Уборка збожжавых у раёне збірае на хлебных палетках не толькі працаўнікоў сельскагаспадарчых калектываў. На дапамогу аграрыям прыходзяць у гэты час школьнікі і працаўнікі іншых сфер раёна, якія знаходзяцца ў чарговых водпусках.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама «камандзіраваў» на гэтую гарачую сельскагаспадарчую кампанію васьмярых сваіх працаўнікоў.
За штурвал камбайна селі: у ААТ «Аталезь-агра» вадзіцель аддзела Аляксандр Шкут, які на працягу многіх гадоў удзельнічае ва ўборцы збожжавых, у гэтай жа гаспадарцы – вадзіцель Аталезскай СШ Аляксандр Богач. Настаўнік СШ № 3 Валянцін Гайдукевіч працаваў памочнікам камбайнера ў ААТ «Агранёманскі». Збожжа ад камбайнаў у ААТ “Рубяжэвічы”адвозіў вадзіцель Рубяжэвіцкай СШ Мікалай Сінякевіч. У ААТ “Радзіма Дзяржынскага” на падвозцы ГЗМ працаваў вадзіцель Цясноўскай сярэдняй школы Анатоль Раткевіч. Падвозкай людзей у ААТ “Рочавічы” займаўся вадзіцель Рочавіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа Станіслаў Качановіч. Настаўнік Рубяжэвіцкай сярэдняй школы Міхаіл Мулеў працаваў аператарам сушылкі.
Іх рабочыя рукі з удзячнасцю былі прыняты ў сельгаставарыствах у гарачую пару ўборкі. Настаўнікі і вадзіцелі настроены ўжо на верасень, які пакліча іх выконваць свае важныя службовыя абавязкі па навучанні і выхаванні дзяцей і падвозу іх на заняткі.