Правілы і нарматыўныя акты трэба выконваць

Нумары Прамая лінія

У працаўнікоў вёскі час зараз даволі напружаны, але на прамую лінію з галоўным спецыялістам райсельгасхарча па ахове працы Людмілай МАГЕР паступіла нямала званкоў. І ўсе яны былі слушныя.

Першае тэлефанаванне са Стоўбцаў: «Наколькі высокі ўзровень траўматызму ў аграпрамысловым комплексе  рэспублікі і ў нашым раёне?»

– Работа ў сельскай гаспадарцы ў ліку траўманебяспечных. Летась у сельскагаспадарчай вытворчасці краіны адбылося 145 няшчасных выпадкаў, у тым ліку 34 – са смяротным зыходам (узрост пацярпелых, сярод якіх пераважаюць механізатары і вадзіцелі, ад 18 да 45 гадоў) і 11 – з цяжкім. У стане алкагольнага ап’янення загінулі 10 чалавек, васямнаццаць атрымалі цяжкія траўмы. Цяжкія траўмы атрымалі 26 жанчын, дзве з якіх ужывалі спіртное. Большасць выпадкаў адбылося з-за парушэння пацярпелымі працоўнай дысцыпліны і патрабаванняў нарматыўных прававых актаў па ахове працы. А таксама з-за невыканання кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы.

У нашым раёне сёлета адбыўся адзін смяротны выпадак у ААТ “Рочавічы”, дзе загінуў механізатар. Летась было чатыры няшчасныя выпадкі, два з якіх з цяжкім зыходам.

«Мой 16-гадовы сын захацеў на канікулах уладкавацца ў сельгаставарыства памочнікам камбайнера, але яму адмовілі».

– У сувязі з тым, што падчас жніва ў рэспубліцы мелі месца выпадкі са смяротным або цяжкім зыходам з удзелам непаўналетніх, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, у адпаведнасці з атрыманым нарматыўным дакументам, забараніла заключаць дагаворы з непаўналетнімі на выкананне работ на механізаваных збожжатаках і збожжаўборачных камбайнах. Увогуле ж працаваць падлеткам можна з 14-гадовага ўзросту, але толькі з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў. Гэта павінна быць лёгкая работа, якая не з’яўляецца шкоднай для здароўя. Пры заключэнні дагавораў з непаўналетнімі на выкананне іншых відаў сельскагаспадарчых работ кіраўніцтвы гаспадарак строга прытрымліваюцца адпаведных пастаноў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Працоўнага кодэкса і іншых заканадаўчых актаў аб працы.

«Кіраўніцтва гаспадаркі не забяспечвае нас сродкамі індывідуальнай абароны, спасылаючыся на адсутнасць грошай на іх набыццё. Ці правамерна гэта?»

– Неправамерна, бо наймальнік абавязаны выдаць работнікам, прычым бясплатна, сродкі індывідуальнай абароны па нормах і ў парадку, якія вызначаны. А таксама арганізаваць належнае іх утрыманне (захоўванне, мыццё, рамонт, дэзынфекцыю, абеззаражванне, чыстку). Акрамя гэтага наймальнік за кошт уласных сродкаў можа прадугледзець у адпаведнасці з калектыўным дагаворам, працоўным дагаворам выдачу работнікам сродкаў індывідуальнай аховы звыш устаноўленых нормаў. Гэта занатавана ў арт. 230 Працоўнага кодэкса.

«Мне, як памочніку камбайнера, была зроблена заўвага, што працую на жніве ў сланцах, але ж у абутку нагам горача».

– Выкарыстанне сланцаў траўманебяспечна. І на гэтым пастаянна засяроджваецца ўвага. Згодна з правіламі па тэхніцы бяспекі камбайнерам і іх памочнікам можна выкарыстоўваць адкрыты абутак, але толькі з фіксацыяй пяты нагі.

І наступнае пытанне ў тэму: «Сёлета надвор’е падчас уборкі выдалася надзвычай спякотным, а ці можна экіпажу камбайнераў працаваць без спецадзення?»

– Зразумела, што надвор’е стаіць анамальна спякотнае, але кожны работнік павінен клапаціцца аб сваёй бяспецы і надзяваць спецадзенне, якое для гэтага і выдаецца.  Данае правіла занатавана і ў напамінку камбайнеру.

«Маёй дачцэ яшчэ не споўнілася тры гады, ці могуць мяне прыцягнуць да работы ў начны час сутак?»

– Толькі з вашай пісьмовай згоды. Дадам, што да работы ў начны час, нават калі яна прыходзіцца на частку рабочага дня або змены, не дапускаюцца цяжарныя жанчыны і работнікі, якія не дасягнулі васямнаццацігадовага ўзросту.

«У якіх навучальных установах рыхтуюць спецыялістаў па ахове працы? І ці ёсць дэфіцыт такіх кадраў у сельскай гаспадарцы?»

– Ведаю, што рыхтуюць спецыялістаў па ахове працы, у прыватнасці, такія вышэйшыя навучальныя ўстановы як Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Інжынеры па ахове працы на сельскагаспадарчых прадпрыемствах запатрабаваныя, ёсць вакансіі і ў сельгаставарыствах нашага раёна.

Падрыхтавала Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *