Стан эмацыянальнага, разумовага знясілення, фізічнай стомленасці, які ўзнікае як вынік хранічнага стрэсу на працы, называецца сіндромам эмацыянальнага выгарання (далей – СЭВ).

У сваім развіцці СЭВ праходзіць тры паслядоўныя стадыі. Першая стадыя пачынаецца з прыглушэння эмоцый, згладжваецца вастрыня пачуццяў і свежасць перажыванняў, знікаюць станоўчыя эмоцыі, узнікае стан трывогі, незадаволенасці. Другая стадыя характарызуецца ростам канфліктаў на працоўным месцы, могуць з’яўляцца розныя каментарыі, якія тычацца працы і калектыву. На трэцяй стадыі чалавек становіцца абыякавым да ўсяго, нават да асабістага жыцця.
Выдзяляюць наступныя групы сімптомаў СЭВ:
- Фізічныя сімптомы – фізічная стомленасць, галаўны боль, пагаршэнне зроку, слыху, расстройствы сну.
- Эмацыянальныя сімптомы – раздражняльнасць, дэпрэсія, пачуццё віны, адчуванне безнадзейнасці.
- Паводзінскія сімптомы – зніжэнне энтузіязму ў працы, абыякавасць да вынікаў дзейнасці, невыкананне важных задач, прагулы, частыя бальнічныя лісты, злоўжыванне кавай, з’яўленне агрэсіі.
- Сімптомы ў міжасобасных адносінах – сацыяльная ізаляцыя, фармальнасць адносін, пачуццё незадавальнення адносінамі, дыстанцыраванне ад кліентаў і калег.
Наступныя рэкамендацыі накіраваны на прафілактыку СЭВ і павышэнне ўзроўню стрэсаўстойлівасці:
– рэгулярны адпачынак, баланс «праца – вольны час»;
– рэгулярныя фізічныя практыкаванні, якія спрыяюць выхаду энергіі, што сабралася ў выніку стрэсу (як мінімум тры разы на тыдзень па 30 хвілін);
– адэкватны сон (не менш за 7-8 гадзін) як самы важны фактар, які рэдукуе стрэс;
– неабходна стварэнне, падтрыманне «здаровага рабочага акружэння», калі здзяйсняецца планаванне чарговасці, тэрміновасці выканання работ, кіраванне сваім часам і інш.;
– патрэбна падзяляць адказнасць за вынік дзейнасці з кліентамі, вучнямі, пацыентамі, выпрацаваць уменне гаварыць «не»;
– наяўнасць хобі (спорт, культура, прырода), якое дапамагае зняць напружанне, што ўзнікае на працы;
– актыўная прафесіянальная пазіцыя, прыняцце адказнасці на сябе за сваю работу, свой прафесіянальны вынік, свае рашэнні, дзеянні, змену паводзін.
Анастасія БЯРВЕНСКАЯ, псіхолаг УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ»
Фота hochyvseznat.ru