АБДЫМКІ НОВАБУДОЎЛЯЎ
Усё больш бяруць горад у свае абдымкі новабудоўлі. Зноў уздоўж вуліцы Міру майстры ПМК-233 закладваюць падмуркі новага 60-кватэрнага кааператыўнага дома. На яго ўзвядзенні працуе вопытная брыгада Аляксандра Фенькі.
Фота Васіля ЗЯНЬКО
ВЫТВОРЧАСЦЬ: У ЗАПАСЕ – ЯКАСНЫ ТОРФ
Не прыпамінаюць на торфабрыкетным заводзе «Нёман», каб калі-небудзь раней сезон здабычы торфу закончыўся ў ліпені. Сёлета ж да гэтага часу здабыта 55 тысяч тон фрэзернага торфу высокай якасці – выканана гадавое заданне. Канешне ж, гэтаму спрыяла і надвор’е, але нельга спісваць і выдатную падрыхтоўку тэхнікі, належную арганізацыю работы і стараннасць тых працаўнікоў, хто быў заняты на гэтых адказных работах.
Калі ж закрануць наогул вытворчую дзейнасць прадпрыемства, то торфабрыкетнаму заводу і сёлета не ўдаецца пазбавіцца праблемы з рэалізацыяй гатовай прадукцыі – паліўных брыкетаў. Усе шэсць раёнаў не выконваюць дагаворныя абавязацельствы. І ў выніку ў дзень рэалізуецца 100 тон торфабрыкетаў, хоць завод можа адправіць спажыўцам 150 тон.
НАРЫХТОЎКІ З ВЯРШКОМ
Хатаўскі спіртзавод завяршыў камплектаванне сыравіннай базы для новага вытворчага года.
У гаспадарках Стаўбцоўскага, Капыльскага, Клецкага, Дзяржынскага раёнаў закуплена 14 тысяч 340 тон збожжа пры планавым заданні 12 тысяч 300 тон. Да таго ж, каля 10 тысяч тон складае запас сыравіны з мінулага нарыхтоўчага сезона.
Такім чынам, спіртзавод, які з’яўляецца вытворчым цэхам вялікага рэспубліканскага прадпрыемства ААТ «Мінск Крышталь», выдатна справіўся з вытворчай праграмай нарыхтовак і забяспечвае работу ў поўным рабочым рэжыме.
ДАПАМОГА: АДПАЧЫНАК У «АИСТЕ»
Раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумеў наладзіць кантакт з грамадскай дабрачыннай арганізацыяй «Беларускі дзіцячы хоспіс». У вёсцы Заброддзе нашага раёна размешчана аздараўленчая база хоспіса, дзе кожнае лета ў некалькі змен аздараўліваюцца хворыя дзеці і іх сем’і.
У лагеры «Аист» летам мелі магчымасць адпачыць і паправіць сваё здароўе трое дзяцей-інвалідаў і шэсць маладых інвалідаў, якія наведваюць аддзяленне дзённага прабывання тэрытарыяльнага цэнтра. 10 гадоў гэтае аддзяленне ўзначальвае Наталля Макава, якая прыкладвае сілы сваёй душы і арганізатарскія здольнасці, каб найбольш дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў маглі скарыстаць паслугі цэнтра і адчуць сябе абагрэтымі любоўю і клопатам.
У СЕЛЬГАСТАВАРЫСТВАХ: АБМАЛАЦІЛІ ЎЧАСТКІ
Хлебаробы ААТ «Агранёманскі» першымі ў раёне паспяхова справіліся з уборкай збожжавых і на наступны дзень экіпажы камбайнераў выехалі ў вёскі сельсавета, каб абмалаціць хлеб на прысядзібных участках сяльчан. За гэтай паслугай да кіраўніцтва гаспадаркі звярнуліся 64 жыхары з дзесяці вёсак сельсавета. Літаральна за два дні камбайнеры выканалі гэтую работу. Ураджайнасць людзі атрымалі практычна такую ж, як і сельгаставарыства – з кожнага гектара ў сярэднім намалочана 48 цэнтнераў збожжа. Жыхарка вёскі Ператокі Ніна Качановіч патэлефанавала ў рэдакцыю і ад сябе асабіста, а таксама ад жыхароў вуліцы Партызанскай выказала вялікую ўдзячнасць дырэктару Іосіфу Меляшкевічу і спецыялістам за клопат аб людзях, а камбайнерам Аляксею Чаркашыну і Дзмітрыю Евушку – за якасную ўборку і ветлівае абслугоўванне.
ЗМЕНЕ РАДЫ
Райспажыўтаварыства вызначыла месцы работы шасці маладых спецыялістаў, якія прыбылі ў раён па размеркаванні. Самай дэфіцытнай па-ранейшаму застаецца прафесія прадаўца. У ліку выпускнікоў навучальных устаноў два прадаўцы – Кацярына Коршук і Надзея Кожыч – праходзяць цяпер стажыроўку. Хрысціна Бабіч і Вікторыя Жыгунова атрымалі спецыяльнасць бухалтара. Анастасія Сатскова – эканаміст па маркетынгу. Мікалай Богдан вывучыўся на тэхніка-механіка машын і апаратаў харчовых прадуктаў. Маладым кадрам знойдзецца месца ў калектыве кааператараў. Вопытныя спецыялісты падзеляцца з учарашнімі студэнтамі сваімі ведамі, дапамогуць ім вырасці ў сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы.
ФУТБОЛ: НЕ НАШ ДЗЕНЬ?
«Не наш выпаў дзень, – разводзіць рукамі нападаючы каманды «Нёман-Агра» Дзмітрый Даўбейка. – Мелі шмат момантаў, каб правесці яшчэ некалькі мячоў у вароты сапернікаў. Але не шанцавала, а госці, футбалісты з Любані, скарысталі ўсе свае шанцы».
Сам Дзмітрый адзначыўся чарговым голам, а вось абарона і варатар падвялі. Такім чынам стаўбчане пацярпелі крыўднае паражэнне ад ФК «Любань» – 1:3. Наступная сустрэча на першынство вобласці адбудзецца з камандай «Зорка-РФАЦ-Вікторыя» (Пухавіцкі раён). Пухаўчане, як і наш калектыў, прэтэндуюць на выхад у чацвёрку мацнейшых у падгрупе, што дазволіць працягваць далей барацьбу за прызавыя месцы. Значыць, варта сабрацца, каб усё ж спадарожнічаў поспех.
Крыўдна будзе, калі «Нёман-Агра» страціць свае пазіцыі ў першынстве Міншчыны. Ёсць здольныя спартсмены. А на стаўбцоўскім стадыёне «Юнацтва» ў гэтыя дні праводзяць трэніроўкі дзіцячыя каманды знакамітых клубаў – барысаўскага БАТЭ і «Хімкі» з Падмаскоўя. Значыць, і спартыўная база вядомая далёка за межамі Стаўбцоўшчыны. Трэба трымаць марку!