Перад вераснем

Адукацыя Нумары

КОЛЕРЫ ТАЛЕНТУ

У  розных  накірунках  праслаўляюць  сваю  школу  вучні  СШ  №  3 г. Стоўбцы. У скарбонку  ўзнагарод, якія вывелі гэтую навучальную ўстанову ў рэйтынг лепшых школ рэспублікі, уклад і дзевяцікласніцы Валерыі Сінянковай. Пад кіраўніцтвам настаўніцы  рускай мовы і літаратуры Таццяны Урбан Валерыя падрыхтавала даследчую работу «Сімволіка колеру ў апавяданні Ю. Казакова «Блакітнае і зялёнае». Гэтая творчая праца дала магчымасць раскрыцца вучаніцы з яе ўменнямі ўбачыць і адчуць тое, што ад іншых скрыта, прыгожа выказаць свае думкі, арыгінальна думаць.

Гэтая праца была прадстаўлена на рэспубліканскі конкурс работ даследчага характару ў секцыі «Літаратуразнаўства». Работа Валерыі Сінянковай  прызнана лепшай сярод  21-й работы, што  падрыхтавалі навучэнцы ліцэяў, гімназій сталіцы і вялікіх гарадоў.

Валерыі давялося і абараніць сваю працу перад патрабавальнай камісіяй. Ёй хапіла асабістай абаяльнасці, смеласці трымацца на публіцы і інтэлектуальных сіл, каб зрабіць гэта бліскуча.  Дыплом І ступені дастаўся Валерыі Сінянковай.

Увесь гэты час падтрымлівала сваю вучаніцу Таццяна Леанідаўна, якая сумела ўбачыць у Валерыі здольнасці, дапамагчы ёй вызначыцца з тэмай, умела накіроўваць работу. Так што абедзве яны – пераможцы. Дай Бог Таццяне Урбан і яе вучням сіл і здароўя на творчасць і выніковую працу і ў новым навучальным годзе.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ТРЫБУНА КІРАЎНІКА: НОВЫПОГЛЯД

Сёння дырэктар і яго кіраўніцкая каманда павінны ўмець бачыць будучае школы, перспектывы яе развіцця. У сучасных умовах кіраванне школай і адукацыйным працэсам магчыма толькі ў тым выпадку, калі ў працэс кіравання будзе ўключана ўся школьная супольнасць.

Каардынатары па рабоце з таленавітымі вучнямі – настаўнік беларускай мовы і літаратуры І. М. Саракавік, настаўнік геаграфіі Л. Л. Нарановіч, адказны за інфарматызацыю школы настаўнік інфарматыкі Т. М. Сасноўская,  каардынатар па рабоце з сям’ёй педагог сацыяльны Г. Я. Аўлохава, адказны за афармленне і добраўпарадкаванне школы настаўнік працоўнага навучання Я. М. Ліпай. Сумесная работа педагагічнага калектыву школы дае свае вынікі. Дасягненнямі нашай установы адукацыі лічу наступныя: сфарміраваны здольны, кваліфікаваны, творчы калектыў педагогаў (75% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі; 40% – сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій); дасканала  спланавана работа ўстановы адукацыі на навучальны год;  адпрацавана свая сістэма работы з педагогамі, маладымі спецыялістамі. Зыходзячы з пастаўленых мэтаў і задач на 2013/2014 навучальны год былі вызначаны і праведзены тэматычныя педагагічныя саветы: «Хуткасць, гібкасць, творчасць – гарант якасці адукацыйнай дзейнасці ўстановы адукацыі» (жнівень 2013 г.), «Культура вольнага часу дзяцей і падлеткаў» (снежань 2013 г.), «Удасканаленне педагагічнага майстэрства педагогаў праз самаадукацыйную дзейнасць» (сакавік 2014 г.). Пры падрыхтоўцы да педагагічных саветаў праведзены семінар-практыкум «Сучасныя падыходы да арганізацыі вольнага часу школьнікаў» (кастрычнік 2013 г.), майстар-класы настаўнікаў «Мая педагагічная майстэрня», школьны конкурс пазакласных мерапрыемстваў «Вольны час школьніка: 25 ідэй». З мэтаю павышэння педагагічнага майстэрства настаўнікаў з 2013 года ў школе выдаецца інфармацыйна-метадычны часопіс «Новы погляд», выйшла два нумары. Першы нумар часопіса прысвечаны праблеме фарміравання культуры вольнага часу дзяцей і падлеткаў, другі – праблеме павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў праз самаадукацыйную дзейнасць. У нашай школе створаны віртуальны кабінет  з мэтаю распаўсюджання вопыту работы класных кіраўнікоў і сістэматызацыі іх матэрыялаў. Створаны спрыяльныя ўмовы для навучання і выхавання вучняў (100 працэнтаў складае ахоп вучняў 1-11 класаў факультатыўнымі заняткамі). Аказваюцца платныя адукацыйныя паслугі для вучняў па 9-ці вучэбных прадметах, працуе «Школа будучага першакласніка». Ва ўстанове адукацыі  функцыянуе дзевяць аб’яднанняў па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладной, эстэтычнай, спартыўнай, тэхнічнай, краязнаўчай і экалагічнай накіраванасці.  Усе вучні ахоплены маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі. З 2010 года выдаецца газета «Лістапад», выйшла 11 нумароў.

Захоўваюцца  і развіваюцца традыцыі ўстановы адукацыі, падтрымліваецца цеснае супрацоўніцтва з Вішнявецкім сельскім Домам культуры, ААТ «Вішнявецкі-агра».

Назіраецца актыўны ўдзел вучняў і педагогаў у конкурсах і мерапрыемствах рознага ўзроўню. У мінулым навучальным годзе вучні і педагогі школы прынялі ўдзел у 8 рэспубліканскіх конкурсах і атрымалі 3 дыпломы, у 11 абласных (5 дыпломаў), 22 раённых (20 дыпломаў). На базе школы праведзены раённыя семінары для настаўнікаў-дэфектолагаў, кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, Дзень упраўленца ў рамках ІІІ раённага педагагічнага марафону.

У развіцці творчых здольнасцяў  вучняў, росце прафесіяналізму педагогаў, занятасці дзяцей і падлеткаў значную ролю адыгрывае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Дзякуючы рамонту гаспадарчым спосабам і па грамадзянска-прававых дагаворах пяць вучэбных кабінетаў, настаўніцкая, метадычны кабінет, кабінет дырэктара, пакой гігіены, калідор на другім паверсе выглядаюць сучасна і прыгожа, кожны кабінет мае прадметную накіраванасць, заменена мэбля, устаноўлены жалюзі.

Такім чынам, Вішнявецкая сярэдняя школа ўпэўнена глядзіць наперад, не спыняецца на дасягнутым, і ў гэтым заслуга ўсіх ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу: педагогаў, вучняў, бацькоў, спонсараў. Менавіта дзякуючы іх садружнасці,  сумеснай творчасці наша школа мае свой твар, свой творчы почырк.

Таццяна БЕЛАНОВІЧ,дырэктар Вішнявецкай сярэдняй школы

 

ЗДАРОВАЕ АСЯРОДДЗЕ: БАСАНОЖ ПА ТРАВЕ

Прырода сама паклапацілася аб стварэнні ўмоў для арганізацыі аздараўленчай работы з дзецьмі. Коласаўскі яслі-сад размешчаны ў зоне ляснога масіву: сосны, бярозы вясной і летам ахоўваюць дзяцей ад прамых сонечных промняў, ствараюць натуральны цень, восенню і зімой радуюць вока казачным убраннем. Паветрам, напоеным кіслародам, лёгка  дыхаецца. Пад покрывам зялёных насаджэнняў ствараецца асаблівы мікраклімат. Гульнявыя пляцоўкі, па перыметры апраўленыя зялёнай загараддзю, маюць вялікую плошчу і травяное пакрыццё. Гэта дазваляе ў цёплы час года праводзіць загартоўванне на свежым паветры, рухомыя гульні, спартыўныя спаборніцтвы. Нашы дзеці  летам  ходзяць па траве басанож, абліваюць ногі вадой, праводзяць дыхальную гімнастыку, плюхаюцца ў надзіманых басейнах, загараюць. Для дзіцяці рух – гэта  патрэбнасць. Таму нашы выхавальнікі надаюць асаблівую ўвагу рухальнай актыўнасці дзяцей на свежым паветры. На кожнай пляцоўцы абсталяваны «дарожкі здароўя», незаменныя для прафілактыкі плоскаступнёвасці.

Для стварэння станоўчага эмацыянальнага фону, зняцця псіха-эмацыянальнага напружання ў дзяцей педагогі выкарыстоўваюць музыкатэрапію і казкатэрапію. На гульнёвых пляцоўках усіх узроставых груп, а таксама пры ўваходзе ў дашкольную ўстанову рукамі бацькоў і супрацоўнікаў аформлены  куткі, якія ўяўляюць сабой фрагменты  казак.

На тэррыторыі ўстановы разбіты агарод і кветнік, аформлена экалагічная сцежка. Рабяты знаёмяцца з рознымі аб’ектамі жывой прыроды, яе ўзаемасувяззю з навакольным светам, у іх выхоўваюцца беражлівыя адносіны да прыроды.

Летам для ўмацавання здароўя дзяцей усё жыццё яслі-сада, за выключэннем прыёму ежы і сну, выносіцца на вуліцу. На свежым паветры арганізоўваюцца гульні з прыродным матэрыялам.

У дашкольнай установе наладжана работа па захаванні пітнога рэжыму, рацыянальным харчаванні выхаванцаў, уведзены другі сняданак, разам з якім дзеці дадаткова атрымліваюць сокі і садавіну. Гэта спрыяе ўзбагачэнню дзіцячага арганізма вітамінамі, а значыць, павышае супраціўляльнасць  прастудным захворванням.

У спальных памяшканнях у летні перыяд створаны ўмовы для правядзення сну з доступам свежага паветра. Рух паветра ў памяшканні аказвае станоўчы ўплыў на арганізм дзіцяці: паляпшаецца тэрмарэгуляцыя, а значыць, і самаадчуванне. У кожнай групе абсталяваны «куток цішыні». Ен выкарыстоўваецца для псіхалагічнай разгрузкі дзіцяці, тут можна  адпачыць, пагуляць з любімай цацкай, што спрыяе ўмацаванню псіхічнага здароўя дзетак.

У зімні перыяд нашы выхаванцы катаюцца на санках, лыжах, ледзяных дарожках, гуляюць у рухомыя гульні, ладзяць спаборніцтвы. Для гэтага рукамі абслуговага персаналу і бацькоў ствараюцца снежныя горкі, якія маюць форму казачных персанажаў. Снежныя будынкі размалёўваюцца каляровай гуашшу, каляровымі ільдзінкамі і іншымі ўпрыгажэннямі. Дзеці атрымліваюць шмат станоўчых эмоцый, сузіраючы снежную казку. Дзіцячая фантазія мае прастор для развіцця і ўвасаблення ў сюжэтна-ролевых, рухомых гульнях.

Для забеспячэння псіхалагічнага камфорту дзіцяці ў  групах дзіцячага сада сфарміраваны  экалагічныя цэнтры, у якіх  падабраны пакаёвыя расліны. Яны не толькі ўпрыгожваюць наш быт, але і ачышчаюць паветра ад пылу, паглынаюць шкодныя рэчывы, выдзяляюць карысныя фітанцыды, увільгатняюць паветра.

Сваё развіваючае асяроддзе мы выкарыстоўваем для выпрацоўкі ў выхаванцаў правільных звычак захавання і ўдасканалення здароўя, мы дапамагаем ім быць здаровымі.

Людміла РОДЧАНКАВА,загадчыца Коласаўскага дзіцячага яслі-сада

 

СА СТАТУСАМ – ГІМНАЗІЯ: ДОМ ВЕДАЎ, МУДРАСЦІ І ЦЕПЛЫНІ

Навучаць і выхоўваць актыўнага і адказнага грамадзяніна – адна з прыярытэтных задач любой установы адукацыі. Місія гімназіі № 1 г. Стоўбцы  бачыцца найперш  у якасці, эфектыўнасці, даступнасці навучання. Яна вырашаецца праз развіццё разумовых і творчых здольнасцяў навучэнцаў, іх духоўнага пачатку, выхаванне разумення імі  агульначалавечых, гуманістычных  каштоўнасцяў,  культурных і духоўных традыцый беларускага народа, дзяржаўнай ідэалогіі, стварэнне для кожнага ўдзельніка навучальнага працэсу ўмоў для  рэалізацыі сябе ў дарослым, самастойным жыцці паўнапраўным грамадзянінам сваёй дзяржавы.

 Выпускнікі любога пакалення нашай установы адукацыі з вялікім шанаваннем ставяцца да сваёй гімназіі і аддаюць сюды сваіх дзяцей на выхаванне. Для бацькоў вельмі важна, дзе будзе навучацца дзіця пасля завяршэння вучобы ў пачатковай школе, калі яно мае высокі патэнцыял ведаў і пазнавальную актыўнасць. І хоць сёння для навучання ў гімназіі трэба здаць спецыяльныя іспыты па трох прадметах, жадаючых вучыцца менавіта ў дзяржаўнай установе адукацыі  “Гімназія № 1 г. Стоўбцы” не меншае: прахадны бал у  пяты клас у гэтым навучальным годзе – ад 39 да 57 балаў. Не сакрэт, што вельмі важную ролю для ўстановы адукацыі  адыгрывае  фарміраванне ўстойлівага пазітыўнага іміджу. У век інавацыйнага буму паказчыкам якасці адукацыі, гарантам паспяховасці  і адпаведнасці міжнародным стандартам з’яўляюцца веды, уменні навучэнцаў, якія дазволяць ім у будучым  паспяхова адаптавацца ў пастаянна зменным сацыяльным і эканамічным асяродку. Самае галоўнае ў нашай справе – любіць дзяцей і сваю працу.

 Гімназія № 1 г. Стоўбцы функцыянуе з вывучэннем асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні: V-IX класы – замежная мова, VII-IX класы – матэматыка; у X-XI класах ажыццяўляецца навучанне па накірунках (фізіка-матэматычны, філалагічны: беларуская, руская мовы, замежная мова, хіміка-біялагічны). З 2004 года пачынаючы з VIII класа з навучэнцамі гімназіі працуюць выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі па прадметах матэматыка і фізіка. Тры гады гімназісты ўдзельнічаюць у школе па навучанні англійскай мове, якая дзейнічае пад эгідай ЮНЭСКА. Ва ўстанове адукацыі ствараюцца ўмовы для вучобы на дадатковых курсах у Дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, пры Нацыянальнай акадэміі навук.

Урокі працоўнага навучання і факультатыўныя заняткі па чарчэнні – першыя крокі ў будучую прафесію. Сярод гімназістаў запатрабаваны заняткі ў студыі “Разьбы зачараванне”,  у цэнтры дадатковых паслуг  “Буду гімназістам”. Разам з тым, наша ўстанова адукацыі надае значную ўвагу развіццю інавацыйнай  і праектнай дзейнасці, прапагандзе вучнёўскіх дасягненняў. Таму садзейнічае створаная ў гімназіі мадэль цэнтра развіцця талентаў “Пазнанне” па рабоце з адоранымі і матываванымі вучнямі. У рамках цэнтра дзейнічае навуковае таварыства навучэнцаў  “Пошук”, якое мае свой савет, малую акадэмію навук, працуе летні эколага-краязнаўчы атрад. Нашы гімназісты актыўныя ўдзельнікі  інтэлектуальных конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый, турніраў, рэспубліканскай алімпіяды. 2013 – 2014 навучальны год адзначаны новымі поспехамі: колькасць выдатнікаў не зменшылася – іх 52, а гэта 16 працэнтаў ад агульнай колькасці ўсіх навучэнцаў. Пяць выпускнікоў па выніках атэстацыі ўзнагароджаны залатымі  і сярэбранымі медалямі. Каманда юных матэматыкаў “Алгарытмік” другі год запар з’яўляецца пераможцай на матэматычным турніры. Вучні Анастасія Марцінчык, Генадзій Блашко, Мілена Куянава, Раман Ермакоў і іх настаўнікі ўзнагароджаны дыпломамі і граматамі за ўдзел у конкурсе  “З верай у сэрцы”. Андрэй Хадзічэнка і Ксенія Рубін узнагароджаны дыпломамі за ўдзел у рэспубліканскім маладзёжным конкурсе, прысвечаным 70-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Навуковыя працы Дзмітрыя Рандзюка і Андрэя Хадзічэнкі адзначаны пахвальнымі водгукамі на VII Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці народа”. У раённым конкурсе даследчых работ прымалі ўдзел дзесяць навучэнцаў, работы ўсіх журы ацаніла станоўча. Сапраўдным поспехам адзначана праца харэаграфічнага калектыву “Гарошынкі”. У абласным этапе конкурсу “Здравствуй, мир” калектыў  узнагароджаны дыпломам I ступені. З Італіі, Міжнароднага фальклорнага фестывалю ў Рыміні, ім таксама ўдалося прыехаць з перамогай. Гэта для гімназістаў не толькі адказная творчая камандзіроўка, але і цудоўны запамінальны адпачынак на беразе Адрыятычнага мора. Вікторыя Паўлюць здабыла перамогу ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды – дыплом III ступені па беларускай мове і літаратуры. Бажэна Звыцэвіч і Мілена Куянава ўзнагароджаны па выніках I Мінскай лінгвістычнай алімпіяды. Значны поспех нашых гімназістаў, несумненна, гэта поспех настаўнікаў , якія працуюць з такімі вучнямі, поспех бацькоў, таму што яны заўсёды  побач са сваімі дзецьмі, у цесным тандэме з настаўнікам.

Адміністрацыя гімназіі і яе настаўнікі – сапраўдныя прафесіяналы, якія не баяцца прымяняць новыя методыкі і сучасныя сродкі навучання. Гэта дапамагае вучням інтэнсіўна засвоіць змест вучэбных праграм і арыентавацца ў патоку інфармацыі. І самае галоўнае, на мой погляд, у гімназіі ёсць свой непаўторны гімназічны дух, які заснаваны на ўзаемаразуменні і адзінстве. Заўважце,гэта не панібрацтва паміж настаўнікамі і вучнямі, а менавіта адзінства з агульнымі мэтамі, задачамі, жаданнем быць паспяховымі. Побач з намі заўжды і нашы ветэраны педагагічнай працы, нашы папярэднікі і нашы дарадцы. І ўсе разам мы робім наш агульны дом ведаў, мудрасці і цеплыні домам, дзе запальваюцца сэрцы.

 Таццяна МАРОЗ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 г. Стоўбцы

 

ВУЧЭБНА-ПЕДАГАГІЧНЫ КОМПЛЕКС: У СУПОЛЬНАСЦІ – ДАРОСЛЫЯ І ДЗЕЦІ

Важным накірункам у сваёй рабоце лічым павышэнне прафесійнага майстэрства педагогаў. Кадравы патэнцыял нашай дашкольнай установы прадстаўлены шасцю педагогамі. Іх кваліфікацыя, стаж працы, вопыт, адукацыйны ўзровень дазваляюць выконваць пастаўленыя задачы. Па выніках кантрольна-аналітычнай дзейнасці за навучальны год мы плануем работу на далейшае.

Педагагічная, псіхалагічная падтрымка дзіцяці і сям’і накіравана не толькі на забеспячэнне якасці працэсу выхавання, развіцця і фарміравання выхаванцаў, але і на прыняцце комплексу мер па ўключэнні ў гэты працэс бацькоў, забеспячэнне пераемнасці сямейнага выхавання і дашкольнай адукацыі. Немалаважнае значэнне для калектыву мае ўкараненне разнастайных формаў работы з сям’ёй: правядзенне фальклорных свят, конкурсаў, сумесных мерапрыемстваў. Эфектыўнай з’яўляецца і такая форма ўзаемадзеяння сям’і і педкалектыву як дзейнасць клуба “Дарослыя і дзеці” пад кіраўніцтвам педагога Н. І. Садоўскай. Цеснае ўзаемадзеянне педагогаў і сям’і дазваляе стварыць адзіную адукацыйную прастору, у якой дзіцяці цікава, камфортна і пазнавальна.

  Вялікую ўвагу наш калектыў  надае стварэнню ўмоў для раскрыцця творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу. Для дзяцей, якія маюць ярка выражаныя здольнасці ў тым ці іншым відзе дзейнасці (выяўленчай, музычнай, інтэлектуальнай і інш.), ва ўстанове функцыянуюць адукацыйныя паслугі, што дазваляюць развіваць талент дзяцей. З мэтай рэалізацыі бацькоўскіх запытаў адукацыйныя паслугі маюць самую разнастайную накіраванасць – фізкультурна -аздараўленчы, інтэлектуальна – развіваючы і эстэтычны накірункі.

 Установа адукацыі праводзіць эфектыўную работу па ўкараненні асноў бяспекі жыццядзейнасці. Яе паказчыкам стаў удзел у раённым, а затым – у абласным аглядзе-конкурсе “Бяспечнае дзяцінства”, у якім мы занялі другое месца ў Мінскай вобласці. Таксама штогод выхаванцы нашай установы адукацыі прымаюць удзел у раённым конкурсе “Я – даследчык”.

 Вялікую ролю надаём добраўпарадкаванню нашай установы адукацыі. У групавых памяшканнях створаны ўсе ўмовы для камфортнага знаходжання рабят у дзіцячым садзе: сучасны дызайн, гульнявы і дыдактычны матэрыялы. А размяшчэнне ўстановы адукацыі ў лясным масіве садзейнічае ўмацаванню здароўя нашых выхаванцаў.

Ала ЛУКАШЭВІЧ, намеснік дырэктара Акінчыцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад — пачатковая школа



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *