Гаспадар у душы і на справе

Важное Сельская гаспадарка

Сялянская фермерская гаспадарка «Сула», кіраўніком якой з’яўляецца Уладзімір Радзевіч, была створана дваццаць гадоў назад. Сёння гэта добра аснашчаная вытворчасць, якая эфектыўна працуе і якой немагчыма не ганарыцца.


Кіраўнік фермерскай гаспадаркі Уладзімір Радзевіч

Дапамог аўтарытэт бацькі


Уладзімір Піліпавіч Радзевіч

– На той час, калі ў мяне ўзнікла задума адкрыць сваю справу, я ўжо меў вопыт работы ў камерцыйных структурах, – гаворыць Уладзімір Радзевіч. – Мяне падтрымаў бацька, з якім разам пачалі працаваць. Атрымаць у карыстанне зямлю было нялёгка. Заяву разглядалі на агульным сходзе калгаснікаў, і людзі прагаласавалі супраць. Другая спроба, аднак, прынесла вынік. І ў многім дзякуючы аўтарытэту бацькі, які шмат гадоў адпрацаваў у раёне, у тым ліку і ў якасці старшыні райвыканкама.

27 гектараў зямлі невысокай бальнасці, а дакладней кажучы, няўдобіц, – не лепшы пачатак, але Радзевічы не адступілі. Пачалі вывучаць беларускі рынак. Высявалі на выдзеленай зямлі спачатку збожжавыя. Бульбу апрабоўвалі і пачыналі вырошчваць з невялікай плошчы – двух гектараў.

Не ўсё спачатку атрымлівалася, бо бульбаводства – няпростая галіна, якая патрабуе немалога напружання і ведаў. Пасля паездкі ў Галандыю і Германію, дзе Уладзімір Уладзіміравіч азнаёміўся з тэхналогіяй вырошчвання і захоўвання гэтай прапашной культуры, ён зразумеў, што і як трэба рабіць. Цяпер у карыстанні фермера – 640 гектараў, на якіх вырошчваюцца бульба, рапс, гарох фуражны, збожжавыя. Дарэчы, паспяховыя фермерскія гаспадаркі маюць зямельныя плошчы больш за тысячу гектараў, і гэта дазваляе выкарыстоўваць дарагую тэхніку, якая акупляецца менавіта на вялікіх плошчах.

Пачынаў з беларускіх сартоў

А пачынаў сваю дзейнасць Уладзімір Уладзіміравіч з вырошчвання беларускіх сартоў «скарб, «брыз», «журавінка». Спачатку бульбу рэалізоўвалі на сталічныя базы. Пасля набыцця новых сартоў замежнай селекцыі рынак пачаў расшырацца.

– Аднак ён дыктуе свае ўмовы, – працягвае размову фермер. – Для таго каб прадаць бульбу, патрэбен попыт. А попытам карыстаюцца менавіта замежныя сарты. Высаджваем тыя, што растуць на нашай зямлі. Апрабоўвалі некалькі дзясяткаў, але пакінулі самыя перспектыўныя. Для паспяховага бізнесу дастаткова і шасці-васьмі. Сярод тых, што карыстаюцца асаблівым попытам, – «белароса» і «венета». Сёння асноўны напрамак дзейнасці фермерскай гаспадаркі – вырошчванне насеннай і харчовай бульбы менавіта нямецкай селекцыі кампаніі»Еўраплант». З партнёрамі наладжана цеснае супрацоўніцтва. СФГ «Сула» з’яўляецца дылерам кампаніі.

З удзелам міністра

Некалькі гадоў запар фермер праводзіў «дні поля», якія збіралі нямала спецыялістаў сельскагаспадарчай галіны з розных куточкаў Беларусі і замежных краін. Гэта нераўнадушныя да данай культуры людзі, якіх цікавілі апошнія напрацоўкі ў вырошчванні бульбы і новыя перспектыўныя сарты. Затым рамкі гэтага мерапрыемства былі расшыраны. На базе СФГ «Сула» прайшла першая міжнародная спецыялізаваная выстава «Еўразійская бульба», якая прыцягнула да сябе вялікую ўвагу спецыялістаў аграрнага комплексу Беларусі, Расіі і краін Еўрапейскага саюза. У прыватнасці, выставу наведаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання. Госці далі высокую ацэнку рабоце фермерскай гаспадаркі і адзначылі яе важкі ўклад у развіццё бульбаводства не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Дзякуючы Уладзіміру Радзевічу бульбаводчыя сельгаставарыствы раёна маюць сёння добры насенны матэрыял. У выніку павялічылася ўраджайнасць другога хлеба. У фермерскай гаспадарцы яна дасягала звыш 400 цэнтнераў з гектара.

Мала вырасціць – трэба прадаць

Уладзімір Радзевіч займаецца маркетынгам, удзельнічае практычна ва ўсіх выставах, якія праходзяць у Еўропе і Расіі. Бо разумее, што бульбу мала вырасціць – яе трэба рэалізаваць, прычым па прымальнай цане. І Уладзімір Уладзіміравіч з гэтым паспяхова спраўляецца. Хоць зрабіць гэта і няпроста, бо ў апошнія гады ў Расіі развіваюцца ўласная вытворчасць і перапрацоўка бульбы. Фермер выйграе за кошт якасці прадукцыі. Яго бульба мае высокі таварны выгляд і адносіцца да прэміум-класа. Якім чынам гэта ўдаецца? Скрупулёзна вытрымліваецца тэхналогія вырошчвання. Прымяняюцца самыя сучасныя сродкі аховы раслін.

За час існавання гаспадаркі яе кіраўнік чатыры разы станавіўся лаўрэатам конкурсу «Лепшы прадпрымальнік года» ў намінацыі «Лепшая сялянская фермерская гаспадарка» на ўзроўні вобласці і двойчы – на рэспубліканскім. У 2015 годзе Уладзіміру Радзевічу прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Міншчыны». У рамках мерапрыемства, якое праходзіла з гэтай нагоды, ён стаў лаўрэатам спецпрэміі ў намінацыі «Вытворчая дзейнасць». Уладзімір Уладзіміравіч узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». У інтэрв’ю ён сказаў: «Любому чалавеку прыемна, калі яго заўважаюць, а ў мяне асабіста – гонар за прызнанне нялёгкай сялянскай працы».

СФГ «Сула» пастаўляе ў магазіны харчовую бульбу ў сетках пад уласным брэндам «Панямонне»

Пабудавана ў гаспадарцы і бульбасховішча з клімат-кантролем умяшчальнасцю пяць тысяч тон. Бульба засыпаецца ў скрыні, якія змяшчаюцца ў спецыяльныя камеры, дзе падтрымліваецца неабходная тэмпература. Такім чынам клубні тут можна захоўваць да студзеня-мая. Усе працэсы ў сховішчы аўтаматызаваны. Устаноўлены камп’ютар, што дае магчымасць сачыць за станам бульбы. Дарэчы, аптовыя пастаўкі бульбы ажыццяўляюцца толькі за межы рэспублікі.


У продаж бульба паступае ў папяровай упакоўцы, якую фермерская гаспадарка пачала выкарыстоўваць першай і пакуль што адзінай у рэспубліцы

Аснашчалася паступова

Для паспяховай работы фермеру патрэбна была сучасная тэхніка. Рэалізоўвалі прадукцыю і паступова набывалі неабходныя машыны. Неўзабаве на тэрыторыі гаспадаркі з’явілася ноу-хау – лінія па каліброўцы і фасоўцы бульбы. Абсталяванне неаднойчы дэманстравалася на семінарах, што праходзілі ў раёне. Цяпер у фермера ў наяўнасці цэлая лінейка сучасных сельгасмашын для вырошчвання гэтай беларускай культуры, пачынаючы ад падрыхтоўкі глебы, пасадкі бульбы, правядзення работ па доглядзе гэтай культуры, яе ўборкі, фасоўкі і заканчваючы закладкай на захоўванне.

Машынна-трактарны парк сёння налічвае сем трактароў, чатыры грузавыя аўтамашыны і два пагрузчыкі. Ёсць высокапрадукцыйны бульбаўборачны камбайн. Раённае кіраўніцтва падтрымлівае фермера.

Калектыў невялікі, працуюць 18 чалавек, сярод якіх – механізатары, вадзіцелі, спецыялісты, рознарабочыя. Практычна з пачатку заснавання гаспадаркі
шчыруе інжынер Аляксандр Валадзько. Старанна выконваюць даручаную справу механізатары Алег Жытко, Сяргей Ніканчук, Андрэй Цярэшка, Сяргей Пяткевіч, Віктар Лёсік і Сяргей Макоўскі.

Спаржа – культура выгадная

А яшчэ фермер тры гады назад пасадзіў белую спаржу – даволі запатрабаваную, дзякуючы сваім смакавым якасцям і карысным рэчывам, у рэстаранным бізнесе культуру. Менавіта ў нашым раёне сканцэнтравана яе вырошчванне. Сёлета сабраны першы ўраджай. Рэалізоўвалі парасткі, а менавіта яны ўжываюцца ў ежу, у Санкт-Пецярбург і ва Украніну. Увогуле рынак збыту даволі шырокі. Пандэмія закончыцца, і можна будзе прадаваць спаржу ў Еўропу. Па якасці яна ніколькі не саступае замежнаму аналагу. Культура гэтая даволі выгадная, і ёю варта займацца, таму фермер разлічвае вырошчваць спаржу і далей. Плануе закупіць шлейф машын, з дапамогай якіх будуць не толькі ўбіраць, але і мыць, абразаць і фасаваць парасткі. Плошча, якую займае спаржа, невялікая, таму пакуль што гэта робіцца ўручную.

Мне прыгадваюцца словы Уладзіміра Уладзіміравіча, якія ён сказаў у адным са сваіх інтэрв’ю: «Не шкадую, што вярнуўся ў вёску, дарагую майму сэрцу малую радзіму – Ячонку. Люблю сваю работу, ёю жыву і адданы без астатку выбранай справе. Мне ёсць каму перадаць свой бізнес. Малодшая дачка Крысціна – юрыст, менеджар па продажы прадукцыі, якуювырошчвае наша фермерская гаспадарка. Ва ўсім мне дапамагае і падтрымлівае мяне».

Работа, якой прысвяціў сваё жыццё Уладзімір Уладзіміравіч, і сапраўды нялёгкая, патрабуе вытрымкі і цвёрдасці характару, умення і дасканалага валодання рабочым працэсам. Таму і пажаданні самыя шчырыя: высокіх ураджаяў, а значыць – і далейшага росквіту бульбаводчай фермерскай гаспадарцы.

Надзея БАТАЛКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *