яны гутарылі з чытачамі выдання, цікавіліся іх навагоднімі жаданнямі. Адначасова прапаноўвалі падпісацца на раёнку і атрымаць прыемны бонус – бясплатнае размяшчэнне аб’явы на старонках газеты. Навагоднія героі ўручалі ўдзельнікам акцыі сувеніры ад рэдакцыі.
Памятнае фота з Дзедам Марозам і Снягуркай на вуліцах горада акунула гараджан у казку і нагадала аб надыходзячых святах.
Ксенія РУБІН, фота аўтара