Запрашаем да святочнага стала

Грамадства

image_pdfimage_print

Традыцыі навагодняга застолля ў кожнай сям’і свае. Выбар святочных рэцэптаў залежыць выключна ад вашых пераваг. Прапануем розныя стравы, якія парадуюць усіх, хто сабраўся за навагоднім сталом.

Салата «Бычок»

Інгрэдыенты: 200 г курынага філе, 300 г бульбы, 4 яйкі, 340 г гарошку (кансерваванага), 200 г варанай каўбасы, 10 г сыру, 10 г маслін (без костачак), 100 мл маянэзу.

Прыгатаванне: курынае філе адварваем на працягу 20-25 хвілін і астуджваем прама ў булёне – такім чынам мяса будзе больш сакавітым. Затым здрабняем яго невялікімі брускамі. Звараную ў мундзірах бульбу надзіраем на дробнай тарцы. Вараныя яйкі дзелім на бялкі і жаўткі, кожны інгрэдыент надзіраем на тарцы ў розныя ёмістасці. На шырокую талерку выкладваем кавалачкі мяса і надаём форму галавы бычка. Мясны слой змазваем маянэзам. Наступны слой робім з кансерваванага гарошку і маянэзу. Затым – слаі жаўткоў і бульбы, кожны з якіх таксама пакрываем тонкай сеткай маянэзу. Цяпер салату цалкам пакрываем бялкамі і пачынаем афармляць у выглядзе сімвала 2021 года. З варанай каўбасы выразаем нос і вушы, з сыру – рогі, а з маслін – ноздры, вочы і вейкі.

Курыца з лімонам і часнаком

Інгрэдыенты: 1 курыца, 2 лімоны, 2 галоўкі часнаку, сметанковае масла, прыправы – на свой смак, соль і перац.

Прыгатаванне: выпатрашыце курыцу, натрыце яе соллю і перцам і ўкладзіце ўнутр здробненую палову лімона і пяць зубчыкаў часнаку. Рэшткі лімона і часнаку пакладзіце ў форму, на іх – курыцу і засыпце спецыямі. Зверху выкладзіце некалькі кавалачкаў масла і запякайце 1,5 гадзіны пры тэмпературы 190 градусаў пад накрыўкай або фольгай.

Салата «Лаура»

Інгрэдыенты: 2 свежыя агуркі, 50 г кансерваванай кукурузы, 1 пучок лісця салаты, 1 пучок любой зеляніны, маянэз і соль.

Прыгатаванне: агуркі нарэжце саломкай, зеляніну і салату накрышыце рукамі. Дабаўце астатнія прадукты і змяшайце. Выкладзіце ў салатніцу і ўпрыгожце букецікамі зеляніны.

Свініна ў арэхавай паніроўцы

Інгрэдыенты: 1 кг свініны, 1 цыбуліна, 50 г алею, соль і перац, 100 г арахісу, 2 ст. л. смятаны, 2 зубчыкі часнаку, па пучку пятрушкі і кропу, востры перац.

Прыгатаванне: натрыце мяса большай часткай алею, соллю і перцам, засыпце кольцамі цыбулі і пакіньце ў халадзільніку на дзве гадзіны. Здрабніце ў блэндары арахіс, часнок, зеляніну, перац са спецыямі (на свой смак) і дабаўце туды ж смятану і яшчэ 10 г алею. Змажце свініну гэтай масай з усіх бакоў, загарніце ў фольгу і 1,5 гадзіны запякайце пры тэмпературы 180 градусаў. За 20 хвілін да канца разгарніце фольгу для атрымання румянай скарыначкі.

Навагодняе пясочнае пячэнне

Інгрэдыенты: 100 г сметанковага масла, 200 г мукі, 1 яйка, 150 г цукру, 1 ч. л. разрыхляльніку, дробка солі.

Прыгатаванне: разатрыце халоднае сметанковае масла з цукрам, каб атрымалася крышыва, туды ж дабаўце соль, яйка, разрыхляльнік і муку. Вымесіце цеста і пакіньце на 40 хвілін. Раскачайце яго таўшчынёй 4 мм. Нарэжце цеста на кавалачкі і выпякайце сем хвілін пры тэмпературы 230 градусаў.

Рэцэпты падрыхтавала Марына КУТАС



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *