Перад вераснем

Адукацыя Нумары

УВАЙШЛІ Ў ТОП-100

Сярэдняя школа № 3 г. Стоўбцы ўвайшла ў ТОП-100 лепшых устаноў адукацыі рэспублікі па рэйтынгу балаў у выпускнікоў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Такая інфармацыя прадастаўлена Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў.

Яшчэ адна прыемная навіна для нашага раёна: і аддзел адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама ўвайшоў у ТОП -100 раёнаў рэспублікі па рэйтынгу балаў выпускнікоў на цэнтралізаваным тэсціраванні.

І  гэта – найлепшая ацэнка работы працаўнікам адукацыйнай сферы раёна.

 

НА АЗДАРАЎЛЕННЕ ДЗЯЦЕЙ

У перыяд летніх канікулаў у дзіцячых аздараўленчых лагерах пабывалі 53 школьнікі, дзеці членаў прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Абласным камітэтам прафсаюза работнікаў АПК на рахунак райкама прафсаюза пералічана чатырнаццаць мільёнаў рублёў для кампенсацыі за набытыя пуцёўкі. Грошы размеркаваны паміж васямнаццаццю прафсаюзнымі пярвічкамі. Варта адзначыць, што такую дапамогу абласны прафсаюз аказвае пярвічным прафсаюзным арганізацыям раёна штогод.

 

ПЕРАД ШКОЛАЙ: НОВЕНЬКІЯ МЯЧЫ – КЛАС!

Прапаганда здаровага ладу жыцця ў выхаваўчым працэсе навучальных устаноў уключае шмат мерапрыемстваў і комплексных праграм. Сваю справу ў гэтым робяць і ўрокі фізкультуры, дзейнасць спартыўных секцый.

Каб развіваць фізкультурна-аздараўленчы накірунак, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама перад новым навучальным годам паклапаціўся умацаваць матэрыяльную базу школ.

На суму 190 мільёнаў рублёў набыты лыжы, мацаванне для лыжаў, чаравікі, канькі, мячы валейбольныя, баскетбольныя, футбольныя і іншы спартыўны інвентар.

 

ШКОЛЬНЫ ТРАНСПАРТ

Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама належна адладзіў пытанне падвозу дзяцей у школы і дзіцячыя сады. 16 школьных аўтобусаў будуць прывозіць і забіраць са школы 760 школьнікаў і 50 дашкольнікаў.

Бацькі ўдзячныя за  клопат, які ўзялі на сябе арганізатары навучання.

Узнікла патрэба набыцця двух школьных аўтобусаў для Налібацкай і Цясноўскай імя Ф. Э. Дзяржынскага сярэдніх школ. Кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму працуе над тым, каб ажыццявіць гэтую пакупку ў новым навучальным годзе.

 

РЭАЛІІ: НА ПАЛЬЦАХ ПЕРАЛІЧЫШ

У гэтым навучальным годзе ў сельскіх школах не будзе класаў  з адным вучнем.

Аднак у  13 установах агульнай сярэдняй адукацыі налічваецца 36 класаў, у якіх будзе навучацца да шасці вучняў.

Праблема малакамлектнасці асобных сельскіх школ дыктуе рэарганізацыйныя рашэнні з мэтай эканоміі і рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў.

У новым навучальным годзе на адну зменшылася колькасць устаноў адукацыі. Іх цяпер у раёне 50. Мікалаеўшчынская сярэдняя школа і мясцовы дзіцячы сад аб’яднаны.

 

ПАДРЫХТОЎКА: ВАЖКАЯ ПРАГРАМА РАМОНТАЎ

Гэты год для аддзела адукацыі, спорту і турызму адметны тым, што ўкладзены вялікія сродкі ў падрыхтоўку навучальных устаноў да новага навучальнага года.

На выкананне рамонтных работ гаспадарчым спосабам і паводле  грамадзянска-прававых дагавораў накіравана 3,7 мільярда рублёў.

Унутраныя санвузлы цяпер ёсць у Засульскай, Рубяжэвіцкай, Заямнаўскай сярэдніх школах, у Мікалаеўшчынскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад – сярэдняя школа. Выканаць такую важную работу запланавана ў новым навучальным годзе ў Коласаўскай сярэдняй школе і вучэбна-педагагічным комплексе «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа».

У ліку важных рамонтных работ можна адзначыць рамонт даху ў Навасвержанскім яслі-садзе і частковую замену вокнаў і дзвярэй у Савонскім дзіцячым садзе. Рамонту даху чакае Цясноўская сярэдняя школа імя Ф. Э. Дзяржынскага.

У 21 установе адукацыі праведзены ці яшчэ праводзяцца рознай складанасці рамонтныя работы. У 12 навучальных установах заменены агароджы тэрыторый, у некаторых укладваецца тратуарная плітка.

Праграма рамонтных работ распісана на ўвесь сезон і будзе працягвацца.

 

НАБЫТКІ: ДЛЯ ШКОЛЬНАЙ КУХНІ

У навучальным працэсе ніяк не спішаш важнасць школьнай сталовай. Таму да новага навучальнага года ў школах і дзіцячых садах з фінансавай падтрымкай аддзела адукацыі, спорту і турызму паклапаціліся і пра падрыхтоўку  сталовых да 1 верасня.

Для харчблокаў устаноў адукацыі набыты чатыры электрычныя мясарубкі, тры халадзільнікі, адна халадзільная камера, жарачная шафа, тры электрапліты, параканвектар, шэсць агароднінарэзак. Набыты дзве камп’ютарныя праграмы па ўліку прадуктаў харчавання.

Акрамя гэтага выконваецца планавая праграма рамонту харчблокаў.

 

БЯСПЕКА ДЗЯЦЕЙ: У ЦЭНТРЫ ЎВАГІ

Заканчваюцца школьныя канікулы, і менавіта гэтымі жнівеньскімі днямі ў дарослых і дзяцей пачынаецца актыўная падрыхтоўка да новага навучальнага года. І галоўнае, каб сярод гэтай падрыхтоўчай мітусні ніхто не забываўся аб бяспецы дзяцей. З мэтай фарміравання культуры бяспекі жыццядзейнасці і правядзення адукацыйна-выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем, у рэспубліцы з 20 жніўня па 30 верасня праводзіцца  прафілактычная акцыя «У цэнтры ўвагі – дзеці!». У  агульнаадукацыйных і дашкольных установах раёна работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, сумесна з усімі зацікаўленымі арганізацыямі, праводзяць  «Урокі бяспекі», віктарыны, прафілактычныя гутаркі з дэманстрацыяй відэафільмаў. Яны адпрацуюць і план эвакуацыі падчас экстрэмальнай сітуацыі.

У рамках акцыі будуць таксама праведзены прафілактычныя мерапрыемствы ў месцах гандлю школьнымі таварамі. Першага верасня работнікі РАНС наведаюць школьныя лінейкі, прыйдуць у класы, каб яшчэ раз расказаць вучням і іх бацькам аб асноўных правілах бяспечных паводзін.

 

 З СІСТЭМАМІ ВІДЭАНАЗІРАННЯ

У сучасны момант у школах раёна ажыццяўляецца прапускны рэжым. Ва ўсіх дзіцячых садах выведзены званкі на цэнтральныя ўваходныя дзверы. Дзевяць устаноў адукацыі аснашчаны сістэмай відэаназірання.

Ва ўсіх навучальных  установах ёсць абмежавальныя турнікеты пры выхадзе на праезджую частку.

Галоўная задача, якая вырашаецца з дамапогай такой сістэмы– павышэнне бяспекі дзяцей. Такі прапускны рэжым знізіць бацькоўскае хваляванне, ды і дзеці будуць больш дысцыплінаванымі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *