Нашы кантактныя тэлефоны: 5-44-47, 5-33-63, SMS – 8-029-663-54-05

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Актуальнае пытанне, якое стаіць на парадку дня ў нашым раёне, – гэта паэтапнае адключэнне праваднога радыё.  Адключэнне праваднога радыё не значыць пазбаўленне радыёэфіру. Радыёпраграмы можна будзе слухаць з дапамогай іншых тэхнічных сродкаў. Начальнік лінейнага-станцыйнага цэха раённага вузла электрычнай сувязі Віталій Памазкоў звяртаецца да жыхароў раёна з тлумачэннем:

«Мы падключылі сельскія выканаўчыя камітэты, заручыліся падтрымкай раённага выканаўчага камітэта, каб скарыстаць усе магчымасці інфармацыйнага паведамлення жыхароў сельскіх населеных пунктаў аб правядзенні мадэрнізацыі сеткі праваднога вяшчання. Развешваем аб’явы на грамадскіх будынках у сельскіх населеных пунктах для апавяшчэння жыхароў. Улічваючы крытычны тэрмін эксплуатацыі апор паветраных ліній праваднога вяшчання, высокія затраты, звязаныя з эксплуатацыяй і неабходнасцю мадэрнізацыі існуючай сеткі, а таксама тэндэнцыю зніжэння колькасці абанентаў, рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Белтэлекам» праводзіцца планавая паэтапная аптымізацыя сеткі праваднога вяшчання. Даводзім да ведама жыхароў раёна, што з 1 па 15 верасня будзе праводзіцца паэтапная работа па спыненні аказання паслуг праваднога вяшчання ў населеных пунктах Любкаўшчына, Пагарэлае, Жыгалкі, Вішнявец, Вязавец, Зарэчча, Навапольцы, Перакопаўшчына, Крамец, Падзерычы, Галавенчыцы, Халаімаўшчына, Мархачоўшчына. З 15 верасня ў гэтых населеных пунктах спыняецца прадастаўленне паслуг праваднога радыё. З 15 па 30 верасня будзе праводзіцца такая ж паэтапная работа ў вёсках Новы Свержань, Залужжа, Казейкі, Вечатарова, Слабада, Задвор’е, Заямнае, Сцяцкі, Канкаловічы, Яблынаўка, Кучкуны, Атцэда, Баханы, Апечкі, Семенчыцы, Аталезь. З 30 верасня ў гэтых населеных пунктах будзе спынена прадастаўленне паслуг праваднога вяшчання.

Эфірны прыём гукавой праграмы «Першы нацыянальны канал Беларускага радыё» будзе магчымы шляхам выкарыстання любога радыёпрыёмніка, які працуе ў дыяпазоне частот 65,9 – 74,0 МГц і 87,5 – 108,0 МГц.

Вытворчасць радыёпрыёмнікаў асвоена ў Рэспубліцы Беларусь, яны адпавядаюць патрабаванням электрабяспекі і пажарабяспекі, працуюць не толькі ад сеткі пераменнага току, але і ад батарэек, што дазваляе забяспечыць упэўнены бесперабойны прыём праграмы «Першы нацыянальны канал Беларускага радыё» нават у выпадку адсутнасці электрычнай энергіі ў вашым населеным пункце.

Набыць радыёпрыёмнікі магчыма ў сэрвісным цэнтры РУП «Белтэлекам» па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Я. Коласа, 67-а альбо ў гандлёва-рознічнай сетцы горада Стоўбцы. Прыёмнікі можна набыць у час выязнога гандлю. Для гэтага вам неабходна пакінуць заяўку па тэлефоне 108.

Дадатковая аплата за карыстанне радыёпрыёмнікам і трансляцыю праграм налічвацца не будзе. Спадзяёмся на ваша разуменне. Даведкі можна атрымаць па тэлефоне 108 ці на сайце www. beltelekom.by».

У рэдакцыю паступіла некалькі зваротаў і тэлефанаванняў наконт графіка работы стадыёна «Юнацтва». Група жанчын звярталася з просьбай наконт стадыёна «Юнацтва»: каб веснічкі ўвахода на стадыён адкрывалі не ў 8 а ў 6 гадзін, бо многія стаўбчане, асабліва ў летні час, хацелі б прабегчыся, зрабіць ранішнюю зарадку перад работай менавіта на стадыёне, а не бегаць па вуліцах горада.

Дырэктар ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна» аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама Сяргей Жук даў тлумачэнні наконт графіка работы стадыёна «Юнацтва» і пайшоў насустрач просьбам жыхароў Стоўбцаў. Зайсці на стадыён у ранішні час можна з боку галоўнага ўвахода (з вуліцы Ленінскай) у 6 гадзін.

Работнікі і наведвальнікі рынку «Лебедзь» цікавяцца, калі будзе адкрыты на рынку туалет.

Кіраўніцтва рынку просім звярнуць увагу на даную праблему. Чакаем адказу.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *