У 2021 годзе на стадыёне ў Стоўбцах з’явіцца новае футбольнае пакрыццё, а таксама пройдзе масавае фізкультурнае мерапрыемства — сямейны забег. У стаўбцоўскай моладзі ў сувязі з цяперашняй эпідэміялагічнай сітуацыяй і адсутнасцю лыжных гонак будзе магчымасць выехаць на трэніровачна-вучэбныя заняткі на лыжныя базы Мінскай вобласці.
Пра гэта і іншае паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Яўген Булойчык падчас выязнога прыёму грамадзян на базе ДУ «Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Стаўбцоўскага раёна».
У гутарцы Яўген Булойчык высока ацаніў работу Стаўбцоўскага раёна ў сферы спорту і турызму, а таксама яе рэзервы:
— Інфраструктура дазваляе не толькі аказваць насельніцтву паслугі аздараўлення, але і вырошчваць чэмпіёнаў. У крокавай даступнасці для жыльцоў новага шматпавярховага мікрараёна Стоўбцаў, які разбудоўваецца, фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Недалёка ад райцэнтра – Коласава, дзе створана нядрэнная лыжная база.
Яўген Васільевіч засяродзіў увагу на тым, што Міншчына, дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва аблвыканкама, першая ў рэспубліцы пабудуе да 2023 года фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў кожным раёне (пакуль без ФАКу застаюцца Дзяржынск і Узда, на даны момант будаўніцтва гэтага аб’екта вядзецца ў Старых Дарогах – Заўвага рэд.).
Эфектыўнаму аздараўленню насельніцтва садзейнічае не толькі матэрыяльна-тэхнічная база, але і новыя формы работы, якія развіваюцца дзякуючы граматным кадрам і дзяржаўна-прыватнаму партнёрству.
– Мы пераходзім на той узровень работы, калі на кааператыўных умовах арганізуюцца сямейныя забегі, прычым як на доўгія, так і на кароткія дыстанцыі. Пашыраецца іх геаграфія. Барысаў, Ратамка, Салігорск, Мядзел, Капыль… У 2021 годзе такі забег пройдзе ў Стоўбцах, — паведаміў Яўген Булойчык. – Галоўнае – не самі спаборніцтвы, а падрыхтоўка да іх, якая прымушае весці здаровы лад жыцця, умацоўваць імунітэт (што надзвычай важна ў барацьбе з «кавідам») і ўвогуле мяняць светапогляд.
У планах спартыўнага кіраўніцтва Мінскай вобласці – арганізаваць спартыўнае жыццё на дваровых тэрыторыях, а менавіта з дапамогай папулярных у моладзі варкаўт-пляцовак, антывандальных трэнажораў і г. д.
Як адзначыў Яўген Булойчык, у бліжэйшы час у Стоўбцы ў чарговы раз завітаюць прадстаўнікі вучылішча алімпійскага рэзерву — для адбору кандыдатаў на вучобу сярод вучняў 6-7 класаў сельскіх школ. «Такая ўвага да спорту з боку дзяржавы дае магчымасць кожнаму маладому чалавеку, незалежна ад месца пражывання, дабіцца самых высокіх вынікаў», — падкрэслівае Яўген Васільевіч.
Яўген Булойчык акрэсліў задачы на 2021 год і ў сферы турызму:
— У першую чаргу гэта развіццё ўнутранага турызму, а ён пачынаецца са школы. Неабходна развіваць веласіпедны, рачны турызм.
Стаўбцоўшчына мае ў гэтым плане шыкоўны патэнцыял і не менш значныя напрацоўкі. Да прыкладу, раённыя велапрабегі праводзяцца па некалькі разоў на год, пралягаюць па розных маршрутах і маюць вялікую колькасць прыхільнікаў. Чым не магчымасць для вывучэння малой радзімы і выхавання патрыётаў?!
Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара