Дадатковыя гектары для «Агранёманскага»

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

Стаўбцоўскае ПМС увяло ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі адзін з пускавых комплексаў меліярацыйнай сістэмы «Нёман». Яго плошча – 154 гектары.

Гэтыя дадатковыя гектары ўжо папаўняюць кармавую базу ААТ «Агранёманскі». Аднак і яны далёка не мяжа. У названай гаспадарцы знаходзяцца сёлета асноўныя вытворчыя аб’екты меліяратараў раёна. Меліярацыйная сістэма «Нёман» складаецца з двух участкаў, плошчай 251 гектар і 235,2 гектара адпаведна. Работы на іх вядуцца згодна з графікам. І, акрамя таго, меліяратары прыступілі да рэканструкцыі яшчэ адной меліярацыйнай сістэмы – «Гавязнянка» (плошчай 119,5 гектара), якая размешчана на землях ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Здача гэтага аб’екта запланавана на лістапад бягучага года.

Як адзначыў галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Жук, работы вядуцца за кошт дзяржаўнага фінансавання і менавіта ад рытмічнасці выдзеленых сродкаў залежаць тэмпы рэканструкцыі аб’ектаў. Так, на рэканструкцыю ўчастка № 2 і «Гавязнянкі» выдаткоўваюцца сродкі з абласнога бюджэту, участка № 1– з рэспубліканскага. Калі не будзе дэфіцыту фінансаў, то ў меліяратараў гатова дакументацыя і адносна яшчэ аднаго значнага аб’екта – меліярацыйнай сістэмы «Воўка» (ААТ «Каганец») плошчай 130,7 гектара. Зразумела, што, акрамя капітальных работ, праводзіцца абслугоўванне, добраўпарадкаванне аб’ектаў, якія знаходзяцца на балансе прадпрыемства.

З вясны і да позняй восені ў меліяратараў гарачы сезон, таму тэхніка працуе цяпер на палетках фактычна ўвесь светлавы дзень. Машынна-трактарны парк прадпрыемства салідны, аднак, як заўважае Сяргей Жук, застаецца адчувальным недахоп вопытных механізатараў.          

Калі падвесці вынікі, то з пачатку бягучага года меліяратарамі ПМС уведзена ў эксплуатацыю 412,3 гектара зямель, на якіх праведзены аграмерапрыемствы, і 154 гектары пасля рэканструкцыі. Гэтыя аб’ёмы будуць  павялічвацца, бо, як адзначыў Прэзідэнт краіны падчас нядаўняга наведвання Гродзенскай вобласці, меліярацыі  надаецца значна большая ўвага, з яе дапамогай вырашаюцца такія важныя сацыяльна-эканамічныя пытанні як харчовая бяспека краіны, рост экспартных паставак і т. п.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *