Дом-інтэрнат. Да другой хвалі віруса падрыхтаваліся

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

ДУ «Мікалаеўшчынскі домінтэрнат для састарэлых і інвалідаў» традыцыйна ў ліку лідараў. Па выніках работы за 2020 год яго калектыў прызнаны пераможцам у Мінскай вобласці і прызёрам (трэцяе месца) – у Беларусі. Асаблівая гордасць – званне пераможцы ў рэспубліканскім конкурсе «Святло міласэрнасці».

Аднак не менш значныя паўсядзённыя перамогі калектыву дома-інтэрната – у барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй.

Эпідэміялагічная бяспека 230 падапечных і каля сотні супрацоўнікаў – бадай, самы актуальны напрамак у дзейнасці сацыяльнай установы.

– Да другой хвалі інфекцыі мы падышлі больш падрыхтаванымі. У адрозненне ад першай, калі адчуваўся дэфіцыт інфармацыі, мы ўжо ведалі, як працаваць са сродкамі індывідуальнай аховы, што неабходна перааснасціць, якія новыя методыкі або прыёмы выкарыстоўваць у лячэнні, аздараўленні і прафілактыцы, – зазначае дырэктар дома-інтэрната Валянціна Атрушкевіч.

Дом-інтэрнат знаходзіцца пад патранажам Стаўбцоўскай ЦРБ і дзякуючы бальніцы вясной былі абследаваны з дапамогай тэстаў 112 жыхароў сацыяльнай установы, а таксама ўсе яе работнікі перад заступленнем на вахту. Бальніца прымае жыхароў дома-інтэрната пры неабходнасці іх ізаляцыі. Супрацоўніцтва дзвюх устаноў, дарэчы, носіць пастаянны характар.

У гэты няпросты час дом-інтэрнат не застаецца без фінансавай падтрымкі з боку аблвыканкама і спонсараў.

– Забяспечанасць сродкамі індывідуальнай аховы (а гэта шматразовыя супрацьчумныя касцюмы, бахілы, маскі, пальчаткі, санітайзеры) у нас у тры разы большая, чым прадугледжана нормамі. Набыты 46 пульсаксіметраў для вымярэння кіслароду ў крыві, азанатары для ачысткі паветра ў фае і калідорах, якія здольны знішчаць вірус нават пад плінтусам, – расказвае старшая медыцынская сястра Ніна Асіпенка.

Умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сведчыць пра дзяржаўны клопат аб здароўі і жыцці людзей, якія пражываюць у доме-інтэрнаце. Пад поўную патрэбнасць яны забяспечаны лекавымі сродкамі. Акрамя медыкаментознага лячэння ім прапануюцца фізіятэрапія, ЛФК, масаж, пры неабходнасці – дыетычнае харчаванне. У доме-інтэрнаце працуюць два ўрачы і 17 медыцынскіх сясцёр.

Падапечныя аздараўліваюцца ў ваенным шпіталі і санаторыях. У доме-інтэрнаце працуе  трэнажорная зала. Карыстаюцца попытам заняткі скандынаўскай хадзьбой, лячэбнай фізкультурай. Запрашаюць школа дыябету, курсы па актыўным даўгалецці і аздараўленчым методыкам, профільныя гурткі, лячэбна-працоўныя майстэрні, дзе ўласнымі рукамі можна ствараць шэдэўры.

У групе рызыкі – людзі ва ўзросце 80+, з букетам хранічных захворванняў, таму для іх створана аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі. У аддзяленні 24 пацыенты ўмацавалі сваё здароўе.

У доме-інтэрнаце, як і паўсюдна, прытрымліваюцца мер перасцярогі: сацыяльнае дыстанцыраванне, нашэнне маскі, асабістая гігіена. І рассадка пастаяльцаў за сталом – у шахматным парадку.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *