Кожнаму чытачу – прамень радасці

Важное Грамадства

image_pdfimage_print

Напярэдадні Новага года мы сустрэлі сваіх падпісчыкаў і чытачоў у гарадскім аддзяленні сувязі, куды яны завіталі для афармлення падпіскі на раёнку на першы квартал 2021 года, і папрасілі іх перадаць пажаданні  жыхарам Стаўбцоўшчыны, а таксама нашаму выданню, якое імкнецца жыць жыццём раёна і нашых чытачоў, дасылае ў кожны дом прамень радасці і надзеі.

Вольга Шуцько:– Сваю раённую газету чытаем усёй сям’ёй, разам з дзецьмі. Кожны знаходзіць для сябе нешта цікавае, значнае. Выпісваем газету гадоў 10 і з нецярпеннем чакаем кожнага свежага нумара. Праз газету знаёмімся з жыццём раёна, з яго адметнымі людзьмі.

Хочацца, каб у новым годзе ўсе былі здаровымі і моцнымі, ва ўсіх збыліся запаветныя мары і спадзяванні, была нагода парадавацца поспехам і дапамагчы сваім бліжнім і незнаёмым людзям, каб у сэрцы не знікла вера ў дабро.

Тамара Янкоўская:– Раённую газету выпісваем пастаянна і з задавальненнем. Яе чытаюць усе ў сям’і. Муж, маторабудаўнік, цікавіцца развіццём прамысловасці, а я, як настаўніца, – справамі адукацыі. Гэтыя публікацыі выкарыстоўваю ў сваёй рабоце. Наш сын, «айцішнік», любіць пазнаёміцца з мясцовымі навінамі.

У новым годзе жадаю ўсім жыхарам раёна быць здаровымі, шчаслівымі, дарыць адзін аднаму ўвагу і цяпло, верыць у тое, што пандэмія хутка пройдзе і ўсе мы вернемся да звычайнага жыцця.

Леанора Калоша:– Выпісваю раённую газету для свайго дзядулі Леаніда Анатольевіча Шыбко. Ён чытае «Прамень» даўно, вельмі любіць раёнку і не ўяўляе, як без яе можа пачацца новы год. Гэта такая сямейная традыцыя, якую працягваем і мы, унукі.

Стаўбцоўшчына – наша малая радзіма, дарагі сэрцу куточак, таму стаўбчанам перадаю шмат добрых слоў. Вельмі прыемна, калі наш горад і раён трапляюць у эпіцэнтр знакавых падзей, калі яны на слыху, рухаюцца ў нагу з часам.

Ірына Жыбуль:

– Мае бацькі выпісвалі раённую газету, і я гэта раблю ўсё сваё жыццё. Чытаю з цікавасцю, асабліва тое, што датычыць гімназіі, дзе я працую, і ўвогуле дзяцей, поспехаў і дасягненняў нашых сем’яў. Першае, што мне прыемна зрабіць у сераду і суботу, – зазірнуць у паштовую скрыню. Дзякуй за вашу працу. Ад душы віншую з Новым годам і Ражджаством Хрыстовым, жадаю аптымізму і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, цікавых планаў на будучае, усіх зямных даброт!

Таццяна Грамыка:

– Колькі сябе памятаю, у нашай сям’і ўсе чытаюць «Прамень». Любоў і павага да раёнкі перадалася мне ад матулі. Чытаем усё, аднак мне, з улікам спецыфікі маёй работы, асабліва падабаюцца навіны і артыкулы на тэму адукацыі. Спадзяёмся на далейшае плённае супрацоўніцтва ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме з рэдакцыяй газеты. Віншую з надыходам Новага года і жадаю ўсім чытачам газеты і яе аўтарам радасных свят, веры ў свае сілы і – у цуды!

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *