Творчасць юных: Павольная плынь

Захапленні Нумары

Усе жыхары вёскі  спяшаліся хутчэй схавацца ў хаты:  з паўднёва-ўсходняга боку, як і абяцалі сіноптыкі, набліжалася вялізная шэрая хмара. Мамы клікалі дзяцей, а тыя, у сваю чаргу, забіралі з двара цацкі. Праз некалькі хвілін вёска зусім апусцела. І толькі сямідзесяцігадовая Надзея Іванаўна засталася стаяць каля невысокага плота. Яе любімы кот Васілька паглядзеў на жанчыну са здзіўленнем, мяўкнуў, а потым, падняўшы пыску ў неба, смешна пабег пад дах.

Надзея Іванаўна і не думала ўцякаць. Яна, нібы дзіця, паслухмяна чакала. Нарэшце старая пачула гук матора, і да іх несамавітай вёскі падкаціў аўтамабіль. Нават у сваіх вялізных акулярах жанчына дрэнна бачыла, але добра ведала, што гэта прыехала Танечка. Бо дачушка ніколі не спазнялася.

– Вітаю, матуля! – з машыны выйшла такая ж шыкоўная яе ўладальніца. То была сапраўды сталічная дзяўчына: моднае адзенне, дарагі тэлефон, а руку ўпрыгожвае залаты гадзіннік.

– Навошта на такой вялізнай хуткасці ехаць, Танечка? Небяспечна!

– Мама, толькі не пачынай, калі ласка! Не люблю я твае лекцыі.

– Правільна, дачушка, прабач. Вам, маладым, усё паспець трэба. Галоўнае  – ты нарэшце прыехала! – сказала Надзея Іванаўна і хацела абняць Таню, але тая не далася.

Дзяўчына адчыніла багажнік, пачала даставаць нейкія пакеты і разам з тым паспешліва загаварыла:

– У мяне мала часу, таму хадзем у хату, я пакіну лекі, якія табе прывезла. Тым болей паглядзі на неба. Трэба ўцякаць! Вось бяры прыклад з Васількі. Ой, здаецца, ужо капае! Бяжым хутчэй!

«Табе толькі здаецца, Танечка», – падумала Надзея Іванаўна і ўсміхнулася: яна чамусьці ведала, што сёння дажджу не будзе.

У хаце было чыста,  на стол пакладзены новы белы абрус. Відаць, жанчына падрыхтавалася да прыезду сваёй госці. Але Танечка, на жаль, не звярнула на гэта ніякай увагі. Яна ўляцела ў пакой, нядбайна кінула пакеты з лекамі.

– Усё, я пабегла! Трэба паспець з’ехаць, пакуль сапраўдная навальніца не пачалася.

Надзея Іванаўна збянтэжылася:

– Як пабегла, дачушка? А гарбата? Я ж думала мы яшчэ пасядзім, паразмаўляем, а потым разам з табой сходзім…

– Куды сходзім, мама? – нецярпліва спытала Таня.

– Туды, дзе спыняецца час, – з сур’ёзным тварам адказала старая.

– Ах, як я не люблю, калі ты гаворыш загадкамі! Скажы нармальна: куды ты хочаш схадзіць?

Дзяўчына ўзвысіла голас. Але Надзея Іванаўна не пакрыўдзілася, бо, паглядзеўшы ў светла-блакітныя вочы Танечкі, зразумела: насупраць стаіць зусім не яе дарослая дачка. Гэта былі вочы маленькай дзяўчынкі, якая з самага дзяцінства не любіць адгадваць загадкі. Старая непрыкметна ўсміхнулася: «Маё мілае дзіцятка! Табе як заўсёды трэба адразу ведаць адказ».

– Хачу схадзіць разам з табой на Нёман, – вымавіла Надзея Іванаўна ўслых.

– А, туды… Ну, па-першае, навошта? А па-другое, ці ты не бачыш? Зараз дождж палье!

– Ты ў гэтым упэўнена, дачушка?

Таня, нічога не разумеючы, паглядзела ў акенца і не змагла ўтрымаць здзіўлення.  Страшэнная хмара бясследна знікла. Сонейка, якое перамагло ў бітве з дрэнным надвор’ем, цяпер зноў вітала жыхароў вёскі. Яно быццам падміргнула Надзеі Іванаўне, а тая ўсміхнулася ў адказ.

– Заставайся, Танечка, калі ласка! – папрасіла жанчына. – Справы пачакаюць. Ты на Нёмане вельмі даўно не была.

Кот Васілька падышоў да дзяўчыны і ласкава пацёрся аб яе ногі. Сваім мурлыканнем ён таксама запрашаў Таню застацца.

– Ну, добра, добра, – нарэшце сказала яна. – Толькі гарбату я піць не буду. На гэта часу няма. Пайшлі адразу на рэчку.

Да Нёмана было рукой падаць. Але ж дачка настаяла, каб пад’ехаць туды на машыне. Спыніліся недалёка ад берага. Таня адчыніла дзверы аўтамабіля, і яе адразу абдаў цёплы ветрык. Ён пяшчотна раздзімаў валасы, быццам запрашаў ісці далей. Высокая трава краналася Таніных ног.  Усё вітала яе тут. Танечка хацела было зірнуць на гадзіннік, але чамусьці перадумала. Надзея Іванаўна моўчкі пайшла па сцежцы, што вяла да вады. Таня рушыла ўслед за маці, але праз некалькі крокаў спынілася: яе позірку прадстаў велічны Нёман. «Вось мы і зноў сустрэліся», – падумала дзяўчына. Колькі ж год прайшло? Пяць? Дзесяць? Ужо нават не ўспомніць.

 Таня сапраўды ніколі не любіла загадкі, але адна ёй усё ж такі падабалася. Гэтай загадкай быў Нёман. Яго таямніцы прыцягвалі дзяўчыну з маленства. Чаму вада тут здаецца найчысцейшай у свеце? Чаму менавіта побач з ракой растуць спрадвечныя дубы і сосны, і кожны год будуюць на іх свае гнёзды буслы? Нёман нічога не кажа, маўчыць, толькі слухае. А ўсё, што пачуе, пакідае ў сваіх водах і нясе іх далёка-далёка, нясе спакойна, павольна, нібы з гонарам.

Людзей на пляжы амаль што не было. Дзядуля сядзеў у смешнай шапцы разам са сваёй сяброўкай-вудай. Ды некалькі хлопцаў кідалі ў ваду каменьчыкі. Але для Тані ўсё быццам знікла. Яна бачыла толькі чыстае люстэрка Нёмана, у якое глядзелася сонца. Павольная плынь. Шамаценне чароту. Раптам дзяўчыне здалося, што яна пачула ціхае лёгкае дыханне дрэў навокал. Усё жыццё яна кудысьці спяшалася, бегла, каб схапіць шчасце. І вось цяпер, у гэты самы момант, Таня зразумела, што шчасце заўсёды было побач, трэба было толькі спыніцца. Гэта ёй прашапталі дрэвы.

– Памятаеш, як ты любіла гуляць тут у дзяцінстве? – прагучаў дзесьці далёка голас маці.

– Памятаю, – ціха, са слязьмі на вачах адказала Танечка.

Яна нібы бачыла сябе малой дзяўчынкай, якая радасна гуляе  ля вады. Зараз праз гады Таня чула свой дзіцячы смех. Яна нават забылася, як гэта проста  – радавацца імгненням. Куды ж яна ўвесь час спяшалася?

Перад Танінымі вачыма – павольная плынь Нёмана. Збавіць хуткасць. Спыніцца. Нарэшце прыкмеціць тое, што па-сапраўднаму важна.

– Матуля! – усклікнула Таня, штосьці ўспомніўшы. – Божачкі, а навошта табе лекі? Ты захварэла, так?

Надзея Іванаўна зноў з любоўю паглядзела ў гэтыя дзіцячыя вочы:

– Мне не патрэбны былі лекі, дачушка. Я проста шукала прычыну, каб ты прыехала.

Танечка моцна-моцна абняла маці.

Яны яшчэ доўга сядзелі каля берага і размаўлялі пра ўсё на свеце. А Нёман маўчаў, толькі ўважліва слухаў.

Ганна ЯЎСЕЙЧЫК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *