Тэрыторыя дабрыні

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

У жніўні раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адзначыў сваё дзесяцігоддзе.

Многія, напэўна, памятаюць той час, калі цэнтр адкрываўся. Адразу няпроста было зарыентавацца ў тым, чым жа гэтая  ўстанова будзе займацца. За гады сваёй дзейнасці цэнтр не толькі акрэсліў накірункі работы, стаў адной з  арганізацый, якую найбольш наведваюць, але і знаходзіцца ў няспынным пошуку новых формаў дзейнасці.

Найперш, гэта работа з пажылымі людзьмі. Яна ўскладзена на аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму, якое нязменна з дня адкрыцця цэнтра ўзначальвае Валянціна Дубіцкая. На комплексным абслугоўванні аддзялення знаходзяцца 842 жыхары 104-х населеных пунктаў нашага раёна, з іх 194 адзінокія, 159 інвалідаў. Аб іх узялі клопат 93 сацыяльныя работнікі.  Для многіх пажылых і нямоглых сацыяльны работнік стаў без перабольшвання родным чалавекам, які выконвае намнога больш з таго, што ўваходзіць у пералік яго службовых абавязкаў. Спалучаецца разам і дзейнасць аддзялення пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання, спецыялісты якога пад кіраўніцтвам Надзеі Булаш вядуць прыём і кансультаванне грамадзян, праводзяць работу па выяўленні тых катэгорый грамадзян, хто мае патрэбу ў сацыяльнай дапамозе.

Аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання пад кіраўніцтвам загадчыцы Марыны Глебка прадастаўляе магчымасць аказання разавых сацыяльна-бытавых паслуг адзінокім і адзінока пражываючым пенсіянерам і інвалідам  райцэнтра. Аказанне сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі ўскладзена на аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, дзе спалучаецца вопыт спрактыкаваных спецыялістаў і ініцыятыўных псіхолагаў – Сяргея Есіса, Зінаіды Катлашэўскай, Веранікі Кажамяка, Іны Сенька. На дапамогу аддзялення могуць разлічваць сем’і, асобы, якія аказаліся ў крызісным становішчы, сіроты, што засталіся без апекі бацькоў. У цэнтры працуюць клубы па інтарэсах, псіхалагічная гасціная.

Вялікую рэабілітацыйную работу праводзіць аддзяленне дзённага прабывання для інвалідаў, якое ўзначальвае Наталля Макава. Наталля Аляксандраўна працуе ў цэнтры з дня яго адкрыцця. Спецыялісты аддзялення Таццяна Дзенісевіч, Ірына Кізянкова, Алена Друзік, Хрысціна Агароднік праводзяць індывідуальныя і групавыя заняткі з дзецьмі-інвалідамі і маладымі інвалідамі, заняткі ў гуртках дэкаратыўна-прыкладной творчасці, арганізоўваюць для іх культурна-масавыя мерапрыемствы, паездкі, паходы, экскурсіі.

Цэнтр, такім чынам, працягнуў руку дапамогі многім, рэалізоўвае праекты ў розных накірунках для розных катэгорый людзей. Больш падрабязна аб гэтым мы просім расказаць дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра Дзіяну Ранцюк, якая год назад змяніла на гэтай пасадзе Уладзіміра Стому. Уладзімір Сямёнавіч 9 гадоў узначальваў калектыў, пры ім была закладзена аснова, той фундамент, на якім будуецца работа сацыяльнай установы на сучасны момант.

–       Цэнтр ставіць сваёй задачай, – расказвае Дзіяна Генадзьеўна, – захаваць усе добрыя пачынанні, якія прыжыліся, прынеслі  плён. І разам з тым нельга спыняцца на дасягнутым. Жыццё ставіць шмат новых задач. Мы імкнёмся так пабудаваць сваю дзейнасць, каб першымі зрабіць крок да тых, каму мы можам аказаць дапамогу. І гэта датычыць не толькі абследавання разам з сельскімі Саветамі адзінока пражываючых грамадзян, але і наладжванне мастоў з іншымі катэгорыямі насельніцтва. Напрыклад, з асобамі, якія выйшлі з месцаў зняволення. Ім вельмі цяжка адаптавацца ў грамадстве. Яны могуць знайсці падтрымку ў цэнтры. Для аказання дапамогі ўсім, хто аказаўся ў цяжкім становішчы, у цэнтры нядаўна адкрыты крызісны пакой. Наватарствам з’яўляецца таксама стварэнне патранатнага савета – гэта форма міжведамаснага супрацоўніцтва з сем’ямі, накіраванага на садзейнічанне вырашэння іх праблем у розных сферах жыцця па прафілактыцы суіцыдаў і псіхафізічнага насілля. Чалавек не заўсёды можа разлічваць толькі на свае сілы. Прыйсці на дапамогу ў патрэбны момант і закліканы нашы супрацоўнікі. Мы дзякуем свяшчэннаслужыцелям за супрацоўніцтва з намі. Цэнтр узяў на сябе постінтэрнатнае суправаджэнне  дзяцей-сірот (да дасягнення імі 23-х гадоў), якія засталіся без апекі бацькоў, з мэтай аказання садзейнічання  іх сацыяльнай адаптацыі і паспяховай інтэграцыі ў грамадства. Наладжана работа з аддзелам адукацыі, спорту і турызму па прадастаўленні інфармацыі з рэспубліканскага банка даных дзяцей-сірот. У цэнтры працуюць граматныя псіхолагі, якія акажуць не толькі кансультацыйную, але і разгрузачную псіхалагічную дапамогу. Паслугі псіхалагічнай службы можна скарыстаць кругласутачна па тэлефонах даверу 8-029-360-54-99 (вэлком) і 8-033-359-54-99 (МТС). Сацыяльная работа патрабуе напружання не толькі фізічных, але і душэўных сіл. Каб не было «выгарання», псіхолагі праводзяць работу і з персаналам цэнтра з мэтай павышэння камунікатыўных навыкаў і аптымізацыі ўзаемадзеяння ў калектыве.

Знаходзяць далейшае развіццё традыцыйныя паслугі. Павялічваецца пералік разавых сацыяльна-бытавых паслуг. У ліку іх абразанне дрэў бензапілою, распілоўка бярвенняў. Плануем стварыць мабільную брыгаду, каб аказваць разавыя паслугі адзінокім людзям не толькі ў райцэнтры, але і ў сельскай мясцовасці. Для павышэння даступнасці сацыяльнага абслугоўвання і найбольшага ахопу паслугамі грамадзян у сельскай мясцовасці ў Дзераўнянскім сельсавеце адкрыты сацыяльны пункт. Там працуе наш інспектар. Цяпер займаемся арганізацыйнымі пытаннямі, каб адкрыць у раёне дом сезоннага прабывання. У зімовы перыяд там маглі б пражываць разам людзі, якім вельмі цяжка, а, можа, нават і немагчыма перазімаваць адным. А летам гэты дом служыў бы сацыяльнай дачай. Папулярнасцю карыстаюцца нашы клубы па інтарэсах: для пажылых людзей – «Гады – не бяда», для творчых асоб – «Ліра», для маладых сем’яў – «Любавушка», школа пазітыўнага мацярынства «Гармонія». Аматарскія аб’яднанні даюць магчымасць не толькі прыемна правесці час, быць у гушчыні падзей раёна, але і атрымаць новыя навыкі. Напрыклад, асвоіць камп’ютарную грамату. Плануецца стварэнне жаночага клуба. Работа сацыяльнага цэнтра ўключае ўзаемасувязь з дабрачыннымі фондамі. Цэнтр мае патрэбу ў тэхнічных сродках рэабілітацыі, інвалідных калясках. З гэтымі клопатамі да нас звяртаюцца людзі. Тэрытарыяльны цэнтр адкрыў свой сайт stolbtsi-zentr.com, дзе можна даведацца аб паслугах, якія мы прадастаўляем, выказаць свае прапановы, ідэі, уступіць у анлайн-зносіны. Мы распачалі доўгатэрміновы праект «Тэрыторыя дабрыні». Праект прадугледжвае мэту аказання дапамогі на лячэнне цяжка хворым дзецям і дарослым. Мы супрацоўнічаем з дабрачыннымі арганізацыямі, у ліку іх – Беларускі дзіцячы хоспіс. Гэтае аб’яднанне цяпер праводзіць збор сродкаў на будаўніцтва хоспіса. Мы ўдзельнічаем у агульнай справе дабрыні. Інфармацыя аб гэтым праекце заўсёды будзе абнаўляцца на нашым сайце. Справы міласэрнасці павінны датычыць кожнага чалавека. І мы просім кожнага жыхара раёна не быць раўнадушнымі да агульных спраў міласэрнасці, якія аб’яўляюцца ў нашым раёне.

І надалей работу цэнтра будуць развіваць з навізною ідэй, унікальнасцю праектаў і нефармальнымі формамі іх рэалізацыі. У рамках святкавання 10-гадовага юбілею тэрытарыяльнага цэнтра хачу пажадаць нашым супрацоўнікам цярпення, здароўя ім і іх блізкім, настрою на творчую работу.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Ранцюк з намеснікам Наталляй Усціновіч; загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Валянціна Дубіцкая (у цэнтры) з інспектарамі Марынай Еўстратчык і Таццянай Бруй; псіхолагі Сяргей Есіс, Кацярына Кураева са спецыялістам па сацыяльнай рабоце Зінаідай Катлашэўскай; заняткі ў гуртку праводзяць Таццяна Дзенісевіч і Ірына Кізянкова; загадчыца аддзялення дзённага прабывання інвалідаў Наталля Макава з інструктарам Хрысцінай Агароднік.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *