Доктар Святлана Пархоменка: «Можам адзін аднаму дапамагчы»

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

Доктар Святлана Пархоменка добра знаёма стаўбцоўскім сем’ям. Яна карыстаецца павагай не толькі ў сваіх маленькіх пацыентаў, але і ў дарослага насельніцтва.

Яна загадчыца дзіцячага аддзялення УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ». А ў цяперашніх эпідэміялагічных умовах Святлана Віктараўна, як і іншыя спецыялісты бальніцы, больш запатрабавана ў інфекцыйным шпіталі.

– Мы працуем у шпіталі, і дзіцячае аддзяленне таксама пераабсталявана пад шпіталь, – гаворыць Святлана Пархоменка. – Медыцынская дапамога хворым дзецям (акрамя дыягназу COVID-19) аказваецца ўрачамі-педыятрамі ў тэрапеўтычным аддзяленні, дзе для іх выдзелены асобныя ложкі.

– А дзе лечаць дзяцей з дыягназам COVID-19?

– Дыягназ устанаўліваецца ўрачом у паліклініцы ў выніку назірання за пацыентам і розных метадаў абследавання. Цячэнне хваробы ў дзяцей, як вядома, можа быць ад бессімптомнага да ярка выражанага. Пры неабходнасці пацыентаў шпіталізуем у дзіцячую абласную бальніцу.

– Раскажыце, як вам працуецца ў ролі інфекцыяніста, прычым з дарослым насельніцтвам.

– Няпроста, таму што і паталогія зусім іншая, і пацыенты сапраўды адрозніваюцца. У мяне яшчэ ёсць педыятрычныя дзяжурствы, якія прыходзіцца сумяшчаць з работай у інфекцыйным шпіталі. Але мы трымаемся. У гэтай складанай сітуацыі дапамагаюць калегі. Моцную падтрымку адчуваем ад нашага «начмеда» – намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Людмілы Някрылавай.

– Святлана Віктараўна, нядаўна вы вярнуліся з курсаў. Гэта неяк звязана з тэмай «кавіду»?

– Не. Гэта планавая вучоба, курсы павышэння кваліфікацыі, якія працягваліся чатыры месяцы. На падобныя курсы перыядычна накіроўваюць усіх медыкаў. Адносна «кавіду» магу сказаць: усё, што звязана з новай інфекцыяй, вывучаецца і пазнаецца на практыцы. У плане аказання медыцынскай дапамогі мы працуем паводле пратаколаў, якія зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Некаторыя рэчы пераглядаюцца, таму абнаўляюцца і пратаколы.

– Як і многія медыкі, вы цяпер фактычна знаходзіцеся ў такіх умовах, калі прыходзіцца ў бальніцы жыць. Вы кантактуеце з пацыентамі, бачыце іх стан і цячэнне хваробы. Выкарыстоўваючы свае назіранні, якія парады можаце даць іншым, каб не заразіцца інфекцыяй?

– Многія пацыенты – ва ўзросце, паступаюць з сельскіх населеных пунктаў, і гэта наводзіць на думку пра тое, чаму яны захварэлі, знаходзячыся дома, на пенсіі. Хутчэй за ўсё, ім «дапамаглі» сваякі. А ў нас далёка не ўсе, на вялікі жаль, выконваюць масачны рэжым, вытрымліваюць сацыяльную дыстанцыю, апрацоўваюць рукі антысептычнымі сродкамі. Цяперашні час вучыць таму, што гэтыя меры павінны стаць нормай жыцця.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара     



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *