Хутка ў школу

Адукацыя Нумары

НАСТРОЙ УЗНЁСЛЫ

Вось з такім бадзёра-ўзнёслым настроем мяркуюць працаваць у навучальных установах раёна выпускнікі педагагічных ВНУ Беларусі Яўген Рымашэўскі, Ірына Чуйко, Уладзіслаў Алешка і Вікторыя Бязмен, якія папаўняюць калектывы гімназіі № 1 г. Стоўбцы, Любкаўшчынскай сярэдняй школы, яслі-сада № 6.

Васіль ЗЯНЬКО

 

РЭЙТЫНГ: СТАЎБЧАНЕ – ПЕРШЫЯ Ў ВОБЛАСЦІ

Унікальны факт, які падымае аўтарытэт і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, і наогул усёй адукацыйнай сферы раёна. Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў агучыў інфармацыю па ўступнай кампаніі. Стаўбцоўскі раён выйшаў на першае месца ў Мінскай вобласці па сярэднім бале на цэнтралізаваным тэсціраванні сярод абітурыентаў. Выпускнікі школ нашага раёна ў сярэднім бале паказалі самыя высокія веды. Першае месца – на цэнтралізаваным тэсціраванні па біялогіі, грамадазнаўстве, хіміі, другое месца – па рускай мове, беларускай мове, геаграфіі, трэцяе месца – па гісторыі Беларусі, французскай, нямецкай мовах. У нас ёсць абітурыентка са 100 баламі па грамадазнаўстве – Караліна Сілко з Навасвержанскай СШ.

Чым не нагода парадавацца за нашых выпускнікоў і наогул за раён у цэлым. Так трымаць і ў новым навучальным годзе!

 

АБЛАСНАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ

У раённым цэнтры Узда адбылася абласная жнівеньская канферэнцыя настаўнікаў. Дэлегацыю раёна, у склад якой увайшлі кіраўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і навучальных устаноў,  педагогі, выхавацелі, узначаліў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель.

Трыбуна абласной нарады дала магчымасць зацікаўлена абмеркаваць надзённыя пытанні сферы адукацыі як стратэгічнага рэсурсу інавацыйнага развіцця Мінскай вобласці.

Раённаму Дому творчасці дзяцей і моладзі быў аказаны гонар прадставіць на абласной канферэнцыі выставу творчых работ выхаванцаў гэтай установы пазашкольнага выхавання.

Абласная канферэнцыя стала прадвеснікам раённай, якая адбудзецца 21 жніўня.

 

ПРАЦЭНТ НЕ ЗМЯНШАЕЦЦА

300 выпускнікоў сярэдняй школы выйшлі сёлета з нашага раёна ў самастойнае жыццё. 167 з іх (55,6 працэнта) сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў.

Найбольшы працэнт паступленняў у вышэйшыя навучальныя ўстановы,  як і ў мінулым годзе, у гімназіі № 1 – 93; 73 працэнты – у СШ № 2, 56 – у СШ № 3,  80 – у Навасвержанскай СШ, 67 – у вучэбна-педагагічным комплексе «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа», 62 – у Налібацкай СШ, 58 –  у Цясноўскай СШ імя Ф. Э. Дзяржынскага, 50 – у Шашкоўскай, 48-44 – у Дзераўнянскай, Рубяжэвіцкай, Коласаўскай, Засульскай сярэдніх школах.

Працэнт паступленняў у вышэйшыя навучальныя ўстановы з году ў год не змяншаецца, што сведчыць аб трывалых ведах вучняў, адпаведнасці дзейнасці навучальных устаноў патрабаванням часу і прэстыжнасці вышэйшай адукацыі.

 

З БЛАГАСЛАВЕННЕМ БОЖЫМ

Для вучняў, студэнтаў, настаўнікаў у Стаўбцоўскім Свята-Аннінскім храме па традыцыі будуць адслужаны малебны перад новым навучальным годам.

Паўдзельнічаць у гэтым богаслужэнні і атрымаць благаславенне на вучобу і працу можна ў суботу, 23 жніўня, у 10.30; у панядзелак, 25 жніўня, у 10. 00 і 18. 00; у суботу, 30 жніўня –  у 10.30.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *