Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 16 шлюбаў, зроблены шэсць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі восем маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Дарына Мацак, Марыя Міцкевіч, Ксенія Ключнік, Мірон Борыс, Яна Герасіменка, Ягор Дзінекін, Валерыя Калініна і Ксенія Рубін.

Зямны шлях закончыўся для 11-ці чалавек.

У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў Ругайцы. Паведамленне аб загаранні жылога дома, у якім на той момант пражываў 29-гадовы сын гаспадыні, паступіла ноччу 20-га жніўня. Малады чалавек працуе начным вартаўніком, таму якраз знаходзіўся на працы. Падчас пажару адбыўся выбух газавага балона. У выніку, за кароткі перыяд ад бацькоўскай хаты і нажытай маёмасці практычна нічога не засталося. Прычына здарэння ўстанаўліваецца.

   Міліцыяй зарэгістраваны 64 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку якіх узбуджаны тры крымінальныя справы, ва ўсіх іх устаноўлены падазраваемыя. З  дома, які будуецца  ў вёсцы Савоні, зніклі дзве мотапілы, радыятар сістэмы ацяплення і набор тармазных калодак да аўтамабіля «Сканія», чым нанесена вяскоўцу маёмасная шкода. Паблізу вёскі Трылес двое грамадзян займаліся незаконным паляваннем, прымяняючы для гэтага аўтамабіль. У адносінах да парушальнікаў Адміністрацыйнага кодэкса складзены 32 пратаколы, у прыватнасці,  сем – за дробнае хуліганства, 32 – за распіванне спіртнога або з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, два – за дробны крадзеж і т. п.

 Суд асудзіў да абмежавання волі на два гады 34-гадовую стаўбчанку: жанчына, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, учыніла паўторны на працягу года крадзеж грошай. З дапамогай чужой банкаўскай карткі яна прысвоіла на гэты раз больш за 4 000 000 рублёў. На сем сутак арыштаваны 32-гадовы жыхар Старога Свержаня, які знаходзіўся на тэрыторыі лесапільнага цэха ў нецвярозым стане. 29-гадовы жыхар Гродзенскай вобласці таксама папаўся па п’янай справе, аднак, акрамя таго, аказаў работнікам міліцыі непадпарадкаванне, падчас разбіральніцтва выказваў у іх бок абразы. За ўсё гэта яго агульны штрафны рахунак узняўся да 3 600 000 рублёў. 18-гадовы малады чалавек з Клецка прагульваўся нецвярозым па вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах і правакаваў прахожых на бойку, за што пакараны штрафам у памеры 900 000 рублёў. Са сталовай дзіцячага аздараўленчага лагера «Нёман» 56-гадовай работніцай былі вынесены розныя прадукты на суму 90 000 рублёў, за што прыйдзецца заплаціць штраф у памеры 1 500 000 рублёў.

ДАІ выявіла 181 парушэнне правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў –шэсць нецвярозых і 15 бяспраўных вадзіцеляў, 14 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Зафіксавана сем дарожна-транспартных здарэнняў. На шчасце, абышлося без пацярпелых. У сувязі з надыходам новага навучальнага года на дарогах раёна да 5 верасня ўключна праводзяцца  прафілактычныя мерапрыемствы – «Увага – дзеці!». Супрацоўнікі ДАІ рэкамендуюць вадзіцелям быць асабліва ўважлівымі падчас руху каля школ і дзіцячых садоў, на пешаходных пераходах і дваровых тэрыторыях, а таксама ездзіць з уключаным бліжнім святлом фар. Учора ў раёне прайшоў адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам: «Бяспечная дарога ў школу – задача дарослых!».

      «Хуткая» выязджала да хворых 184 разы, у прыватнасці, 12 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *