Жыць вам, ветэраны, да 100!

Важное Грамадства

image_pdfimage_print

Пажаданне, якое дасылаюць нам, сучаснікам, ветэраны вайны, – берагчы мір.

У снежні ветэран Вялікай Айчыннай вайны Юльян Мамонька адзначыў сваё 95-годдзе. Шаноўны юбіляр жыве ў вёсцы Перакопаўшчына.

Да яго з віншаваннямі і падарункамі прыехалі з раённай ветэранскай арганізацыі, сельвыканкама. Ветэран чакаў гасцей. Было шмат успамінаў і проста радасці ад сустрэчы, бо для таго, хто прайшоў франтавымі дарогамі, быў паранены і цудам уратаваўся, найвялікшую каштоўнасць маюць увага і падтрымка, цеплыня чалавечых адносін.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 18-гадовы Юльян Мамонька быў прызваны на фронт і накіраваны ў 40-ы танкавы полк. Спачатку быў стралком, потым бясстрашнага салдата перавялі ў разведчыкі, а гэта значыць, што яму не раз выпадала пераходзіць лінію фронту, так званае міннае поле, каб любой цаной узяць палоннага і даставіць яго ў штаб. Нашы войскі наступалі, і неабходна была інфармацыя… Не абыходзілася без страт, у тым ліку гінулі і таварышы Юльяна Міхайлавіча. Ён сам быў паранены, але выжыў. Пасля лячэння ў шпіталі вярнуўся ў сваю часць і працягнуў  выконваць баявыя заданні.

На яго шляху было вызваленне Варшавы, Дрэздэна і іншых гарадоў. Доўгачаканую перамогу сустрэў у  Берліне. За мужнасць і смеласць Юльян Мамонька ўзнагароджаны  медалём «За Перамогу над Германіяй у гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.».

Сваё пасляваеннае жыццё ветэран прысвяціў сельскай гаспадарцы. Працаваў трактарыстам тадышняга калгаса імя Мічурына. Яго працоўны стаж складае амаль 40 гадоў.

Юльян Мамонька быў не толькі добрым працаўніком. Ён стварыў моцную сям’ю, у якой вырасла чацвёра дзяцей. Сёння  цешыцца 17 унукамі і праўнукамі і, безумоўна, можа пахваліцца годнай і дагледжанай старасцю. У гэтым асабліва стараюцца яго дзеці, тым самым паказваючы прыклад сваім нашчадкам, як трэба будаваць адносіны паміж пакаленнямі.

– Клопат пра ветэранаў вайны – наша агульная задача. Іх мы беражом, любім і, безумоўна, помнім іх подзвіг у імя нашага мірнага жыцця, – падкрэсліла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Наталля Лапко.

Жывіце доўга, ветэраны!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *