Аліўе і асаблівасці харчовай бяспекі

Важное Грамадства

Фота мае ілюстрацыйны характар

Любыя святы даюць магчымасць для кулінарных фантазій і навацый. Пры гэтым нельга забываць пра харчовую бяспеку.

Харчовыя атручванні бактэрыяльнай этыялогіі абумоўлены ужываннем у ежу прадуктаў, забруджаных мікробамі і іх таксінамі. З ежай могуць перадавацца ўзбуджальнікі вострых кішачных інфекцый: сальманелы, эшарыхіі, іерсініі, шыгелы (узбуджальнік дызентэрыі), ротавірусы, вірус гепатыту А і інш.

Напярэдадні святаў гаспадыні загадзя закупляюць прадукты, рыхтуюць вялікую колькасць розных салатаў і кандытарскіх вырабаў, якія адносяцца да ліку прадуктаў, што хутка псуюцца.

Для папярэджання харчовых атручванняў такія прадукты і прыгатаваныя салаты нельга трымаць пры пакаёвай тэмпературы больш за дзве гадзіны. Не варта змешваць свежапрыгатаваную ежу з рэшткамі той, што засталася ад учарашняй вячэры.

На кухні падтрымлівайце чысціню. Гэта датычыць як кухоннага і сталовага посуду і прыбораў, так і паверхняў, кухонных прыналежнасцяў, з дапамогай якіх ідзе прыгатаванне ежы. Мыць іх трэба з прымяненнем мыйных сродкаў.

Старанна прамывайце пад праточнай вадой зеляніну, гародніну, садавіну (пажадана абдаць іх кіпячонай вадой). Выконвайце правілы асабістай гігіены, у прыватнасці мыйце рукі з мылам перад пачаткам гатавання ежы і пасля кантакту з сырой прадукцыяй, пасля наведвання туалета, вяртання з вуліцы.

Раздзяляйце сырыя і гатовыя да ўжывання прадукты: выкарыстоўвайце пры транспарціроўцы асобную ўпакоўку, асобныя апрацоўчыя дошкі і нажы, захоўвайце прадукты ў закрытым посудзе, каб прадухіліць кантакт прадукцыі, гатовай да ўжывання, і сырой.

Выконвайце тэхналогію прыгатавання страў: старанна прасмажвайце або праварвайце прадукты, асабліва мяса, птушку, яйкі. Пры гатаванні мяса ці птушкі іх сок павінен быць празрыстым. Старанна падагравайце стравы – суп лепш пракіпяціць, а мяса прасмажыць не менш за пяць хвілін. Выконвайце ўмовы захоўвання і тэрміны прыдатнасці (пратэрмінаваныя прадукты выкідвайце без шкадавання).

Рыхтуйце ежу ў такой колькасці, каб з’есці яе на працягу аднаго — двух дзён. Не захоўвайце ежу і прадукты доўгі час нават у халадзільніку, асабліва калі герметычная ўпакоўка прадукту парушаная. Улічыце пры фарміраванні святочнага меню асаблівасці дзіцячага харчавання.

Калі адчуваеце сябе не зусім здаровым (болі ў жываце, млоснасць, ваніты, дыярэя), ні ў якім разе не займайцеся прыгатаваннем ежы для сям’і і гасцей, неадкладна звярніцеся да ўрача.

Не набывайце харчовыя прадукты (у першую чаргу ​​малако, тварог, прадукты хатняга вырабу) ў неўстаноўленых месцах гандлю, падвяргаючы небяспецы як уласнае здароўе, так і здароўе сваіх родных і блізкіх.

Прыемнага апетыту, будзьце здаровы!

Паліна ВЫСОЦКАЯ, валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

Фота alchevsk.su



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *