Па сіле пакарыць і васьмітысячны рубеж

Важное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Акцыя «Наш жывёлавод», якая чатыры гады назад была аб’яўлена Беларускім прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу і падтрымана райкамам прафсаюза работнікаў АПК, пачала свой поступ па гаспадарках раёна. Падчас гэтага мерапрыемства ўшаноўваюцца людзі нялёгкай прафесіі, якія добрасумленна шчыруюць на фермах і пастаянна прыкладаюць старанні для таго, каб паставіць перапрацоўшчыкам больш малака і мяса. Дзякуючы іх намаганням на нашых сталах пастаянна прысутнічаюць малочныя і мясныя прадукты.

Дзяніс Колясень (у цэнтры) з удзельнікамі акцыі на МТФ «Горкі»

Напрыканцы снежня мінулага года ганаровае права быць адзначанымі першымі заслужылі руплівыя работнікі фермаў ААТ «Жацерава». Жывёлаводы гэтай гаспадаркі атрымалі летась самую высокую прыбаўку па надоях малака ад каровы, амаль 900 кілаграмаў, і перавысілі 7,5-тысячны рубеж. Згодна з гэтым вынікам працаўнікі занялі трэцяе месца ў раёне.

На ўрачыстасць прыехалі старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч.

– Вы добра папрацавалі і дасягнулі даволі высокага паказчыка, – сказаў Дзяніс Колясень, уручаючы перадавікам вытворчасці МТФ «Горкі» падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і падарункі. – Спадзяёмся, што дасягнуты поспех вы замацуеце і ў 2021 годзе, прыбаўка малака будзе не менш важкай. Для павелічэння вытворчасці малака ёсць усе падставы. Будуецца новы малочнатаварны комплекс з устаноўкай даільнай залы, што таксама надасць пэўны імпульс для паспяховай працы.

Дзяніс Сяргеевіч адзначыў, што адыходзячы год быў нялёгкім ва ўсіх адносінах. Няпроста было працаваць ва ўмовах каранавіруснай інфекцыі, але медыкі спраўляюцца са сваёй задачай. Прайшлі выбары Прэзідэнта краіны. Нягледзячы на спробу пэўнай катэгорыі людзей расхістаць абстаноўку ў рэспубліцы, ажыццявіць гэта не ўдалося. Уладай будуецца канцэпцыя далейшага развіцця краіны. У лютым намечана правесці Усебеларускі народны сход. Старшыня райвыканкама падзякаваў людзям за работу і павіншаваў іх з Новым годам.

– Думаю, што пастаўленую перад намі кіраўніцтвам раёна задачу прымножыць паказчык мы з вамі пастараемся выканаць, –  сказаў, звярнуўшыся да працаўнікоў, дырэктар таварыства Аляксандр Дударэвіч. –  І гэта будзе залежаць менавіта ад вас, ад вашай добрасумленнай працы. Жывёлагадоўчай галіне мы ўдзяляем асаблівую ўвагу. З увядзеннем у строй дзеючых новага комплексу палепшацца ўмовы працы і з’явіцца магчымасць працаваць больш вынікова. Будуць вышэйшымі паказчыкі – павялічыцца і заработная плата. Галоўнае сёння – каб усе былі здаровымі.

Падзячныя пісьмы атрымалі аператары машыннага даення Алена Арцюховіч, якая лідзіруе ў гаспадарцы па надоях малака ад каровы (перавысіла васьмітысячны рубеж), Людміла Якавенка (яна таксама надаіла больш за восем тысяч кілаграмаў), Алена Лендзель, Аксана Меляшкевіч, Алена Шут, Наталля Саўген, жывёлаводы Святлана Ганчарэнка, Надзея Лехнер, Жанна Сачук, Марына Люцер, Канстанцін Матовіч і Сяргей Стома.

Тамара Калошыч падкрэсліла, што ўшанаваны самыя дастойныя прадстаўнікі жывёлагадоўчай галіны сельгаставарыства, прафесіяналы сваёй справы, якія  добрасумленна працуюць  на фермах. Дзякуючы іх намаганням і раён у цэлым паступова павялічвае свой рэйтынг у рэспубліцы.

Лепшыя жывёлаводы МТФ «Жацерава«

Варта дадаць, што ААТ «Жацерава» – у ліку наймацнейшых гаспадарак не толькі ў раёне, але і ў Мінскай вобласці. З пакалення ў пакаленне жывёлаводы працягваюць слаўныя традыцыі сваіх бацькоў і прымнажаюць дасягнутыя імі паказчыкі. Штодзённы надой у сярэднім ад кожнай каровы складае тут гэтымі днямі звыш 20 кілаграмаў малака, плюс два кілаграмы да паказчыка адпаведнага перыяду летась. Гэта трэці вынік сярод сельгаспрадпрыемстваў. Дзве фермы, МТФ «Горкі» і МТФ «Жацерава», па выніках работы за год увайшлі ў топ-15 вытворчых падраздзяленняў раёна. Пакарыць у бліжэйшы час васьмітысячны рубеж жывёлаводам таварыства цалкам па сіле.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *