Перамагаць і займаць лідзіруючыя пазіцыі

Главное Культура

image_pdfimage_print

Мінская абласная арганізацыя ветэранаў правяла конкурс «Іх подзвіг жывы ва ўспамінах», які быў прысвечаны 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У намінацыі «Малюнак» прынялі ўдзел навучэнкі Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Ілона Кузёмка (работа «Унукі памятаюць…») і Мілана Шчэцька (работа «Доўгачаканая сустрэча»).

Вялікую дапамогу дзяўчатам у падрыхтоўцы аказала настаўніца Ірэна Зянько. Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Наталля Лапко ад імя Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў уручыла дыплом за актыўны ўдзел у конкурсе Ілоне Кузёмка і грамату пераможцы Мілане Шчэцька, а таксама падарункі. Наталля Аляксандраўна выказала словы ўдзячнасці педагогу Ірэне Зянько за матэрыял, які быў падрыхтаваны для конкурсу.

Ілона Кузёмка наведвае мастацкую школу з пачатковых класаў. Цяпер дзяўчына вучыцца ў восьмым класе. На жаль, наступны год будзе апошнім у мастацкай школе. Ілона марыць і ў далейшым звязаць вучобу з мастацтвам. Мілана Шчэцька ўжо шосты год займаецца ў школе мастацтваў. У гэтым годзе плануе паступаць у мастацкі каледж.

Малюнак Ілоны Кузёмка «Унукі памятаюць…»

Як адзначылі дзяўчаты, аб’яўленая тэма была вельмі цікавай і хвалюючай. Для іх гэта блізкі і дарагі перыяд, які штогод абмяркоўваецца разам з настаўнікам. Падчас падрыхтоўкі да конкурсу Ілона і Мілана шукалі інфармацыю ў інтэрнэце і бібліятэцы. Дзяўчаты ўпэўнены: раз журы выбрала іх работы, значыць, яны добра справіліся з задачай.

Мілана Шчэцька падрыхтавала малюнак «Доўгачаканая сустрэча»

Настаўніца аддзялення выяўленчага мастацтва дзіцячай школы мастацтваў Ірэна Зянько гаворыць: «Дзеці, якія вучацца ў агульнаадукацыйнай і мастацкай школах, – вялікія працаўнікі. Мілана Шчэцька і Ілона Кузёмка – гэта прыклад таго, як трэба вучыцца, прымаць удзел, перамагаць у конкурсах і займаць лідзіруючыя пазіцыі. Калі дзеці не будуць паказваць свае творчыя магчымасці, пра іх ніхто не даведаецца. На ўсё патрэбны час, сілы і здароўе. Мы спадзяёмся, што вучоба ў мастацкай школе прывядзе да лагічнага завяршэння – паступлення ў сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую мастацкую ўстанову».

Нашы таленавітыя дзеці – сапраўдны гонар Стаўбцоўшчыны.

Марына КУТАС

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *