На днях у магазіне «Дзіцячы свет» у Стоўбцах у рамках дабрачыннай акцыі «Дары дабро – стань Дзедам Марозам» дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, дзецям з прыёмных сем’яў і дзіцячага сацыяльнага прытулка былі ўручаны падарункі.
Пакупнікі падчас правядзення акцыі маглі ажыццявіць жаданні хлопчыкаў і дзяўчынак. Для гэтага трэба было выбраць любы малюнак ці выраб дзіцяці, які спадабаўся, і набыць падарунак для яго аўтара.
Прынялі ўдзел у акцыі 11 дзяцей. Усе яны вучацца ў сярэдняй школе № 2 г. Стоўбцы. Колькі радасці было ў іх вачах, калі атрымалі падарункі за свае работы! Заямнаўская школа перадала дзіцячаму прытулку скрыню сюрпрызаў.
Прадавец магазіна Таіса Пляскач яшчэ раз дзякуе ўсім тым, хто не застаўся ўбаку і дапамог здзейсніцца дзіцячым марам.
Марына КУТАС
Фота Наталлі КЛЫГАЧ