У многіх асаблівы клопат

Нумары Прамая лінія

image_pdfimage_print

Кожны дзень прыбліжае нас да 1 верасня. У клопатах сем’і, навучальныя ўстановы. Па традыцыі перад новым навучальным годам  праведзена прамая тэлефонная лінія з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Юрыем  Ларычэвым. Усе, у каго былі пытанні да кіраўніка адукацыйнай сферы раёна, атрымалі на іх адказы.

Было некалькі тэлефанаванняў аб выпускных экзаменах. У прыватнасці, цікавіліся, якія наогул будуць здавацца іспыты выпускнікамі ў 2014/15 навучальным годзе?

 Юрый Ларычэў:

– У 2014-15 навучальным годзе адбудуцца некаторыя  змены ў колькасці і пераліку выпускных экзаменаў па завяршэнні навучання і выхавання на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці з  пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 7 ліпеня 2014 года вучні ІХ класаў будуць здаваць тры выпускныя экзамены (усе – у пісьмовай форме) па вучэбных  прадметах: матэматыка, беларуская мова, руская мова. Для вучняў ХІ класаў устаноўлены чатыры абавязковыя выпускныя іспыты – у пісьмовай форме па беларускай ці рускай мове, матэматыцы, у вуснай форме па экзаменацыйных білетах – па замежнай мове і гісторыі Беларусі.

– Які аб’ём матэрыялу будзе ўключаны ў экзамен па гісторыі Беларусі?

–       У экзаменацыйныя білеты будзе ўключаны вучэбны матэрыял, які вывучаўся на працягу Х-ХІ класаў.

Для вучняў актуальным застаецца пытанне школьнай формы. Некалькі тэлефанаванняў утрымлівалі цікавасць, ці застаюцца ў сіле патрабаванні да яе?

–       Так, нашэнне вучнямі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі адзення дзелавога стылю застаецца нормай, якая вызначаецца статусам і правіламі ўнутранага працоўнага распарадку ўстаноў сярэдняй адукацыі. Дзелавы стыль адзення – гэта строга вытрыманы стыль для наведвання вучнямі  заняткаў. Камплект адзення дзелавога стылю павінен быць шматфункцыянальным, гігіенічным, зручным і адпавядаць сучасным накірункам моды. Для хлопчыкаў у камплект уваходзяць пінжак, штаны, рубашкі з кароткімі і доўгімі рукавамі, гальштук. Для дзяўчынак  – пінжак, камізэлька, спадніца, штаны, блузкі з кароткімі і доўгімі рукавамі, сарафан. У зімовы час у камплекты могуць уваходзіць трыкатажныя світар ці камізэлька. Адзенне дзелавога стылю вырабляюць больш за 30 прадпрыемстваў канцэрна «Беллегпрам». Прадпрыемствы да кожнага школьнага сезона распрацоўваюць новыя мадэлі. Важна і тое, што ўзоры касцюмаў для хлопчыкаў і дзяўчынак адпавядаюць Адзіным санітарна-гігіенічным патрабаванням Мытнага саюза і Міністэрства аховы здароўя. Вучні і іх законныя прадстаўнікі сумесна з адміністрацыяй школы і педагогамі маюць права выбару мадэлі, колеру. Абутак таксама павінен адпавядаць дзелавому стылю. Узоры мадэляў дзелавога стылю школьнага адзення абнаўляюцца, з імі можна азнаёміцца на сайтах канцэрна «Белегпрам» (www.bellegprom) і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (edu.gov.by).

– Ці можа вучань установы агульнай сярэдняй адукацыі датэрмінова быць пераведзены ў наступны клас?

–       У адпаведнасці з пунктам 32 Правіл атэстацыі вучняў пры засваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ад 20.06.2011 вучань, які самастойна засвоіў матэрыял, прадугледжаны вучэбнымі праграмамі па вучэбных прадметах наступнага класа, ці вучань, які навучаўся па індывідуальным вучэбным плане, можа быць датэрмінова пераведзены ў наступны клас. Пытанне аб датэрміновым пераводзе вырашаецца ўстановай адукацыі на працягу першага месяца навучальнага года. Для вырашэння пытання аб пераводзе вучня ў наступны клас датэрмінова адзін з яго законных прадстаўнікоў падае да 10 верасня бягучага навучальнага года заяву на імя кіраўніка ўстановы адукацыі. Перавод вучня ажыццяўляецца пасля правядзення датэрмінова выніковай атэстацыі за год. Рашэнне педагагічнага савета зацвярджаецца загадам кіраўніка ўстановы адукацыі і даводзіцца да ведама вучняў і іх законных прадстаўнікоў да 1 кастрычніка.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *