Каб усё добрае прымнажалася

Важное Грамадства

image_pdfimage_print

Чым знамянальны для вас год адыходзячы і якіх перамен чакаеце ў наступным? Як і дзе плануеце сустракаць Новы год?  Гэтыя пытанні мы адрасавалі вясковым жыхарам, якія нарадзіліся ў год Быка.

Уладзіслаў Камейша, загадчык гаража ААТ «Каганец»:

– У бягучым годзе ў маім жыцці адбылося нямала падзей, якія запомняцца. У перыяд жніва ўпершыню сам кіраваў камбайнам, а да гэтага быў памочнікам. Прымаў удзел у раённым свяце «Дажынкі-2020». На ўрачыстай лінейцы ва ўніверсітэце міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь уручыў мне падарунак.

Удзельнічаў у рэспубліканскім аўтапрабегу «За адзіную Беларусь!». Нядаўна здаў дзяржаўныя экзамены. У пачатку надыходзячага года – абарона дыпломнай работы. У гаспадарцы ёсць перспектыва кар’ернага росту, таму думаю пасля заканчэння БДАТУ паступаць вучыцца далей. Ёсць вялікае жаданне набыць участак і пабудаваць дом. Усе мае планы павінны здзейсніцца, бо гэта мой год. Навагодняе свята, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, буду сустракаць з бацькамі.

Уладзімір Качаноўскі, ветфельчар ТАА «СЖК «Налібакі»:

– Для мяне асабіста адыходзячы год запомніцца нараджэннем дачкі Софіі – сястрычкі для нашай старэйшай – Вольгі. Мы з жонкай задаволены. Сур’ёзна задумаліся аб тым, што ім патрэбен і брацік. На рабоце справа ладзіцца. Марыў працаваць на новай ферме ў Налібаках, і гэтая мара сёлета здзейснілася. Умовы для работы тут створаны выдатныя. Калектыў з’яўляецца перадавым у раёне па надоях малака ад каровы і ўпершыню ў гісторыі не толькі гаспадаркі, але і раёна ўшчыльную наблізіўся да адзінаццацітысячнага рубяжу. Новы год будзем святкаваць у сямейным коле. Юлія па прафесіі повар, таму пастаянна радуе сваімі кулінарнымі здольнасцямі. Як і звычайна, нас будуць чакаць эксклюзіўныя стравы. У планах на наступныгод, калі ўсё складзецца ўдачна, – адпачынак на моры. Таму хочацца, каб хутчэй закончылася пандэмія і ўсе былі здаровымі.

Вольга Голышава, аператар машыннага даення ААТ «Рубяжэвічы»:

– У працоўным плане год пачаўся паспяхова. Мяне адзначылі – атрымала за работу падзячнае пісьмо Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК. Неўзабаве адбылася вельмі прыемная і значная ў маім жыцці падзея: дачка падарыла ўнука Захара. Усё складваецца добра. У надыходзячым годзе мяркую пайсці вучыцца, каб атрымаць вадзіцельскае пасведчанне.

Так склалася, што з году ў год 31 снежня традыцыйна выходжу на работу. Мяне гэта зусім не напружвае, бо да поўначы паспяваю прыйсці дадому. Кіраўніцтва гаспадаркі парадавала нас падарункамі – салодкім і прадуктовым наборамі, якія якраз дарэчы да святочнага стала.

У новым годзе вельмі хочацца стабільнасці, каб быць спакойнымі за сябе і сваіх дзяцей.

Віталій Тарабэш, механізатар ААТ «Жацерава»:

– Вельмі задаволены, што сёлета выкупілі ў таварыстве дом. Ён вялікі, ёсць куды запрасіць гасцей. Адзначыў у ім восенню з роднымі і сябрамі сваё 35-годдзе. У планах зрабіць у пакоях рамонт, паставіць новы плот, дабудаваць склеп. Працоўныя справы ладзяцца, у таварыстве атрымана самая высокая ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур. Намалаціў звыш тысячы тон збожжа.

У жніўні прыняў удзел у раённым этапе абласной акцыі «Міншчына спартыўная – за Беларусь!» і заняў першае месца ў сваёй узроставай катэгорыі.

Новы год звычайна сустракаем дома, у сямейным коле, са сваімі чатырма дзецьмі. Кірыл і Максім – школьнікі, Кацярына ходзіць у дзіцячы садок, а самаму маленькаму, Уладзіславу, у наступным годзе споўніцца два гады.

Запісала Надзея БАТАЛКА

Фота imgirl.ru



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *